Будучы педагог, літаратар, перакладчык нарадзіўся ў 1912 годзе ў мястэчку Радунь, што сёння ў Воранаўскім раёне, а апошні спачын знайшоў ў Вішневе, што на Валожыншчыне ў 1991.
У наш рэгіён трапіў пасля Першай сусветнай. Сям’я вярнулася з бежанства з Расіі. Тут Пятро Бітэль вучыўся ў школе ў Вішневе, а ў 1925 годзе скончыў Барунскую настаўніцкую семінарыю. Служыў у войску Польскім.
У 1940-м настаўнічаў у Вішневе, загадваў школай №2 у Валожыне, працаваў інспектарам райаддзела адукацыі. У 1944 годзе сям’ю Бітэле хацелі вывезці ў Нямеччыну, але атрымалася ўцячы з цягніка.
Пасля вайны настаўнічаў у забрэззі, на Валожыншчыне.
Вось, як згадвае Пятра Бітэля пісьменнік Уладзімір Арлоў:
На самым досьвітку сваіх літаратурных заняткаў я надрукаваў у газэце «Літаратура і мастацтва» апавяданьне «Двойка». Ягоны герой, шасьціклясьнік зь вясёлай мянушкаю Шкілет, выславіўся тым, што ў творы на зададзеную тэму – «Самы памятны дзень лета» – насуперак парадам настаўніцы напісаць пра экскурсію ў Маскву або пра касьцёр у піянэрскім лягеры, распавёў аб тым, як, выпрабоўваючы сьмеласьць, шукаў уначы на вясковых кладах магілу свайго дзеда.
У выніку ў апавяданьні Шкілет атрымаў «дваяк», а аўтар, гэта значыць я, у рэальным жыцьці быў усьцешаны перасланым з рэдакцыі дзясяткам лістоў абураных на-стаўнікаў, што баранілі гонар мундзіру. Самы рэзкі і, я сказаў бы, самы таленавіты з водгукаў належаў пяру выкладчыка беларускай мовы і лі-таратуры Вішнеўскай школы з Валожыншчыны. «За такі твор я сам, не вагаючыся, паставіў бы Ўладзімеру Арлову «двойку», – выносіў прысуд невядомы мне Пятро Бітэль. Так – спачатку завочна – я й пазнаёміўся зь ім, чалавекам, у лёсе якога адбіліся многія трагічныя беларускія падзеі ХХ стагодзьдзя.
Пятро атрымаў добрае нацыянальнае ўзгадаваньне ў вядомай Барунскай настаўніцкай сэмінарыі.
У 1939-м афіцэр польскага войска Бітэль трапіў у савецкі палон, але трагедыя Катыні абмінула яго.
Аднак гэбісты ўсё адно прыйшлі па беларускага патрыёта, які ў паваенны час, ня маючы магчымасьці працаваць настаўнікам, быў праваслаўным сьвятаром.
Да вызваленьня ў сярэдзіне 1950-х ён пасьпеў адседзець пяць зь дзесяці прызначаных савецкім судом канцлягерных гадоў. Кемерава – Омск – Джэзказган. Лесапавал – будоўлі сацыялізму – медныя капальні. Але, дзе б ні цягнуў тэрмін Бітэль, паўсюль яго атулялі глыбокая павага й любоў палітзьняволеных-беларусаў. Сябры, часам разьлічваючыся сваёй пайкаю, здабывалі яму магчымасьць не ісьці на працу, а, седзячы ў прыцемным кутку бараку, перакладаць на беларускую мову Адама Міцкевіча. На абгортачнай паперы Бітэль перастварыў «Пана Тадэвуша», «Конрада Валенрода» і «Гражыну». (Бітэлеў пераклад «Пана Тадэвуша» быў выдадзены Беларускім фондам культуры да 200-годзьдзя Адама Міцкевіча.)
У Саюз пісьменьнікаў нас прымалі адначасова. Бітэль падараваў мне сваю кнігу паэмаў, што ўразілі гістарызмам мысьленьня і напружанай пульсоўнай энэргетыкай. Я падпісаў яму маю першую кніжку апавяданьняў і колькі дзён лавіў сябе на тым, што чакаю ліста, дзе спадар Пятро зноў паста віць мне «двойку». Але тым разам пранесла. Наступныя кнігі ўжо атрымлівалі ад яго адзнакі, вышэйшыя за два балы.
Бываючы ў старадаўнім Вішневе, заўсёды пераведваю апошні прыстанак Пятра Бітэля, нязломнага беларуса, які нават у лягерным пекле натхнёна служыў музам.»
Дарэчы, сёння ў Маладзечне жыве ўнучка Пятра Бітэля, паэтка і педагог Тамара Бярэзіна.