Галоўная » Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся адвязаць “дарожны збор” ад тэхагляду

Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся адвязаць “дарожны збор” ад тэхагляду

Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду забяспечыць “удасканаленне парадку збірання дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху без прывязкі да праходжання тэхагляду”. Пра гэта гаворыцца ў “распараджэнні”, падпісаным кіраўніком дзяржавы 1 ліпеня.

Лукашэнка абраў даволі дзіўную фармулёўку, бо ўдасканальваць пакуль што няма чаго. Закон, які адвязвае “дарожны збор” ад тэхагляду, не прыняты. Урад працуе над змяненнем парадку выплаты дарожнага збору (яго яшчэ называюць транспартным падаткам) з канца 2017 года, ды ўсё ніяк не атрымліваецца.

Тады Мінфін збіраўся або адвязаць выплату дарожнага збору ад тэхагляду, або нават уключыць збор у цану аўтамабільнага паліва. Таксама дарожны збор збіраліся дазволіць аплачваць паэтапна і не за цэлы год. Але воз і цяпер там — у канцы 2019 года “адвязванне” дарожнага збору ад тэхагляду перанеслі на 2020 год. Цяпер чыноўнікі рэгулярна расказваюць, што будзе ў так пакуль што і не прынятым дакуменце.

Крыніца: “Еўрарадыё”