Галоўная » 120 год таму ўпершыню было надрукавана «Описание Кричевского графства, или бывшего староства»

120 год таму ўпершыню было надрукавана «Описание Кричевского графства, или бывшего староства»

У 1901 годзе «Описание Кричевского графства, или бывшего староства» было надрукавана вядомы беларускім этнографам, фалькларыстам  і археолагам  Еўдакімам Раманавым у зборніку дакументаў і артыкулаў па гісторыі, этнаграфіі і археалогіі Магілёўшчыны «Могилевская старина». «Описание …» выйшла ў другім выпуску зборніка, аднак са скарачэннямі і ўключае 50 старонак друкаванага тэксту.

Трэба адзначыць, што «Описание Кричевского графства, или бывшего староства» падрыхтаваў у 1786 годзе Андрэй Меер, дзе апісаў прыроду, побыт і культуру жыхароў сучасных Крычаўскага, Клімавіцкага, Хоцімскага, Касцюковіцкага і Краснапольскага раёнаў Магілёўскай вобласці. На сённяшні момант рукапіс захоўваецца ў Казанскім ўніверсітэце. Сам Андрэй Меер з’яўляўся рускім ваенным саксонскага паходжання, генерал-маёрам, аднак паралельна шмат пісаў і стаўся гісторыкам, этнографам і пісьменнікам другой паловы XVIII стагоддзя. Гэтаксама быў сябрам Вольнага Расійскага сходу пры Маскоўскім універсітэце і Вольнага эканамічнага таварыства.

У «Описании …» Меер пакінуў шмат каштоўных звестак. Напрыклад, аўтар гістарычнага нарыса дзеліцца ўражаннямі ад мясцовага кірмашу: «Крычаўскія мяшчане гандлююць жалезам, соллю, тытунём, пянькой, рыбай, зернем …». Прыезджыя рыжскія і гданьскія купцы прывозяць «розныя суконныя паркалёвыя і шаўковыя тавары, напоі, шэрсць, шапкі, запрэжкі, рукавіцы, хусткі, батыст, галандскае і простае палатно і многія дробязі, якія ўжываюцца мясцовымі мяшчанамі і сялянамі. З Масквы прывозяць ў асноўным жалеза, чыгун і медзь, а з Маларосіі розную рыбу, асабліва сулу, данскіх карпаў, ці сазан, судакі, або, па-мясцоваму, калодкі, і многія іншыя салёныя і вараныя рыбы, таксама і напушчаны тытун». Меер таксма пісаў, што большасць сялян Крычаўскага стараства «…сутнасць бедныя. І некаторыя з іх не толькі з мякінай змешанага хлеба не маюць, але і … таўкуць вымачанае ў вадзе, гнілое дубовае з сярэдзіны дрэва і пякуць з гэтага з прыбыткам мукі…».

Алесь Крыжэвіч