300 гадоў таму назад у правядзенні геадэзічных здымак на Камчатцы ўзяў удзел ураджэнец Беларусі Іван Яўрэінаў. Пазней Камчатку вывучалі і іншыя нашы землякі. У гонар некаторых з іх названы геаграфічныя аб’екты на карце свету.
Яўрэінаў Іван Міхайлавіч (1694-1724) увайшоў у гісторыю геаграфічных даследаванняў як рускі марскі геадэзіст і падарожнік, даследчык Камчаткі і Курыльскіх астравоў.
Нарадзіўся ў 1694 г. у г. Мсціслаў (месца нараджэння ўстанавіў даследчык гісторыі беларускай геаграфіі доктар геаграфічных навук В. Ярмоленка (1940-2015). У Вікіпедыі непаразумеласць: «нарадзіўся ў Хлынаве Вяцкай губерні… Прыехаў у Маскву з Польшчы»).
Падчас Паўночнай вайны (1700-1721) хлапчуком вывезены з Мсціслава ў Маскву, ахрышчаны ў праваслаўе. У 1714 годзе паступіў у Школу матэматычных і навігацкіх навук, скончыў геадэзічны клас Марскі акадэміі Санкт-Пецярбурга (1718). У 1719 года распараджэннем Пятра I сумесна з Ф. Лужыным адпраўлены ў сакрэтную экспедыцыю па вызначэнні наяўнасці праліва паміж Азіяй і Паўночнай Амерыкай.
У 1720 г. прыбыў у Ахоцк, пераправіўся на Камчатку водным шляхам і далей па сушы дайшоў да Нижнекамчатска. Правёў глазамерную здымку паўвострава, прайшоў па моры ўздоўж Курыльскай грады і дасягнуў японскага вострава Хакайда.
Экспедыцыя не змагла адказаць на пытанне пра існаванне праліва, аднак, яна больш дакладна вызначыла абрысы берагоў Камчаткі, адносна правільна паказала кірунак Курыльскай грады. Вярнуўшыся ў Казань, у траўні 1722 г. прадставіў Пятру I справаздачу і карту, якая ўпершыню была заснавана на інструментальнай здымцы. Памёр 3 лютага 1724 г.
У гонар нашага земляка названыя мыс на паўночным узбярэжжы Ахоцкага мора, гара, праліў паміж астравамі Маканрушы і Анекатан Вялікай грады Курыльскіх астравоў.
Даследванні Камчаткі працягнулі іншыя нашы землякі.
Удзельнік паўстання 1794 г. генерал (у 32 гады) Юзаф Копаць (1762, Піншчына–1827) быў сасланы на Камчатку, дзе на працягу 2–х гадоў (1794–1796) вывучаў прыроду, народы, гаспадарку. Ён аўтар «Дзённіка падарожжа ўздоўж усёй Азіі па сушы да порта Ахоцк, акіянам праз Курыльскія астравы да Ніжнекамчацка…» (1817).
Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы рыштунку Камчацкай экспедыцыі Воін Якаўлевіч Корсак (Рымскі–Корсакаў, 1702, Полацк–1757). Ён у лютым 1738 г. быў прадстаўлены да адпраўкі ў на Камчатку ў якасці намесніка Берынга, але неўзабаве быў пераведзены на іншую флоцкую пасаду.
Ураджэнец Віцебскай губерніі Караль Іванавіч Багдановіч (1864-1945) такжа прычыніўся да даследаванняў Камчаткі, апісаў сейсмічнасць, карысныя выкапні. Яго імем названы вулкан на востраве Парамушыр, мыс на поўдні Сахаліна, мінерал багдановічыт, шэраг выкапнёвых арганізмаў.
У 1960-я гг. прычынілася да падарожжаў і вывучэння Камчаткі Клара Фядосаўна Старавойтова (1935, Магілёў–2019), якая скончыла Магілёўскі педінстытут (1958) па спецыяльнасці «Гісторыя. Геаграфія»).
Фатаздымкі выкарыстаны з адкрытых крыніц
І.М. Шаруха