Суверэнітэт дарагога каштуе, а порах трэба трымаць сухім. У каледжы «Беларуска-расійскага ўніверсітэта» навучэнцаў знаёмілі са зброяй і патрыятызмам.
Пасля таго як Лукашэнка пачаў трэсці “Арэшнікам”, не знаходзячы іншых аргументаў у зносінах з краінамі-суседзямі і кідаць у Літву метэазонды, псэўдапатрыёты на месцах адразу ўхапіліся за ідэю трымаць порах сухім і пачалі рыхтаваць беларускую моладзь да магчымай вайны з прыдуманым агрэсарам.
Дыялогавую пляцоўку «Беларусь суверэнная. Пераемнасць пакаленняў. Роля моладзі ў Беларусі» правялі ў архітэктурна-будаўнічым каледжы ДУВПА «Беларуска-Расійскі ўніверсітэт».
Зразумела, што ніякага дыялогу не было і блізка: моладзь проста прывучалі да думкі, што састарэлага кіраўніка, які сутаргава трымаецца за ўладу, давядзецца абараняць са зброяй у руках менавіта ім.
Ідэя сама па сабе кволая і прыхільнікаў яе можна палічыць па пальцах, але ўбіванне ў галаву навучэнцаў цвікоў таталітарнага мыслення можа даць свой негатыўны эфект. Праўда, ён можа аказацца дыяметральна супрацьлеглым чаканаму.
Галоўнаму патрыёту Магілёва Аляксандру Шкадаву, які рэтрансляваў на дыялогавай пляцоўцы ваенныя лозунгі Лукашэнкі, можа і не прыходзіць у галаву, што пры сённяшніх настроях у грамадстве зброя можа быць скіравана супраць тых, хто зрабіў з Беларусі канцлагер.
Служыць Радзіме беларуская моладзь не адмовіцца. Вось толькі мала хто з маладых людзей сёння атаясамляе Радзіму з Лукашэнкам, які не перасварыўся хіба што толькі з Афрыкай.
Фота “Магілёскія ведамасці”.


