Галоўная » 14 сутак прысудзілі гарадзкому актывісту з Магілёва, які на мітынгу нёс плякат «Только раз в аду»

14 сутак прысудзілі гарадзкому актывісту з Магілёва, які на мітынгу нёс плякат «Только раз в аду»

У Магілёве асудзілі на 14 дзён адміністрацыйнага арышту аўтара разнапрофільных праектаў і ідэяў, скіраваных на паляпшэньне якасьці жыцьця ў горадзе, Сяргея Пехцерава.

Гэта ён зь сябрамі прывёз да ізалятару, дзе трымалі схопленых у першыя дні пратэстаў, раскладныя крэслы, каб родным было лягчэй стаяць у чарзе зь перадачамі.

Крэслы, якія Сяргей Пехцераў прывёз да ізалятара

Затрымалі Сяргея Пехцерава 10 верасьня ў Ленінскім аддзеле міліцыі, куды яго выклікалі сьведкам. Да суду трымалі ў ізалятары.

У Ленінскім судзе справу супраць Пехцерава разглядалі праз скайп. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, актывіст 30 жніўня і 6 верасьня ўдзельнічаў у несанкцыянаваных шэсьцях, дэманстраваў апазыцыйную атрыбутыку і выказваў незадаволенасьць вынікамі прэзыдэнцкімі выбараў.

Абвінавачанаму прадставілі адваката. Удзел у шэсьці Пехцераў прызнаў. Ён адзначыў, што на плячах меў бел-чырвона-белы сьцяг, а сваім удзелам у маршы пратэставаў супраць гвалту сілавікоў пасьля выбараў. На адным з шэсьцяў нёс таблічку з надпісам «Только раз в аду».

Актывіст прасіў суд не прызначаць яму адміністрацыйнага арышту, а аштрафаваць яго. Больш удзельнічаць у несанкцыянаваных мерапрыемствах ня будзе, запэўніў ён.

Судзьдзя Аксана Ратнікава прызнала Сяргея Пехцерава вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Родныя затрымых сядзяць на прывезеных Пехцеравым крэслах пад ізалятарам

Падтрымаць Пехцерава прыйшлі бацькі, жонка, сябры ды паплечнікі. Аднаму з іх, Канстанціну Чарнову, супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі ў званьні падпалкоўніка ўручыў позву на допыт. Сёньня ж судзьдзя Ратнікава за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці пакарала на 10 сутак прыхільніка пераменаў Васіля Плешкунова.

Фота: Радыё Свабода, mspring.online

Крыніца: Радыё Свабода