Суд у Магілёве абвясціў экстрэмісцкім TikTok Аляксандра Івуліна

Суд Ленінскага раёна Магілёва назваў экстрэмісцкім TikTok-акаўнт «ЧестнОК-LIVE» спартыўнага журналіста, экс-палітвязня Аляксандра Івуліна.

Гэты рэсурс ужо ўнеслі ў так званы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. 

Аляксандр Івулін – ураджэнец Оршы, вядомы спартыўны журналіст і футбаліст. Ён гуляў за “Крумкачоў”, працаваў у выданні Tribuna.com. 3 чэрвеня 2021 года Аляксандр быў арыштаваны спачатку на 30 сутак па адміністрацыйнай справе, а пазней асуджаны на два гады калоніі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Пасля выхаду з калоніі Івулін з’ехаў за мяжу і аднавіў працу над уласнымі праектамі. 

Яго праект “ЧестнОК” у красавіку гэтага года быў прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Фотаздымак: “Наша ніва”

Магілёўская пракуратура заблакавала сайт з беларускімі кнігамі

Па пастанове пракурора Магілёўскай вобласці заблакаваны сайт “Kirma.sh: Беларускія кнігі з дастаўкай па свеце”.

Як паведамляе БелТА са спасылкай на абласную пракуратуру, на сайце знаходзіліся кніга “Айчына: Маляўнічая гісторыя” (аўтар У. Арлоў) і навукова-папулярнае друкаванае выданне “Горкія гады: трагедыя Заходняй Беларусі 1944-1954” (аўтар А. Татарэнка). Гэтыя выданні прызнаныя так званымі экстрэмісцкімі матэрыяламі і ўключаны ў адпаведны рэспубліканскі спіс.

Акрамя таго, на інтэрнэт-рэсурсе таксама ажыццяўлялася рэалізацыя кнігі “Патаемная спадчына. Казкі пра беларускіх жанчын”, выдадзенай ініцыятывай ByProsvet. У 2022 годзе рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў яна прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Сайт Kirma.sh створаны камандай беларускіх валанцёраў, якія шануюць і падтрымліваюць усімі магчымымі спосабамі беларускую культуру і мову.

“Мы жывем у Польшчы і пачынаем свой шлях адсюль, але штодня імкнемся развівацца, пашыраючы асартымент і функцыянал нашай крамы, удасканальваючы кожны этап працы – як з пакупнікамі, так і з вытворцамі. Мы называем нашу пляцоўку “кавалачкам беларускай душы”, бо шчыра верым, што сабралі тут усё самае лепшае, добрае і душэўнае, што адлюстроўвае беларускую культуру” – гаворыцца на сайце інтэрнэт-магазіна.

Фотаздымак: Kirma.sh

Кіраўніка рыцарскага клуба “Барысфен” не выпусцілі пасля сутак

Павел Пастухоў (Станкевіч) не выйшаў на волю пасля заканчэння пятнаццаці сутак адміністрацыйнага арышту – паведамляюць крыніцы mogilev.media. У якім статусе цяпер знаходзіцца кіраўнік «Народнага калектыва рыцарскай сярэдневяковай культуры “Барысфен”» пакуль застаецца невядомым.

Раней сацыяльныя сеткі вядомага магілёўскага рыцарскага клуба былі аб’яўлены экстрэмісцкімі, гэтаксама як і асабістыя старонкі Паўла Пастухова (Станкевіча) ва «Укантакце» і Facebook. Паводле нашай інфармацыі, былых і сучасных удзельнікаў клуба выклікаюць на допыты ў Следчы камітэт. Магчыма, што спецслужбамі рыхтуецца прызнанне самаго калектыва “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Пры гэтым сам рыцарскі клуб “Барысфен” мае статус народнага калектыва пры Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і адпачынку. Старонка калектыва дагэтуль актыўная на сайце ўстановы, яго кіраўніком, як і раней, пазначаны Павел Станкевіч.

Барысфен клуб

Кіраўнічка магілёўскага “Рускага дома” асудзіла мэра Львова

Кіраўнічка магілёўскага грамадскага аб’яднання «Русский дом» Людміла Рэчэц увайшла ў склад групы самапрызначаных «суддзяў».

Рэчэц стала ўдзельніцай даволі рознамаснай кампаніі, якая складаецца з грамадзян Расіі, СНД, Польшчы і Чэхіі, што лічаць сябе часткай міфічнага «русского мира».

«Народныя дыпламаты» арганізавалі «грамадска-грамадзянскі суд» (“общественно-гражданский”), які асудзіў мэра Львова Андрэя Садавога за дзеянні, што не спадабаліся рускамірцам.

Ці ведае Садавы пра тое, што яго судзілі – невядома. Хутчэй за ўсё, не. Праблема ў іншым. Прадстаўнікі расійскіх «дамоў, светаў, галактык і сусветаў» маюць вольны доступ у школы Магілёўскай вобласці.

Свае лекцыі для навучэнцаў яны пачынаюць з услаўлення Перамогі, прыправіўшы гэта расповедамі пра герояў вайны ў тых мясцінах, дзе выступаюць, а потым плаўна пераходзяць да сваёй галоўнай мэты – прапаганды пануючай ролі Расіі і насаджэння нянавісці да Украіны.

І калі мэр Львова, можа, неяк і перажыве вынесены яму прысуд, то ўплыў асобаў кшталту Людмілы Рэчэц на школьнікаў Магілёўшчыны можа мець значна больш сур’ёзныя наступствы, чым фіктыўныя суды.

Фота: чавускай раённай газеты.

Чарговы палітзняволены з Гомельшчыны знайшоўся ў магілёўскай турме

Актывіста з Нароўлі Міколу Віткоўскага, месцазнаходжанне якога доўгі час не маглі высветліць праваабаронцы, трымаюць у СІЗА турмы №4 у Магілёве.

Цяпер стала вядома, піша “Гомельская вясна”, што Віткоўскага яшчэ ў верасні затрымалі супрацоўнікі КДБ. Улады яму інкрымінуюць абвінавачанне паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса «здрада дзяржаве».

Мікалай Віткоўскі – вядомы рэгіянальны актывіст і сябар партыі «Народная грамада». Раней сілавікі неаднаразова затрымлівалі яго па адміністрацыйных справах. Што менавіта стала падставай для адкрыцця супраць яго крымінальнай справы аб “здрадзе дзяржаве”, пакуль невядома. Не тлумачыцца таксама, чаму яго перавезлі менавіта ў магілёўскую турму, а не ў гомельскі СІЗА №3 або мінскі следчы ізалятар КДБ.

13 лістапада праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што ў той жа магілёўскай турме №4 утрымліваюць і грамадскага актывіста з Калінкавічаў Аляксандра Елісеева. Яго таксама абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а яшчэ ў абразе беларускага дыктатара. Паводле наяўных звестак, абодва рэгіянальныя актывісты маглі трапіць пад пераслед у межах адной справы. І Віткоўскі, і Елісееў зніклі ў сваіх гарадах у верасні 2025 года.

Фотаздымак: “Гомельская вясна”

Палітзняволены філосаф Мацкевіч: Шклоўская калонія была найбольшай пакутай

Філосаф Уладзімір Мацкевіч большую частку свайго зняволення правёў у калоніі ў Шклове і турме ў Магілёве, дзе спазнаў катаванні і здзекі.

Гісторыя катаванняў у калоніі

Праз 14 месяцаў пасля затрымання з палітычных прычын у жніўні 2021 года філосафа Уладзіміра Мацкевіча перавялі з мінскага СІЗА спачатку ў Магілёў, а потым у шклоўскую калонію №17. Ён прызнаецца Праваабарончаму цэнтру “Вясна”: больш за ўсё хацеў выбрацца з камеры і «пабачыць неба», але не ўяўляў, што чакае яго ў лагеры.

Першае «парушэнне» Мацкевіч атрымаў праз дзесяць хвілін пасля прыезду за тое, што не павітаўся з начальнікам. Далей былі чарговыя правакатыўныя парушэнні і першыя суткі ў ШІЗА. У атрад філосаф трапіў ужо пасля ізалятара. Гэта быў так званы «казліны атрад», дзе сядзяць вязні, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Ім загадалі не кантактаваць з Мацкевічам. Гаварыць яму дазвалялася толькі з заўгасам і вязнем-забойцам, які адбываў апошнія гады свайго тэрміну.

Адміністрацыя шукала любыя падставы для пакарання: за «няправільнае павітанне», «няпоўную запіскі пра рэчы» або за тое, што зняволены не так сеў. У выніку філосаф атрымаў каля 30 спагнанняў. За кожнае яму прызначалі ШІЗА або ПКТ, пазбаўлялі перадач і спатканняў.

Самым цяжкім стала катаванне холадам у ШІЗА: у камеры была толькі адна гарачая труба, прыціснуцца да якой немагчыма. «Я адціскаўся і прысядаў, каб не замерзнуць. Не ведаю, колькі скінуў вагі – паўтара месяца там былі пеклам» – кажа Мацкевіч.

Пасля чарговых парушэнняў яго выклікалі да начальніка. Калі палітвязень прапанаваў перавесці яго на турэмны рэжым, кіраўнік калоніі намякнуў і на магчымасць узбудзіць новую справу па арт. 411, што азначае павелічэнне тэрміна зняволення. У Мацкевіча ў той час абвастрылася грыжа, але меддапамога была мінімальнай: аперацыю не планавалі, бялізну не давалі, дазволілі толькі бандаж.

Суд па замене рэжыму адбыўся хутка, і Мацкевіча вярнулі ў турму №4 у Магілёве. «Турма стала палёгкай» – прызнаецца ён. Там ён сустрэў іншых палітвязняў, у тым ліку Аляксея Храловіча, які раскрыў КДБ-шныя матэрыялы па справе Рамана Бандарэнкі.

У Магілёве філосаф дамогся пастаноўкі ў чаргу на аперацыю. Пасля абследавання яго двойчы вазілі ў Рэспубліканскую бальніцу зняволеных у Калодзічы. «Лекары там прафесійныя, абсталяванне добрае, але этапы ў кайданках – прыніжальныя» – адзначае Мацкевіч.

Галоўны ўдар: страта сшыткаў

Найбольш балючай падзеяй зняволення філосаф называе не холад і не ШІЗА, а тое, што ў яго забралі ўсе сшыткі з чатырохгадовай працай. Спачатку ў студзені 2023-га зніклі пяць сшыткаў. Відаць, іх забрала спецслужба. Потым, падчас этапавання, у яго адабралі ўсё: лісты, фотаздымкі, нататкі.

«Гэта была мая праца, мая апора. Я страціў тое, што не змагу аднавіць. Гэта найгоршае, што са мной адбылося ў зняволенні» – кажа ён.

Прымусовы шлях у выгнанне

У верасні 2025 года Мацкевіча раптоўна вывелі з камеры і далі загад збірацца на вызваленне. Разам з іншымі палітвязнямі яго з закрытым тварам адвезлі ў СІЗА КДБ, дзе ўсе чакалі допытаў. Але замест гэтага іх прымусова перадалі літоўскім дыпламатам.

«Я не хацеў з’язджаць, бо не люблю эміграцыю і ведаю, што нічога добрага ад палітычнай эміграцыі не бывае. Я хацеў застацца ў Мінску, але не пайшоў па шляху Статкевіча, бо вярнуцца ў турму для мяне было непрымальна» – кажа філосаф, які цяпер знаходзіцца ў Літве.

Фотаздымак: ПЦ “Вясна”

У магілёўскую турму змясцілі грамадскага актывіста з Калінкавічаў

У следчым ізалятары магілёўскай турмы №4 знаходзіцца грамадскі актывіст з Калінкавічаў Аляксандр Елісееў.

Аб тым, што актывіст знаходзіцца ў магілёўскай турме, гомельскім праваабаронцам паведамілі крыніцы ў гэтай пенітэнцыярнай установе. Паводле папярэдніх звестак, яму інкрымінуюць «здраду дзяржаве» і «абразу Лукашэнкі».

Што менавіта сілавікі палічылі «злачыннымі дзеяннямі» Елісеева, пакуль невядома. Не раскрываецца і дата яго затрымання, як і прычыны, чаму яго даставілі не ў гомельскі СІЗА №3, а адразу ў Магілёў.

Аляксандр Елісееў – грамадскі актывіст з Калінкавічаў, былы сябр ліквідаванай уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Шмат гадоў ён займаўся незалежным назіраннем за выбарамі розных узроўняў і неаднаразова фіксаваў парушэнні выбарчых працэдур. На падставе гэтага ён заяўляў, што рашэнні нелегітымнай улады не абавязковыя да выканання, і рэгулярна адмаўляўся сплочваць штрафы па палітычна матываваных адміністрацыйных справах.

У 2020 годзе і пазней яго неаднаразова затрымлівалі, прызначалі працяглыя адміністрацыйныя арышты. Падчас аднаго з такіх арыштаў, у лютым 2022 года, за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну, ён трымаў галадоўку. Тады расійскія вайсковыя падраздзяленні стаялі каля Калінкавічаў і Мазыра. Каб ізаляваць актывіста, яго абвінавацілі ў «дробным хуліганстве».

Апошняя яго публікацыя ў Facebook датаваная 24 красавіка. Пры гэтым у верасні яго яшчэ бачылі ў Калінкавічах. Елісееў – спецыяліст у галіне авіяцыйнай прамысловасці. Ён вучыўся ў Кіеўскім міжнародным універсітэце грамадзянскай авіяцыі (цяпер – Кіеўскі авіяцыйны інстытут), працаваў на авіябудаўнічых прадпрыемствах Украіны, потым – як праграміст у Беларусі. Аднак, пасля таго, як ён актыўна далучыўся да палітычнага жыцця, знайсці годную працу на радзіме ён ужо не мог.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Трох палітвязняў з Горак абвясцілі экстрэмістамі

У міліцэйскім пераліку асоб, якія нібыта датычны экстрэмісцкай дзейнасці, 31 кастрычніка 2025 года з’явіліся прозвішчы трох жыхароў Горак.

Спіс, размешчаны на сайце МУС, папоўнілі 43-гадовая Ганна Уласенка, 56-гадовая Алена Сафронава і 50-гадовы Сяргей Даронін.

Усе трое былі асуджаныя Магілёўскім абласным судом па абвінавачванні ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім. Згодна з інфармацыяй на сайце МУС, усе трое адбываюць турэмны тэрмін. У чым менавіта абвінавацілі гэтых людзей – не паведамляецца. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі. 

Зараз у міліцэйскім спісе “экстрэмістаў” 5942 чалавекі.

Фотаздымак: TUT.BY

Палітвязня бабруйскай калоніі асудзілі яшчэ на два гады зняволення

Берасцейцу Паўлу Шпетнаму, які асуджаны па “справе анархістаў”, у бабруйскай калоніі №2 прысудзілі яшчэ два гады зняволення за нібыта непадпарадкаванне адміністрацыі.

Як паведамляе выданне анархістаў “АЧК-Беларусь”, рашэнне па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу ў дачыненні да Паўла Шпетнага суд вынес 8 кастрычніка 2025 года. За нібыта «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» Паўлу дадалі яшчэ два гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. На дадзены момант невядома, куды яго перавядуць з бабруйскай калоніі.

Як піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Павел быў затрыманы 2 сакавіка 2021 у межах крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху з Берасцейскай вобласці. Хлопцу прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 КК (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак) і па ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй). У лістападзе 2021 з’явілася інфармацыя аб тым, што Паўлу інкрымінавалі таксама ч. 2 арт. 339 КК (Хуліганства, здзейсненае паўторна або групай асобаў).

6 верасня 2022 года Менскі гарсуд вынес вырак Паўлу: 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 рублёў).

Падчас следства маладога чалавека перыядычна выклікалі на размовы супрацоўнікі ГУБАЗіК, аказвалі ціск, каб ён даў паказанні супраць іншых затрыманых па гэтай жа справе. Павел імкнуўся не адказваць на пытанні і не рэагаваць на пагрозы.

У сярэдзіне сакавіка 2023 года Паўла этапавалі ў бабруйскую ПК №2.

“Першы год у зняволенні Павел вельмі сумаваў – яму было цяжка прыстасавацца да ўмоў і ўсвядоміць, што яго чакае прысуд. Цяпер ужо прызвычаіўся і вырашыў заняцца самаадукацыяй – вывучае праграмаванне і англійскую мову (папрасіў сястру даслаць яму кнігі)” – піша “АЧК-Беларусь”

Фотаздымак: АЧК-Беларусь

У Магілёве дадаткова судзілі палітвязня, у якога ўжо 12 гадоў турмы

Асуджанаму на 12 гадоў калоніі палітвязню з Берасця, анархісту Аляксею Галаўко дадалі яшчэ паўгода зняволення.

Разляд новай крымінальнай справы ў Магілёве ў дачыненні да Аляксея прайшоў яшчэ 5 верасня 2025 года, але вядома пра яго стала толькі на днях. Палітвязня прызналі вінаватым паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Па звестках @belarus_abc, Аляксею дадалі яшчэ паўгода зняволення.

Як піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Аляксей родам з Берасця. Яго затрымалі 5 сакавіка 2021 года па крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху. Пазней яму прызначылі 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў.

У сярэдзіне сакавіка 2023 года стала вядома, што палітзняволенага этапавалі ў магілёўскую калонію №15. Напрыканцы ліпеня стала вядома, што палітвязень утрымліваецца ў ПКТ.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”