Галоўная » 115 гадоў таму была распачата экспедыцыя па Індыі прафесара Бардакова

115 гадоў таму была распачата экспедыцыя па Індыі прафесара Бардакова

У канцы 2020 года пабачыла свет кніга “Прыродазнаўча-геаграфічная адукацыя ў МДУ імя А.А. Куляшова…», у якой змяшчаюцца біяграфічныя артыкулы большай часткі выкладчыкаў даваеннага геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. Прозвішчы некаторых выкладчыкаў толькі пералічаны, бо на момант напісання кнігі былі невядомы іх біяграфіі. Да такіх адносіцца і прозвішча Бардакоў. 

Пры аднаўленні біяграфіі Бардакова стаялі пытанні: яго падарожжа па Індыі – рэальнасць ці майстэрскі фэйк пач. ХХ ст.? Хто ён? Натураліст або шпіён генштаба? Фантазёр і авантурыст або сапраўдны даследчык? Якое дачыненне мае да Дэрсу-Узала, экспедыцыі Арсеньева на Далёкім Усходзе, да Янкі Маўра? 

Упершыню аб прафесары Бардакове (з А ў першым складзе) даведаўся ў 1994 г. ад нашага вядомага географа Пятра Аляксеевіча Лярскага, па падручніках прыродазнаўства якога вучыліся беларускія шкаляры у 1971-1996 гг. Імя прафесара Лярскі не памятаў, але з цеплынёй успамінаў цікавыя яго лекцыі па фізічнай геаграфіі свету, расказы аб яго падарожжы ў Індыю 1906 г., аб выдадзенай кнізе аб Індыі.

Пошук інфармацыі пра прафесара ў 1995-2019 гг. зайшоў у тупік. Знаўца гісторыі геаграфіі прафесар Б. Нешатаеў лічыў, што калі няма пра Бардакова інфармацыі ў кнігах па гісторыі даследаванняў, то гэта ФЭЙК. 

Але і ў сур’ёзных даследчыкаў гісторыі ёсць прабелы…

Сталі шукаць ад зваротнага – ад кнігі па Індыі, выдадзенай у Менску. Аказалася, што ў 1937 г. у Дзяржвыдаце БССР была выдадзена аб’ёмная ў 337 старонак кніг А. Пятрова «Пад небам Індыі». 

Аказалася, што пісьменнік Пятроў – псеўданім Пятра Пятровіча Бардакова (з О ў першым складзе прозвішча). 

Зрабіць мінскае выданне кнігі па Індыі яму параіў заснавальнік беларускай дзіцячай прыгодніцкай літаратуры Янка Маўр (псеўданім географа Івана Фёдарава), з якім Бардакоў не раз сустракаўся. 

Пётр Пятровіч Бардакоў нарадзіўся ў 1882 г. у Кіеве. Доўга вучыўся ва ўніверсітэта Святога Уладзіміра ў Кіеве, пастаянна мяняў аднакурснікаў, дыплом атрымаў бліжэй да 30 гадоў, паколькі ўвесь час знаходзіўся ў падарожжах. Стаў вядомым дзіцячым пісьменнікам (пад псеўданімам Пятроў), прыродазнаўцам, палеантолагам, селекцыянерам (соі), спецыялістам па геаграфіі раслін, фізічнай геаграфіі частак свету. Любоў да навукі ён прышчапіў і свайму роднаму брату Леаніду, які стаў прафесарам, дырэктарам Украінскай станцыі прыкладной батанікі, сябрам і паплечнікам Мік. Вавілава, быў рэпрэсаваны.

У 1906 г. Бардакоў на сродкі мецэнатаў, авансы рэдакцый газет, заручыўшыся шматлікімі рэкамендацыямі да амбасадаў, дыпламатычных, ваенных, гандлёвых місій адпраўляецца ў Індыю. Ёсць меркаванне, што ў Індыі ён выконваў разведзаданні. 

У Індыі (1906-1907 гг.) даследуе асаблівасці прыроды, апісвае расліннасць, жывёльны свет, ландшафты, побыт насельніцтва, эканамічныя асаблівасці рэгіёнаў, збіраў дадзеныя праз жыхароў, плантатараў, гандляроў. 

Студэнт-авантурыст меў дзясяткі магчымасцей загінуць ад драпежных звяроў, ад хвароб, у балотах і лясных дзебрах, пры этнічных і канфесійных разборках, быць абрабаваным і забітым.

Пасля наведвання Індастана, адпраўляецца ў Гімалаі, дзе нараджаецца мара пакарэння Джамалунгмы (Эверэста), потым на Цэйлон (Шры-Ланка). Справаздачы аб падарожжы высылае ў розныя еўрапейскія газеты і часопісы.

Бардакоў цікавіўся пытаннямі канфесійнай геаграфіі, асаблівасцямі вераванняў розных народаў, а па пытаннях будызма перапісваўся (1903) з Львом Талстым.

Пасля вяртання ў Расію, ліквідуе акадэмічныя “хвасты”, здае чарговую сесію, і з’яжджае ў падарожжа па Сібіры і Далёкім Усходзе.

У Хабараўску ўваходзіць у склад экспедыцыі штабс-капітана В. К. Арсеньева па даследаванні Усурыйскага краю (1907–1908), Сіхатэ-Аліня, разам з Арсеньевым адкрыў старажытную крэпасць Ключы.

Арсеньеў дае Бардакову характарыстыку: «…чалавек вельмі выхаваны, адукаваны, роўны і тактоўны і ў найвышэйшай ступені добрасумленны. Сярод усіх удзельнікаў экспедыцыі… пакінуў пра сябе самыя лепшыя ўспаміны». 

Пасля заканчэння экспедыцыі рабаўнікамі быў забіты праваднік Дэрсу-Узала (яму П. Бардакоў прысвяціў апавяданне «Дэрсу-Узала», 1909). Арсеньеў жа сваю аповесць «Дэрсу Узала» завяршыў толькі ў 1917 г. і ўпершыню апублікаваў у 1923). Аб назіральнасці, прынцыповасці Бардакова сведчыць супастаўленне характарыстык яго і начальніка экспедыцыі адносна Дэрсу-Узала: у Бардакова ён хітраваты, сабе на розуме, не вельмі гарыць жаданнем працаваць, схільны да п’янства і ўжывання опіуму, не заўсёды шануе продкаў. Арсеньеў, наадварот, ідэалізуе Дерсу: прастадушны, сумленны. 

Пасля завяршэння экспедыцыі, П.П. Бардакоў скончыў універсітэт, працаваў у навуковых і навучальных установах Кіева, Харкава, Палтавы, Масквы і Ленінграда. У Магілёў быў запрошаны па хадайніцтве прафесара М.М. Самбікіна, у 1936-1940-х гг. працаваў прафесарам кафедры фізічнай геаграфіі. 

Пра апошнія гады жыцця прафесара таксама нічога не вядома. Памёр у 1945 г., пакінуўшы аб сабе памяць і як дзіцячы пісьменнік-анімаліст А. Пятроў. П.А. Лярскі, калі прыводзіў апісанні пуночек на лекцыях па методыцы выкладання прыродазнаўства і не здагадваўся, што А. Пятроў і П.П. Бардакоў – адзін і той жа чалавек!