2 лістапада мы адзначаем Дзень памяці продкаў – Дзяды. Гэта час роздуму і ўспамінаў аб тых, каго ўжо няма з намі. Гэта яшчэ адна магчымасць спыніцца ў штодзённым карагодзе імклівага жыцця, неадкладных спраў і клопатаў і задумацца аб вечнасці. Дзяды – старадаўняя рэлігійна-народная традыцыя прыгадваньня продкаў. У гэты дзень наведваюць магілы продкаў і памінаюць іх за сямейным сталом.
Лічылася, быццам на гэтыя святы душы памерлых прыходзяць да сваіх нашчадкаў і, нябачныя, частуюцца за сямейным сталом. Дзяды святкаваліся ў Беларусі, Украіне, частцы Польшчы і Літвы. Вылучаліся масленічныя дзяды, стрэчаньскія, радунічныя, спасаўскія, стаўроўскія, пакроўскія і іншыя. Галоўнымі лічыліся восеньскія, якія ў розных мясцінах Беларусі спраўляліся ў розныя, хоць і блізкія даты.
У найболей архаічнай форме святкаванне Дзядоў захавалася толькі ў беларусаў. «Дзядоўская» абраднасць наогул мае старажытнае, язычніцкае паходжанне і сыходзіць каранямі да першабытнага культу продкаў У першай палове 1990-ых у Беларусі Дзяды адзначаліся як дзяржаўнае сьвята.
2 лістапада на шклоўскіх гарадскіх могілках у гэты дзень група гараджан наведала магілы сваіх продкаў. Людзі спыняліся каля магіл сваіх сваякоў, запальваліся лампадкі і свечкі, гучала малітва. Стоячы каля магілы, успамінаем памерлых, з якімі яшчэ недаўна размаўлялі і раіліся.
Пасля набажэнства на могілках адбылася Святая Імша ў Шклоўскім касцёле Пятра і Паўла. Праводзіў святочную імшу ксёндз-пробашч Аляксандр Шупенька.
Алесь Грудзіна. Фота аўтара