Так здарылася ў маім жыцці, што толькі на 48 годзе я быў ахрышчаны ў Магілёўскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Бялыніцкай. Святы сакрамент 24 чэрвеня 2001 года здзейсніў святар Пётр (Анрі) Мартэн і ў гэты ж дзень, разам з іншымі магілёўскімі вернікамі, адправіўся ў пілігрымку на сустрэчу з Янам Паўлам II у Кіеў.
У гэтыя дні па запрашэнню прэзідэнта Леаніда Кучмы і кіраўніцтва Грэка-каталіцкай і Рыма-каталіцкай цэркваў гэтай краіны на Украіну з візітам прыбыў Папа Рымскі Ян Павел II. Падзея была не толькі вельмі значная для жыхароў Украіны, а таксама і для іншых краін былога Савецкага Саюза, кожная з якіх распачала свой шлях да станаўлення самастойнасці і незалежнасці.
Ян Павел II правёў на Украіне пяць дзён – наведаў сталічны Кіеў і Львоў, як цэнтр Украінскай Грэка-каталіцкай царквы. У Кіеве ён наведаў Аскольдавую магілу, дзе знаходзіцца помнік князю Уладзіміру і прамовіў малітву. Пабываў у Баб’ем Яру каля мемарыяла памяці ахвярам Другой сусветнай вайны. Таксама Святы Ойча правёў перамовы з тагачасным прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмай.
Потым на аэрадроме Чайка адбыліся дзве літургіі ў лацінскім і візанційскім абрадах. Наша магілёўская групоўка дапоўніла агульную беларускую дэлегацыю і мы разам арганізавана рушылі да месца, якое была прызначана для Беларусі. Побач знаходзіліся сектары з пілігрымамі з Казахстана і Славакіі.
Святочная літургія была арганізавана вельмі урачыста і прыгожа. Была пабудавана спецыяльная пляцоўка для алтара, пляцоўкі для шматлікіх удзелькаў святочнага мерапрыемства. У асобнай пляцоўкі знаходзіліся ганаровыя госці і шматлюдны хор і аркестр. Пасля музычнага праслаўлення распачалася Святая Імша, якую ўзначаліў Ян Павел II.
Асабіста мяне вельмі ўразіла ўрачыстасць, якая прысутнічала сярод усіх прысутных. Але найбольш кранула тое, што Вялікі хрысціянін звярнуўся да прысутных на іх родных мовах. І калі загучала наша беларуская, над нашым сектарам міжвольна загучалі радасныя і ўзнёслыя воклічы ўдзячнасці, якія напаўнялі нашы сэрцы захапленнем і годнасццю за наш беларускі народ. Другі раз, сярод прысутных беларусаў, нешта падобнае адбылося, калі Папамабіль з Янам Паўлам II па заканчэнню літургіі праезжаў побач з нашай пляцоўкай.
З прамовы пантыфіка асабіста хачу ўзгадаць яго словы: “Жыццё хрысціяніна – гэта жыццё у бурлівым моры. А компасам для яго, каб абавязкова дайсці да мэты, ёсць дзесяць Божых запавядзей. Калі мы не будзем прытрымлівацца компаса, СВАБОДЫ і ГОДНАСЦІ нам не ўбачыць”.
Гістарычная даведка: Ян Павел II (Караль Юзэф Вайтыла) нарадзіўся 18 мая 1920 года ў польскім горадзе Вадавіцэ каля Кракава. Гэта першы пантыфік-славянін. Сям’я Вайтылы, а ў яго быў яшчэ старэйшы брат Эдмунд, жыла даволі сціпла. Караль Вайтыла быў вельмі здольным хлопцам: ён добра вучыўся, рэгулярна гуляў у футбол і ездзіў на лыжах, а таксама браў актыўны ўдзел у працы школьнага тэатру. Яшчэ ў дзяцінстве будучы Папа перажыў смерць самых блізкіх людзей – памерла ягоная маці і брат, а ў 1941 годзе памёр і ягоны бацька. У гэтым жа годзе Караль Вайтыла, які ўжо быў тады студэнтам факультэта польскай філалогіі Ягелонскага універсытэта, што ў Кракаве, кінуў вучобу і пайшоў працаваць на фабрыку. У 1943 годзе будучы Папа нечакана вырашыў вывучаць тэалогію ў некалькіх падпольных навучальных установах. Пасля заканчэння вайны Вайтыла працягваў вучобу ў Рыме і стаў святаром. У 1963 годзе Караль Вайтыла быў прызначаны архібіскупам Кракаўскім, а праз 4 гады атрымаў тытул кардынала. 16 кастрычніка 1978 года ў 18:44 вернікі, якія сабраліся на пляцы святога Пятра, каля Ватыкану пачулі афіцыйнае паведамленне: “Папа абраны – ім стаў кардынал Караль Вайтыла”. 22 кастрычніка 1978 года ўрачыста распачаўся пантыфікат Вялікага Папы Яна Паўла II, які доўжыўся 27 гадоў і быў адным з самых працяглых пантыфікатаў ў гісторыі Каталіцкага Касцёла. За час свайго служэння Папа здзейсніў 146 апостальскіх візітаў на тэрыторыі Італіі, 104 замежныя візіты, абвясціў 1338 чалавек бласлаўлёнымі і 482 чалавекі – святымі. У 1979 і 1980 гадах з Папам тройчы сустракаўся тагачасны лідар беларускіх каталіцкіх святароў біскуп Чэслаў Сіповіч, які прасіў прызначыць біскупа ў БССР. Паразуменне з савецкімі ўладамі была дасягнута і ў 1989 годзе ў сан біскупа быў узведзены Тадэвуш Кандрусевіч. Да новага беларускага біскупа Ян Павел II нечакана для прысутных звярнуўся па-беларуску. Такім чынам ён паказаў, што Каталіцкая Царква ў Беларусі будзе шанаваць і ўсямерна падтрымліваць беларускую мову. Сэрца пантыфіка перастала біцца 2 красавіка 2005 года. Ян Павел II абвешчаны Святым 27 красавіка 2014 года.
Алесь Грудзіна