У Магілёве міліцыянты затрымалі журналістку Аліну Скрабунову, а таксама аператара Аляксандра Сідарэўскага. Яны накіроўваліся на сход кіроўцаў, якія незадаволеныя ростам коштаў на паліва.
Журналістку Аліну Скрабунову і аператара Аляксандра Сідарэўскага затрымалі ў двары дому. Кіраваў затрыманнем падпалкоўнік міліцыі Сяргей Афанасьеў, таксама супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Магілёва Андрэй Цярэнцій.
«Каля дому, адкуль мы выйшлі на акцыю, нас спыніў Афанасьеў, падпалкоўнік міліцыі і сказаў, што я, як асоба ў дачыненні якой ідзе адміністрацыйны працэс, мушу ехаць з ім, але гэта не затрыманне. У РАУС на мяне склалі пратакол паводле ч 2. Арт 22.9 і адпусцілі. А праз 20 хвілінаў мне вынеслі пратакол адміністрацыйнага затрымання. У выніку гэта было затрыманне, але пратакол складзены, калі мяне ўжо адпусцілі», – распавяла «Белсату» журналістка Аліна Скрабунова.
У выніку журналістцы выпісалі позву з’явіцца у суд 19 лютага. Судзіць Аліну Скрабунову будуць паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») за матэрыял пра 50-годдзе тралейбуснага парку ў Магілёве. Пакаранне за гэтае парушэнне прадугледжвае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (540 – 1350 рублёў).
Аляксандра Сідарэўскага затрымалі пазней. Аператар, пасля затрымання Аліны Скрабуновай, паехаў на таксоўцы. Але па дарозе супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну ў якой ехаў Аляксандр і распачалі правяранне ў кіроўцы ўсіх дакументаў. У гэты момант аператар выйшаў з таксоўкі, але па дарозе яго затрымалі.
Нягледзячы на затрыманне журналістаў, сход кіроўцаў, якія выступаюць супраць росту коштаў на бензін, адбылася. Міліцыянты перашкаджалі кіроўцам, у кожнага правяралі дакументы, але затрыманняў не было.
Фота: Белсат
Крыніца: “Белсат”