Супрацоўнікі міліцыі 28 лістапада склалі адміністрацыйны пратакол на грамадскага актывіста з Дрыбіна Андрэя Юркова. Як паведаміў сам Андрэй Юркоў у сваім фэсбуку, падставай для складання пратакола паслужыла тое, што ён паставіў дызлайк пад матэрыялам у сацыяльнай сетцы “Одноклассники”.
“Во блін! Думаў, выбары скончыліся. А тут на табе пратакол! Шыюць распаўсюд экстрэмісцкай сімволікі. На “Аднакласьніках” у ленце паставіў дызлайк пад матэрыялам, дзе пазначана, што пад нацысткім сцягам знішчана 35 мільёнаў савецкіх грамадзян. Не сьпяць дамарошчаныя фашысты)», – піша Андрэй Юркоў у фэйсбуку.
Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель у гутарцы з карэспандэнтам “Магілёўскага рэгіёна” выказаў непаразуменне, як супрацоўнікі міліцыі маглі палічыць, нібыта Юркоў прапагандаваў нацысцкую сімволіку, паставіўшы дызлайк пад матэрыялам у “Одноклассниках”.
У Магілёве раней некалькі разоў заводзілі адміністрацыйныя справы за прапаганду нацысцкай сімволікі ў сацыяльных сетках, але там дзеянні міліцыі былі абгрунтаваныя, адзначыў праваабаронца.
Сам Андрэй Юркоў з выстаўленымі міліцыянерамі абвінавачваннямі не пагадзіўся. Ён напісаў у пратаколе, што нічога не размяшчаў на сваёй старонцы, а проста паставіў дызлайк пад матэрыялам.
Андрэй Юркоў – добра вядомы ў Дрыбіне і Горках грамадскі актывіст. На парламенцкіх выбарах 2019 года ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Горацкай выбарчай акрузе №82. Згодна афіцыйнай інфармацыі ЦВК, падчас гэтых выбараў за А.Юркова аддалі свае галасы 3 554 выбаршчыкі, што складае 7.21% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў акругі.
Фота з фэйсбуку Андрэя Юркова
Ірына Беганкіна