Сёлета выдаўся багатым годам на юбілейныя даты. У цэлага шэрага гарадоў Магілёўшчыны разнастайныя так бы мовіць юбілеі. Напрыклад, у 1581 годзе ўпершыню згадваюцца Клімавічы і Чавусы. Сённяшні райцэнтр Клімавічы щпершыню згадваецца пад 1581 годам як вёска ў Мсціслаўскім ваяводстве, уладанне Мацея Глінскага. У XVІІ—XVІІІ стст. паселішча ўваходзіла ў склад Крычаўскага староства, аднак увесь час знаходзілася ва ўладанні розных шляхецкіх родаў. У юбілейны год было б вельмі добра, каб на мясцовым узроўні было вырашана пытанне з краязнаўчым музеем, а менавіта з рэканструкцыяй радавога дома Мяшчэрскіх, які быў пабудавана ў 1867 годзе і перажыў войны і рэвалюцыйныя падзеі ХХ стагоддзя. Менавіта ў гэтым будынку быў адчынены краязнаўчы музей у 1978 годзе, які на сённяшні дзень знаходзіцца далёка не ў лепшым стане.
Пад 1581 годам датуецца першы пісьмовы ўпамін пра вёску Чавусавічы. З 1589 года паселішча ўваходзіла ў склад Магілёўскай эканоміі, а ў 1604 годзе Чавусы атрымалі статус горада. Між іншым атрыманне Чавусаў статуса горада аўтаматычна надавала паселішчу Магдэбурскае права – права на самакіраванне. Яно было нададзена гораду каралём польскім і вялікім князем літоўскім Уладзіславым Вазам 12 жніўня 1634 г., а разам з ім і гарадскі герб «у блакітным полі на белым кані святы Марцін з мячом у руцэ, на плячах чырвоны плашч». Новы статут паселішча, а таксама яго сімвал, якім з’яўляўся герб Чавусаў нёс пэўныя эканамічныя, гандлёвыя прэферэнцыі і магчымасць самакіравання. У 2018 годзе Чавусы сталі адметны тым, што на будынку краязнаўчага музея з’явілася першая памятная дошка ў Беларусі прысвечаня казацтву. «6 августа 1654 года в городе Чаусы был организован Белорусский (Чаусовский) казацкий полк, в котором „…с 1000 пеших с бердыши, и с рогатины, и с пищалями, да конных крестьян со 100 человек…“», — напісана на ёй. Прычым павесілі дошку на раённым краязнаўчым музеі побач з іншай шыльдай, прысвечанай наданню гораду Магдэбурскага права. Выглядае гэта крыху абсурдна і нават сюрэалістычна, бо час калі быў сфармаваны Чавускі казацкі полк звязваюць з пачаткам т.зв. «Крывавага патопа» – вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай, якая трывала трынаццаць гадоў (1654–1667). Такім чынам, адкрыццё падобнай дыльды гэта праява т.зв. “руского мира”. Хаця падобныя, мякка кажучы, неадназначныя дзеянні Чавускага райвыканкама фіксуюцца не ўпершыню, бо калі ў 2001 годзе паўстала пытанне аб выбары афіцыйнага геральдычнага сімвала, мясцовыя органы ўлады на чале са старшынёй А. Мацюліным аддалі перавагу гербу часоў Расійскай імперыі як «больш адпаведнаму менталітэту грамадзян». Такім чынам, 3 студзеня 2005 года статус афіцыйнага геральдычнага сімвала Чавусаў атрымаў герб прыняты ў жніўні 1781 г. у час панавання імператрыцы Кацярыны ІІ ў Расійскай імперыі. Цяперака герб горада адлюстроўвае не слаўныя часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай, а драматычныя часы існавання беларускіх зямель. Ці можа здарыцца так, што ў юбілейны год у Чавусах вернуцца да старадаўняга герба, які звязаны з часам Рэчы Паспалітай і пачаткамі гарадскога статуса? Пытанне застаецца рытарычным і верагодна не мае станоўчага адказу.
Між іншым, у 1781 годзе былі прыняты таксама гербы Клімавічаў і Быхава. 16 жніўня 1781 году паселішча Клімавічы атрымала ўласны герб: «у блакітным полі залатая пчала», што ў нейкім сэнсе адлюстроўвала асаблівасці тэрыторыі, бо тутэйшае насельніцтва масава займалася пчалярствам. Паселішча Быхаў атрымала свой герб у гэты ж дзень, на якім у чырвоным полі месцяцца дзве скрыжаваныя чыгунныя гарматы. Выява герба сапраўды адлюстроўвае сутнасць Быхава як моцнай крэпасцю, якую рэдка якое войска магло ўзяць. Такой моцнай фартэцыяй Быхаў стаўся яшчэ у часы Вялікага Княтсва Літоўскага, калі над умацаваннем паселішча працаваў гетман Хадкевіч.
Алесь Крыжэвіч