«Белсат» у Крычаве. Гэта адзін з самых бедных гарадоў Магілёўшчыны. Горад, расцягнуты на мноства кіламетраў уздоўж ракі Сож, мае даўнюю і цікавую гісторыю. У Крычаве разбураецца стэрэатып пра чысціню беларускіх гарадоў, гараджане паўсюль наракаюць на камунальныя службы.
Тут цяжка акрэсліць, дзе ж знаходзіцца цэнтр гораду, усё аднолькава слаба задбанае. Праблема з гасцініцамі, месцамі, дзе з’есці, у большасці пакояў гасціннага дому няма душа, прыбіральні супольныя. У гэтак званым Цэнтры турызму пакоі выключна чатырохмесныя, а ўсе выгоды ў канцы калідора.
Адрэстаўраваны палац Пацёмкіна, які называюць перлінай рэгіёну, не прыцягвае натоўпаў турыстаў, а дырэктар палацу вырашыў зарабіць на нашай здымачнай групе. Колькі нам каштавалі здымкі ў палацы і як нас пазбягаў дырэктар – у сюжэце.
Крычаў пакінуў сумнае ўражанне. Мы сустрэліся з журналістам Сяргеем Няроўным, былым рэдактарам зачыненай газеты «Вольны горад». Калега з трывогай распавёў пра пагрозу беларускай незалежнасці і прарасейскія настроі ў горадзе, а таксама татальны брак усялякай надзеі.
Сяргей Падсасонны, belsat.eu