Галоўная » 2 лістапада беларусы адзначаюць Дзяды

2 лістапада беларусы адзначаюць Дзяды

У гэты Дзень беларусы збіраюцца разам сем’ямі, родамі. Ёсць гістарычныя сведчанні, зафіксаваныя этнографамі яшчэ ў ХІХ стагоддзі, што раней беларусы, нават сяляне, збіраючыся на святы дзень Дзяды вялікімі сем’ямі ўспаміналі сваіх продкаў мінімум да 20 калена! Не кажым ўжо пра шляхту і пра магнатаў!

Цяпер мала хто можа пахваліцца гэтым, – піша Алег Рудакоў, былы кіраўнік іркуцкай суполкі беларусаў, які ў мінулым годзе вярнуўся на радзіму, на Полаччыну. 

Але адраджаючы, старажытную традыцыю, мы павінны імкнуцца да гэтага, вывучаць свае карані і перадаваць сваім нашчадкам веды аб прашчурах. 

ЯК НАШЫ ПРОДКІ ПРАВОДЗІЛІ АБРАД ДЗЯДЫ РАНЕЙ? 

Распавядае Алег Рудакоў. Нашы продкі загадзя мыліся ў лазні, прыбіраліся ў хаце, вывешвалі чыстыя ручнікі, фіранкі, засцілалі белым абрусам стол. Бліжэй да вечара ўсе далёкія і блізкія сваякі збіраліся ў хаце ў найстарэйшага з роду. Прычым кожны прыходзіў са сваімі харчамі і стравамі. 

Накрываўся найбагацейшы стол, дзе абавязкова прысутнічалі тры абрадавыя стравы: куцця, бліны і кісель. Гаспадыня дома ставіла спецыяльны посуд для Дзядоў, куды ад кожнай стравы пакрысе адкладалася ежа. Гэтую ежу нельга было чапаць на працягу ўсёй вячэры, а затым яе аддавалі беднякам. На стале прызначаным Душам памерлых продкаў запальвалася Свечка. Яна гарэла ўвесь вечар, пакуль ішла размова. 

Пры неабходнасці свечкі замяняліся на новыя. Затым уставаў гаспадар хаты, ён жа з’яўляўся раздзелам Рода, і казаў рытуальныя словы: 

– Сьвятыя Дзяды, завем Вас, хадзіце да нас, ляціце да нас! Чым толькі хата багата, што ёсць тут – я для Вас ахвяраваў! Прыходзьце, Дзяды! І старыя, і малыя, хто на гэтым сялібе жываў, хлебасолі ядаў. Прыходзьце Дзяды! Ды свайго стала, ды свайго прыпечка, хлеба-солі засылайце, каб было чым душу памінаць год ад году, век ад веку. Прыходзьце Дзяды! П’ю за Вас, продкі нашы сардэчныя, каб ведалі, што нічога не шкадую Вам. 

У гэты момант гаспадыня дома, альбо сыны і дочкі, адчынялі вокны і дзверы і ў маўчанні сядзелі некалькі хвілін, даючы магчымасць «Дзядам» увайсці ў хату і пакаштаваць стравы. 

Калі агонь свечкі завагаўся, лічылася, што Душы прыйшлі ў Дом. Потым зноў уздымаўся гаспадар. Ён успамінаў пачынальніка іхняга Роду, альбо самага славутага продка. Трохі расказваў пра яго і прапаноўваў выпіць за яго душу. 

Затым гаспадар дома, альбо хто-небудзь з яго сыноў пералічваў усіх продкаў мінімум да 10 калена, пры гэтым давалася кароткая характарыстыка станоўчых якасцей. Напрыклад: «Дзед Мікола – добры былы каваль, прадзед Міхась – цудоўная граў на цымбалах…» і г.д. Пасля гэтага пачыналася трапеза. Падчас вячэры ішла ціхая “бяседа”. Апавядаліся прыгоды продкаў, апісваліся іх характары, успаміналіся легенды звязаныя з Родам. “Бяседа” доўжылася да “3-х пеўняў”. Было што расказаць нашым продкам аб сваіх прабацьках, цяжэй нам. У наш час памяць людская моцна ўкарацілася. Мы памятаем у лепшым выпадкі сваіх дзядуляў і прадзедаў, але не далей. Аднак адраджаючы традыцыю Дзядоў і распытваючы прадстаўнікоў свайго старэйшага пакалення, не толькі прамых, але і далёкіх сваякоў, капаючыся ў архівах, мы, я ўпэўнены, пакрысе папоўнім нашу Памяць і з гонарам зможам распавесці аб Сваім Родзе ў некалькі пакаленняў!!! Беларусы – дзе б Вы не былі збірайцеся на Дзяды! Збірайцеся Сваімі Родамі і Сем’ямі!! Расказвайце пра сваіх Продкаў адзін аднаму і маладому пакаленню!! Выконваючы Традыцыі нашага Народа мы можам смела ісці па Жыцці Наперад!!!

Калі ўсе беларусы будуць пастаяна збірацца на Дзяды ўсёй сваёй радзінай, ім будзе не так цяжка ўспамінаць  продкаў да 20 калена! Тады і будзе зразумела, што ў беларуса-пратэстоўца далёкі сваяк АМАПавец, а ў хворага на каронавірус –сваячніца загадчыца шпіталем…  Што ўсе беларусы – браты і сёстры, у якім недзе № калене.

Яўгіння Грамашчанка