Галоўная » Шклоўскія традыцыі жывучыя?

Шклоўскія традыцыі жывучыя?

У апошнія два дзесяткі гадоў Шклоўскі раён трымае цвёрдыя лідзіруючыя пазіцыі сярод рэгіёнаў краіны па колькасці парушэнняў у выкарыстанні бюджэтных сродкаў, якія звычайна, па выніках расследванняў, атрымліваюць карупцыйную скіраванасць.

Напрыканцы 2019 года Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці абвесціў вынікі праверкі выканання рамонтна-будаўнічых работ на аб’ектах дзяржаўных устаноў адукацыі Шклоўскага раёна.

Праведзеная праверка аддзела па адукацыі Шклоўскага райвыканкама выявіла шматлікія парушэнні.

 Так, толькі пры рамонце 22-х аб’ектаў, кошт рамонта быў завышаны на 120 тыс. рублёў. Не выконваўся парадак правядзення працэдур закупак у сферы будаўніцтва, выяўлена нямэтавае выкарыстанне 841,5 тыс. рублёў бюджэтных сродкаў. А капітальны рамонт аб’ектаў выконваўся без усялякай праектна-сметнай дакументацыі.

Матэрыялы праверкі Камітэт дзяржкантролю перадаў у праваахоўныя органы і прыступіў да праверкі аддзелаў па адукацыі іншых гор- і райвыканкамаў у мэтах выяўлення аналагічных парушэнняў.

Але за агучанымі сухімі лічбамі ў, амаль, на 1 млн. рублёў парушэнняў выкарыстання бюджэтных сродкаў у аддзеле па адукацыі Шклоўскага райвыканкама, для грамадства засталося амаль не заўважаным развіццё далейшых падзей па выніках гэтых праверак.

Бо мясцовыя ўлады вырашылі не афішаваць – хто ж дапусціў гэтыя парушэнні, а правялі ціхонькую ракіроўку чыноўнікаў па вертыкалі і гарызанталі.

Напачатку бягучага года са штатнага раскладу кіраўніцтва Шклоўскага выканаўчага камітэта раптоўна знікла прозвішча Сяргея Уладзіміравіча Артамонава – намесніка старшыні Шклоўскага райвыканкама, які курыраваў пытанні інфармацыйнай і ідэалагічнай работы, адукацыю, ахову здароўя, развіццё сацыяльнай сферы, пытанні выбараў і рэферэндумаў, фармаванне рэзерва кадраў і іншыя пытанні палітычнай, грамадскай, маладзёвай скіраванасці.

Акрамя пасады намесніка старшыні райвыканкама, Артамонаў з’яўляўся і застаецца да гэтай пары намеснікам старшыні Шклоўскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Доўгі час  пасада намесніка заставалася вакантнай. Але на днях на гэтай пасадзе з’явіўся новы прадстаўнік Грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Іваненка Аляксандр Аляксандравіч.

Новы намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама будзе курыраваць тыя ж пытанні, што і яго папярэднік.

Макс Баравік