Галоўная » 50 гадоў знакамітаму магілёўскаму фотаклубу “Радуга”

50 гадоў знакамітаму магілёўскаму фотаклубу “Радуга”

Гісторыя фотаклуба “Радуга” у Магілёве стала з’явай нацыянальнага маштабу, а асобныя яго выставы былі, без перабольшвання, падзеямі міжнароднага ўзроўню. Свой пяцідзесяцігадовы юбілей сябры клубу адзначылі выставай фотаздымкаў і выданнем фотаальбома з працамі сяброў арганізацыі. 

26 студзеня 1972 года дзякуючы энтузіязму і настойлівасці фота і кінааматараў пры гарадскім доме культуры Магілёва было створана аб’яднанне заўзятых любімай працай людзей. Творчае аб’яднанне складалася з трох секцый – фота, кіно і слайд студый. Было закуплена добрае абсталяванне, мелася памяшканне і жаданне працаваць. 

Вынікам сталі штогадовыя выставы з лепшымі фотаздымкамі. А з 1976 года пачалі стварацца тэматычныя выставы пераважна прысвечаныя Магілёву. У кастрычніку 1976 магілёўскі фотаклуб першым сярод клубаў Беларусі атрымаў званне “Народны самадзейны калектыў”. Ужо ў 1977 годзе клуб выйшаў на міжнародны ўзровень – пачаў ладзіць выставы з працамі майстроў розных краін. Падзеяй сталі выставы “Міні фота Радуга” 1977, 1979, 1982 гадоў. 

На апошнюю выставу 82-га года фотаграфічнай мініяцюры было прыслана каля чатырох тысяч прац, у тым ліку з многіх капіталістычных краін. Міжнародны поспех быў прызнаны камуністычнымі ўладамі “неадпаведным высокім ідэалам гуманізму”, выставу зачынілі, што стала прычынай доўгага крызіснага перыяду ў жыцці клуба. 

Але зярняткі ўжо далі ўсходы. Сябры клуба працягвалі фіксаваць у фотаздымках жыццё горада, рэгіёна і планеты, ствараць свае фоташэдэўры. Шматлікія выставы, міжнародныя званні – сведчанне плённасці дзейнасці клуба. 

Адкрыццё юбілейнай выставы 19.01.2022 г. 

Фотавыстава сяброў клуба адкрыты ў выставачнай зале па вуліцы Болдзіна. Кожнаму былому і сённяшняму фатографу далі права прэзентаваць толькі дзве свае працы. Выбраць два фотаздымкі з сотняў работ і пры гэтым адлюстраваць унутраны свет мастака – неверагодна цяжкая і амаль невыканальная задача. Тым не менш, уважлівы наведывальнік не толькі адкрые новыя для сябе імёны, са здзіўленнем даведаецца, што аказваецца знакамітыя магілёўскія мастакі прайшлі праз школу “Радугі”, але зможа пабачыць розныя стылі фатографаў, іх індывідуальны падыход да свайго захаплення. А тое, што гэтыя людзі захопленыя фотаграфіяй без сумневу адчуе кожны наведывальнік выставы. 

Адкрыццё юбілейнай выставы 19.01.2022 г. 

Да юбілею знакавыя сучасныя майстры клубу Ірына Савосіна, Аляксандр Ліцін, Анатоль Таўкачоў і Генадзь Карчэўскі стварылі фотаальбом з працамі былых і сённяшніх сяброў арганізацыі – “People’s phota club “Raduga”. Гэта своеасаблівы летапіс фотамастацтва Магілёва. У ім прадстаўлены чорна-белыя працы 34 аўтараў і каляровыя фотаздымкі 30 фатографаў. 

Напрыканцы, застаецца пажадаць плёну ў працы і новых дасягненняў сябрам клуба з паўвекавой гісторыяй.