Міжнародны дзень студэнтаў – дзень міжнароднай салідарнасці студэнтаў святкуецца з 17 лістапада 1941 года.
Гісторыя свята такая: 28 кастрычніка 1939 года ў акупаванай нацыстамі Чэхіі праскія студэнты і іх выкладчыкі выйшлі на дэманстрацыю, каб адзначыць гадавіну ўтварэння Чэхаславацкай дзяржавы. Войскі акупантаў разагналі дэманстрацыю, пры гэтым студэнт медыцынскага факультэта Ян Аплятал атрымаў агнястрэльнае раненне. Ён быў неадкладна праапераваны, але сканаў 11 лістапада. 15 лістапада адбылося пахаванне, якое перарасло ў акцыю пратэсту. Дзесяткі дэманстрантаў былі арыштаваныя.
Раніцай 17 лістапада 1939 г. немцы акружылі студэнцкія інтэрнаты. Больш за 1200 студэнтаў былі арыштаваны і адпраўлены ў канцлагер. 9 студэнтаў і актывістаў студэнцкага руху пакаралі смерцю ў турме.
Праз два гады, у 1941 годзе, у Лондане прайшла Міжнародная сустрэча студэнтаў, якія змагаліся супраць нацызму. Па прапанове чэхаславака Ота Шлінга было вырашана ў гонар загінуўшых штогод адзначаць гэтую дату як Дзень студэнта.
Што адбываецца ў Магілёве з нагоды Дня студэнта 17 лістапада? У магілёўскіх кінатэатрах дзейнічае для студэнтаў 50% зніжка на квіткі. Напэўна гэта на фільмы, якія распавядаюць пра студэнцкую салідарнаць на Беларусі, у свеце, пра барацьбу з фашызмам? Не! Гэта “вельмі” актуальныя фільмы “Сябар на продаж”, “Рад 19”, “Сямейка Адамс”, “Мінулай ноччу ў Соха”.
Якая актуальная інфармацыя пра Дзень студэнта размешчана на сайце флагмана вышэйшай адукацыі МДУ імя А.А. Куляшова? На дзень святкавання – аніякай! (акрамя кінаафішы).
Што ведаюць студэнты магілёўскіх ВНУ пра Дзень студэнта? Якім гістарычным падзеям ён прысвечаны?
Адказы ад выпадкова сустрэтых, каля вучэбных корпусаў, 3-х студэнтаў БРУ, 5-ці студэнтаў МДУ імя А. Куляшова, 3-х студэнтаў Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій крыху здзівілі. Студэнты ведаюць, што такое свята ёсць (100%), яны ніяк яго сёння не абмяркоўвалі ў акадэмічных групах (100%), аб тым, што іх віншвалі выкладчыкі адказалі па аднаму з апытаных (1 – МДУ, 1 – БРУ), сённяшні дзень прайшоў “як звычайна”, “будзённа”, “нармальна”, не адчулі святочнасці (100%).
Ні адзін са студэнтаў не ведае, што гэта “не проста Дзень студэнта”, а менавіта Дзень міжнароднай салідарнасці студэнтаў, перш-паперш, супраць нацызму.
Адразу ўзнікае пытанне: калі гэтаму не вучаць, пра гэта не гавораць выкладчыкі, можа яно і не патрэбна сённяшнім беларусам?
Кухар Магілёўскі