Міністэрства аховы здароўя Беларусі 23 красавіка апублікавала ў сваім Telegram-канале статыстыку распаўсюду COVID-19 у Беларусі.
Паводле Мінздароўя, на раніцу 23 красавіка ў Беларусі зафіксавалі:
- агулам 8022 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19;
- 60 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй;
- 938 выпісаных пацыентаў, у якіх была каранавірусная інфэкцыя;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 741 выпадак і прызналі яшчэ 2 сьмерці, выпісалі яшчэ 169 пацыентаў;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 122 543 тэсты — гэта 7588 за дзень, хоць раней на дзень рабілі 4300–6400 тэстаў;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісаныя дамоў на «амбуляторнае лекаваньне», не паведамляецца.
Днём раней Мінздароўя прызнала 7281 выпадак каранавірусу ў Беларусі (558 новых выпадкаў за дзень) і 58 сьмерцяў ад COVID-19. Статыстыка па асобных рэгіёнах не публікавалася.
Раней лічбы, якія Мінздароўя называла па асобных раёнах, не супадалі з названымі раённымі ўладамі. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае ў памерлыя ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
21 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя апублікавала вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала да дадатковых захадаў дыстанцыяваньня, скасаваньня масавых мерапрыемстваў і пераходу на дыстанцыйную адукацыю. Дзяржаўныя СМІ перадалі толькі тое, за што WHO пахваліла Беларусь, але не перадалі рэкамэндацыяў, якія Беларусь не выконвае.
23 красавіка Аляксандар Лукашэнка сабраў кіраўніцтва дзяржавы на нараду ў Палацы незалежнасьці. Сярод іншага ён заявіў:
«Мы не адмахваемся ад рэкамэндацыяў WHO, але мы мусім з комплексу рэкамэндацыяў, нашага досьведу, дзейнічаць адпаведна. Нельга дзейнічаць наўдалую і нельга дзейнічаць „а, на ўсялякі выпадак, горш ня будзе“».
«Трэба — увядзем і камэнданцкі час, трэба — ізалюем гарады, пасёлкі і вёскі. Але хіба сёньня такая праблема стаіць перад краінай? Не».
«У нас прыхільнікаў, нават тых, хто спачувае, ня будзе, бо мы пайшлі супраць плыні».
«Калі становішча будзе мяняцца ў горшы бок, я нічога не выключаю, ужо перажываю за любы шоргат, то мы падключым рэзэрвы».
«Ніякага ўхваленьня падзення ВУП ня можа быць і ня будзе, таму настройвайцеся на выкананьне тых плянаў, якія перад намі ёсьць».
«Калі мы будзем выдзяляць нейкія грашовыя сродкі для эканомікі — іх будуць дзяліць „губэрнатары“, яны гэтага запатрабавалі».
«Ніхто нікому нічога ня дасьць. А калі хто-небудзь хоча, каб яму далі, хай скажа: дзе гэта ўзяць? Мы што, будзем сёньня забіраць у людзей, якія напружваюцца?»
«Мы пачыналі гэтую барацьбу зь некаторай такой расслабленасьці нашых лекараў, у асобных выпадках — расхлябанасьці. І гэта прывяло да таго, што мы атрымалі гэтую заразу ў некалькіх дзесяткаў лекараў».
Крыніца: Радыё Свабода