Міністэрства аховы здароўя Беларусі 22 красавіка апублікавала ў сваім Telegram-канале статыстыку распаўсюду COVID-19 у Беларусі.
Паводле міністэрства, на раніцу 22 красавіка ў Беларусі:
- агулам 7281 выпадак інфікаваньня людзей новым каранавірусам зафіксаваны з пачатку эпідэміі;
- памерлі 58 пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй, якія, як сьцьвярджае міністэрства, мелі «шэраг хранічных захворваньняў»;
- выздаравелі і выпісаныя 769 пацыентаў;
- гэта значыць, зафіксавалі за дзень 558 новых выпадкаў і 3 новыя сьмерці;
- ад пачатку эпідэміі праведзеныя 114 955 тэстаў на каранавірус, іх праводзяць у 25 дзяржаўных і прыватных установах.
Днём раней Мінздароўя прызнала 6723 выпадкі каранавірусу ў Беларусі (459 новых выпадкаў за дзень) і 55 сьмерцяў ад COVID-19. Статыстыку па рэгіёнах паведамляць ня сталі, бо яна «істотна не зьмянілася».
Раней лічбы, якія Мінздароўя называла па асобных раёнах, не супадаюць з названымі раённымі ўладамі. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае ў памерлыя ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі, піша Радыё Свабода.