У Горацкім раёне на знос прадаецца амаль новы дзіцячы садок

Толькі каля 20 гадоў прапрацаваў дзіцячы садок у вёсцы Ходараўка ў Горацкім раёне. Цяпер яго прадаюць на знос.

Інфармацыя пра продаж будынку садка з’явілася на сайце Беларускай універсальнай таварнай біржы. Двухпавярховае збудаванне разам з сутарэннямі мае плошчу амаль 2 000 м2. Абавязковай умовай набыцця з’яўляецца зварот не пазней за шэсць месяцаў да мясцовых улад за дазволам на знос будынка. А цягам двух гадоў гэты знос павінен адбыцца. Купіць будынак нікому цяпер не патрэбнага дзіцячага садка прапануюць за адну базавую велічыню, якая складае зараз 42 рублі.

Як піша інтэрнэт-выданне Orsha.eu, садок у вёсцы Ходараўка быў пабудаваны ў 1996 годзе – менавіта тады беларусам з экранаў тэлевізараў абяцалі росквіт, танную каўбасу і светлую будучыню «як у СССР». Вёска Ходараўка ў той час была шматлюднай і перспектыўнай. Але да 2016 года вынікі абяцанняў апынуліся абсалютна супрацьлеглымі: моладзь пачала ўцякаць з сяла з яго мізэрнымі заробкамі, і дзіцячы садок у Ходараўцы зачынілі. 

Выданне адзначае, што будынак садка ўжо спрабавалі прадаць некалькі разоў, аднак, жадаючых набыць такую маёмасць не знаходзілася. Гэта цалкам зразумела, бо ніхто не хацеў укладаць грошы ў аб’ект у напалове пустой вёсцы. Пэўна, пагэтаму ўлады вырашылі прадаць будынак таму, хто пагодзіцца яго знесці.

Фотаздымак: Беларуская ўніверсальная таварная біржа

У Горках дзяўчынка зламала хрыбетнік на батутах

Закрытыя компрэсійныя пераломы трох грудных пазванкоў 1-й ступені дыягнаставалі ў 10-гадовай дзяўчынкі з Горак пасля таго як яна пабавілася ў дзіцячым забаўляльным цэнтры.

Дзіцёнак скакануў з вышыні каля 1,5 метра ў яму з паралонавымі кубікамі. Дзяўчынка прызямлілася на паралонавыя матрасы, агульная таўшчыня якіх 20 см, а пад імі – бетоннае пакрыццё. Школьніца адчула боль у спіне, які працягваў турбаваць яе і дома. У выніку бацькі выклікалі хуткую дапамогу, паведамляюць са спасылкай на Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз “Магілёўскія ведамасці”.

З раённай бальніцы яе накіравалі ў Магілёўскую абласную дзіцячую бальніцу. Там дзіцёнка з дыягназам “закрытыя компрэсійныя пераломы трох грудных пазванкоў 1-й ступені” лячылі больш за тры тыдні. 

Цяпер Горацкі раённы аддзел СК па факце прычынення менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў праводзіць праверку, ці адпавядаюць паслугі дзіцячага цэнтра патрабаванням па бяспецы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Аграгарадок Копцеўка змагаецца за захаванне свайго калгаса

Сяльчане распрацавалі бізнэс-план, каб захаваць сваё сельгаспрадпрыемства, але з усіх даступных опцый па новаму дырэктару – толькі намеснік па ідэалогіі альбо кот у мяшку.

Актавая зала Дома культуры ў Копцеўцы Горацкага раёна забітая пад завязку. Практычна ўсе прысутныя – жыхары аграгарадка і адначасова супрацоўнікі ААТ “Копцеўская Ніва”. Яны прыйшлі на сустрэчу з начальнікамі з Горак – старшынямі райвыканкама, сельвыканкама, раённага савета дэпутатаў. Галоўная прычына хвалявання публікі ў зале – стратну. “Копцеўскую Ніву” запланавалі расфарміраваць, далучыўшы да іншага, больш паспяховага прадпрыемства.

Каб супрацьстаяць гэтаму працэсу, работнікі аграпрадпрыемства на чале з галоўным бухгалтарам распрацавалі і прэзентавалі на сустрэчы свой бізнэс-план, піша “Горацкі веснік”.

коптевка

План, гэта добра – адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Арлёнак, але вось пытанне – хто яго будзе рэалізоўваць? “Ёсць спецыялісты, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў, і ёсць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце. Пытанне трэба вырашыць у бліжэйшы час.” – патлумачыў панурую рэальнасць Мікалай Арлёнак і напрыканцы наогул сарваўся на нервовы выпад:


– Встрепенитесь и начинайте все работать! Посмотрим, какая будет отдача, Нужно, чтобы у вас был результат. Время покажет правильность решения.

На бягучы момант, такім чынам, было вырашана пакінуць прадпрыемства ў ранейшым стане. А там паглядзім.

Фота: Горацкі веснік

Горацкі МНС-нік паспрабаваў патлумачыць з’яўленне ў горадзе таблічак “Укрыццё”

Таблічкі з надпісам “Укрыццё” ўсхвалявалі жыхароў недалёкага ад Расіі райцэнтра. Начальнік мясцовага аддзела па надзвычайных сітуацыях паспрабаваў іх супакоіць.

Нагадаем, што яшчэ ў кастрычніку ў Горках мясцовыя жыхары ўбачылі новыя шыльды з указаннем адлегласці да ўкрыццяў. Узнікла меркаванне, што гэта звязана з актыўнасцю расійскіх дронаў, якія час ад часу залятаюць у Беларусь.

Нават у чат-бот мясцовай раёнкі звярнуўся мужчына, які быў занепакоены з’яўленнем у горадзе такіх таблічак. “Заўважыў ужо некалькі такіх пазначэнняў: каля бальніцы, кінатэатра і ў раёне акадэміі. Як убачыў, то стала крыху страшна” – адзначае мясцовы жыхар.

Начальнік Горацкага райаддзела МНС Дзмітрый Казлоў даў тлумачэнні. Ён адзначыў, што з’яўленне ўказальнікаў «Укрыццё» каля мясцовай бальніцы, кінастудыі, у раёне акадэміі і ў іншых месцах не звязана з надзвычайнымі здарэннямі і з’яўляецца планавымі працамі па сістэматызацыі і ўліку аб’ектаў грамадзянскай абароны.

Паводле інструкцыі па ўтрыманні такіх збудаванняў прадугледжваецца іх абазначэнне і пазначэнне шляхоў падыходу да іх. Укрыцці існавалі ў Горках заўсёды, але цяпер «у ходзе кантрольных мерапрыемстваў гэтыя аб’екты былі прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі інструкцыі».

Праўда, начальнік РАНС не патлумачыў, чаму менавіта цяпер былі праведзены «кантрольныя мерапрыемствы». 

Фотаздымак: gorkiv.by

У Горацкай калоніі парушаюцца графікі тэлефонных званкоў для асуджаных

У папраўчай калоніі №9 у Горках, дзе ўтрымліваецца Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, афіцыйна зацверджаны графік тэлефонных званкоў існуе толькі фармальна.

Са жніўня адміністрацыя калоніі не выконвае ўстаноўлены парадак прадастаўлення сувязі: графікі, якія павінны фармавацца і вывешвацца кожны месяц у адпаведнасці з законам, ігнаруюцца. Паводле інфармацыі крыніц рэсурса Mayday, начальнікі атрадаў водзяць зняволеных на званкі выбарачна і без якога-небудзь раскладу.

Паведамляецца пра выпадкі, калі асуджаным у адзін дзень прадастаўлялі і тэлефонны, і відэазванок, а затым пазбаўлялі сувязі са сваякамі на тэрмін да двух месяцаў. Крыніцы падкрэсліваюць, што праблема носіць сістэмны характар. На пытанні зняволеных аб прычынах такіх парушэнняў адміністрацыя адказвае ўнікліва, спасылаючыся на “абставіны”, якія не тлумачыць.

Гэтая калонія ў Горках даўно мае рэпутацыю ўстановы з асабліва жорсткімі ўмовамі ўтрымання. Яна прызначана для рэцыдывістаў, што ўзмацняе занепакоенасць сваякоў і праваабаронцаў з нагоды таго, што адбываецца.

Фотаздымак: “Дойче вэлле”

Горацкі цэнтр сацабслугоўвання аформіў 65 падпісак на “Советскую Белоруссию”

Горацкі раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выдаткаваў 217 рублёў на галоўную праўладную газету – “Советская Белоруссия. Беларусь сегодня”.

З дадзеных на партале дзяржзакупак вынікае, што Горацкі раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ЦСАН) актыўна закупляе самыя розныя тавары і паслугі. У пераліку патрэб ўстановы прадукты харчавання, базавыя медыкаменты і сродкі догляду. Гэта нядзіўна: ЦСАН адказвае за працу некалькіх сацыяльных аб’ектаў, сярод якіх установы, якія дапамагаюць пажылым людзям і грамадзянам з інваліднасцю.

Некаторыя падраздзяленні цэнтра ў хуткім часе атрымаюць абноўкі: арганізацыя плануе набыць па адной адзінцы бытавой тэхнікі халадзільнік, тэлевізар і пральную машыну.

Акрамя задавальнення матэрыяльна-бытавых патрэб, за кошт раённага бюджэту замоўлена 65 асобнікаў праўладнай газеты “Советская Белоруссия. Беларусь сегодня”. Кошт падпіскі складзе 217 рублёў. Згодна з закупкай, дастаўляцца газета будзе з сакавіка па снежань 2026 года. 

А 217 рублёў – гэта прыкладна столькі ж, колькі ЦСАН плануе выдаткаваць на бінты, антысептыкі, пластыры і мінімальны набор лекаў накшталт зялёнкі, ёду, валяр’яны, мазі Вішнеўскага і нітрагліцэрыну.

Фотаздымак ілюстрацыйны

У Горках п’яны мужчына атакаваў аўтамабілі

Вяртаючыся ноччу з гасцей, жыхар Горак зачымсьці пашкодзіў чатыры чужыя аўтамабілі.

Чатыры аўтамабілі пашкодзіў жыхар Горак – ён драпаў машыны ключом, ламаў люстэркі задняга віду і шклоачышчальнікі. 

Больш за ўсё не пашанцавала аўтамабілю Opel – 38-гадовы хуліган адарваў і памяў яго рэгістрацыйны знак. 

Усё гэта трапіла на камеры відэаназірання, а на нумарным знаку засталіся яшчэ і адбіткі пальцаў.

Высветлілася, што мужчына не належыў да лудзіцкага руху. Свае паводзіны ён патлумачыў тым, што быў п’яны.

Паколькі ў хулігана няма судзімасцяў, ён раскаяўся і добраахвотна пакрыў нанесеную шкоду, вырашана было не прыцягваць яго да крымінальнай адказнасці.

Фота: “Беларусь Сегодня”.

Жыхары шматкватэрнага дома ў Горках пакутуюць ад затопленага сутарэння

Жыхары дома №2 па праспекце Дзімітрава ў Горках ужо некалькі месяцаў жывуць з непрыемнай праблемай – каналізацыйныя сцёкі рэгулярна заліваюць іх сутарэнне. 

Нягледзячы на неаднаразовыя прамыўкі труб, у тым ліку ў чэрвені і верасні, вада зноў і зноў вяртаецца, піша Orsha.ue. На месца неаднаразова выязджала камісія з прадстаўнікоў розных камунальных службаў, але прычыны паўторных затапленняў так і не вызначылі. Як тлумачаць спецыялісты, сеткі вонкавай каналізацыі праходзяць пад зямлёй, таму праверыць, ці правільна яны былі зроблены пры будаўніцтве дома, амаль немагчыма.

Жыхары прапанавалі разабрацца з праблемай за кошт сродкаў, якія штомесяц адлічваюць на капітальны рамонт. Але ў адказ пачулі, што гэтыя грошы знаходзяцца на асобным рахунку, створаным «для акумулявання фінансаў на капрамонт па ўсім Горацкім раёне». Іншымі словамі, выкарыстаць іх на канкрэтны дом пакуль немагчыма.

Прадстаўнікі ўлад абяцаюць, што ў сутарэнні адновяць цеплаізаляцыю труб і прыбяруць наступствы затаплення. Калі ж праблема паўторыцца, яны зноў будуць шукаць яе крыніцу.

А пакуль на інфармацыйным стэндзе яны размясцілі “Правілы карыстання сістэмай каналізацыі”.

Фотаздымак ілюстратыўны з адкрытых крыніц

Горацкіх камунальнікаў злавілі на растраце мільёна бюджэтных грошай

КДК Магілёўскай вобласці праверыў горацкае УКПП «Камунальнік». Вынікі ўражваюць і шакуюць.

Незаконнае атрыманне больш за мільён рублёў бюджэтных сродкаў выяўлена Камітэтам дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці пры праверцы горацкага УКПП «Камунальнік». 

Устаноўлена, што горацкія камунальнікі:

  • неабгрунтавана завышалі планавыя выдаткі пры фарміраванні планавых разліковых цэн на паслугі па цеплазабеспячэнню;
  • уключалі ў акты выкананых работ па ўтрыманні вулічна-дарожнай сеткі лішнія сумы да аплаты;
  • парушалі правілы бухгалтарскага ўліку пры прыёме лому чорных і каляровых металаў; 
  • хімічылі са здаваемай у арэнду дзяржаўнай маёмасцю;
  • парушалі правілы праезду цяжкавагавых і буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання.

Вынік – мільён рублёў, незаконна атрыманы з бюджэту. Здаецца, няма такога правіла, якое б камунальнікі Горак не парушылі. Карацей кажучы, наш пастрэл усюды паспеў.

Вось толькі фармулёўка «вінаватыя ў парушэннях службовыя асобы і прадпрыемствы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці» наводзіць на думку, што растраты сродкаў падаткаплацельшчыкаў не спыняцца.

Фота ілюстратыўнага характара з адкрытых крыніц.

Трох палітвязняў з Горак абвясцілі экстрэмістамі

У міліцэйскім пераліку асоб, якія нібыта датычны экстрэмісцкай дзейнасці, 31 кастрычніка 2025 года з’явіліся прозвішчы трох жыхароў Горак.

Спіс, размешчаны на сайце МУС, папоўнілі 43-гадовая Ганна Уласенка, 56-гадовая Алена Сафронава і 50-гадовы Сяргей Даронін.

Усе трое былі асуджаныя Магілёўскім абласным судом па абвінавачванні ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім. Згодна з інфармацыяй на сайце МУС, усе трое адбываюць турэмны тэрмін. У чым менавіта абвінавацілі гэтых людзей – не паведамляецца. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі. 

Зараз у міліцэйскім спісе “экстрэмістаў” 5942 чалавекі.

Фотаздымак: TUT.BY