У 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў гораду Чэрыкаву Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі срэбны мур з трыма вежамі, у цэнтральнай — брама з збройным рыцарам з дзідай у руцэ». Сярод важкіх правоў, агавораных прывілеем 1641 года, было права на самакіраванне.
Цяпер мяшчане маглі з сваіх людзей выбіраць бурмістра, войта “стану шляхецкага”, райцаў і лаўнікаў. Такім чынам ствараўся гарадскі кіруючы орган – магістрат. Яго паседжанні адбываліся ў спецыяльным будынку – ратушы, будаванне якой прадугледжвалася дакументам. У Чэрыкаве ратуша была пабудавана на рынкавай плошчы і мела вежу з гадзіннікам.
Магдэбурскае права пераводзіла жыхароў Чэрыкава на новы ўзровень сацыяльных адносін у іерархічнай лесвіцы тагачаснага грамадства. Напрыклад, мяшчане маглі паскардзіцца і, нават, працягнуць да адказнасці прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя. Паказальным у гэтым плане з’яўляецца прэцэдэнт 1736 г. паміж чэрыкаўскімі мяшчанамі і рэчыцкім пісарам Міхаілам Кялчэўскім. Калі апошні паспрабаваў парушыць правы “обывателей” Чэрыкава і Вербежа, яны звярнуліся са скаргай да караля Аўгуста ІІІ, які сваім лістом папярэдзіў віноўніка. Прычым за падобнае парушэнне правоў мяшчанаў Калчэўскаму пагражаў штраф памерам у 5 тысяч коп літоўскіх грошаў.
Больш за тое, адпаведна прывілею 1641 г. кожную нядзелю ў Чэрыкаве павінен быў дзейнічаць рынак, а два разы ў год, на працягу тыдня – праводзіцца кірмашы: адзін на Св. Троіцу, другі на Св. Пакравы.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Чэрыкаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1773 годзе Чэрыкаў зноў атрымаў статус горада і стаў цэнтрам павета Мсціслаўскай правінцыі Магілёўскай губерні . У 1781 годзе расійскія ўлады даравалі яму новы герб.
Алесь Крыжэвіч