Галоўная » 8 мая 1945 году быў падпісаны акт аб капітуляцыі Нямеччыны. Другая сусветная вайна ў Еўропе скончылася (Да 75-годдзя вызвалення Беларусі)

8 мая 1945 году быў падпісаны акт аб капітуляцыі Нямеччыны. Другая сусветная вайна ў Еўропе скончылася (Да 75-годдзя вызвалення Беларусі)

З успамін Аляксандра Андрэевіча Рэвякі, майго цесця, які ўсё жыццё сумленна адпрацаваў вадзіцелем аўтамабіля і меў тагачасныя ўзнагароды:  медаль “За доблестный труд в ознаменование 100-летия со дня рождения В.И.Ленина”, знак “За работу без аварий 1-й степени”, неаднаразовы пераможцца сацыялістычнага спаборніцтва. Гады жыцця: 23.03.1929 – 19.02.2002. Пражываў у вёсцы Рыжкавічы. Зараз вёска ўвайшла ў межы горада Шклова.

Экспрапрыяцыя:

Памятаю, як у пачатку вайны ў хату забег узрушаны старэйшы брат Мікалай і паклікаў мяне хутчэй бегчы ў Шклоў, дзе ў крамах “усё бярусь задарма”. Прыбеглі да бліжэйшага харчовага магазіна (зараз вуліца Савецкая, д.54). Бачым жудасную з’яву –  з магазіна жыхары Шклова вельмі хутка расцягваюць харчовыя тавары. Мы былі падлеткамі і нам амаль нічога не дасталося. Паспелі схапіць толькі мех з гарбатай. Гэтай гарбаты потым хапіла на ўвесь ваенны час і нават на наступныя гады. Калгасную жывёлу эвакуіраваць не паспелі. З прыходам немцаў, вялікі гурт скаціны знаходзіўся на лузе ракі Днепр каля Зарэчча. Кароў ніхто не даіў і яны гучна раўлі, а з мясцовых жыхароў ніхто не рызыкаваў падыйсці і нешта зрабіць са скацінай. Далейшы лёс калгаснага гурта я ня ведаю. А вось калгасных канёў, якія засталіся, немцы падзялілі сярод жыхароў Рыжкавіч. Непасрэдна нашай сядзібе дасталася вельмі добрая каняка па мінушцы “Мангол”, які заставаўся ў нашай сямейнай гаспадарцы ўсе ваенныя гады. З прыходам Савецкай арміі “нашага Мангола” забралі і ўсё наша сямейства вельмі сумавала з гэтай нагоды.

Тэрор:

У 1941 годзе я быў сведкам, як немцы прымусілі вялікую колькасць людзей знаходзіццана на лузе каля Рыжкаўскай царквы. Гэта былі мясцовыя жыхары яўрэйскай нацыянальнасці. Яны сядзелі на голай зямле ў дзень і ноч, у спякоту і непагаць. Людзі пакутвалі ад шматлікіх здзек і жудасных забойстваў. Напрыклад немецкія салдаты, каму – небудзь з яўрэяў на галаву ўстанаўлівалі запалкавы карабок і адышоўшы, пачыналі страляць па гэтай мішэні. Жудасна ўявіць, што пры гэтым адчувала ахвяра. Памятаю, як два яўрэйскіх юнакі спрабавалі ўцячы, але ахоўнікі іх злавілі і растралялі.

Паўсяддзённае жыццё: 

Новыя ўлады перадалі калгасныя землі сялянам, падзяліўшы яе з улікам колькаснага склада кожнай сям’і. У Шклове, на былой дрэваапрацоўчай фабрыцы “Барацьба”, працаваў млын. Сяляне з наваколля прывозілі туды зерне. Аднойчы мой бацька, каб хутчэй змалаціць зерне, прапанаваў  млынару пляшку самагону. Але млынар рашуча адмовіўся і моўчкі паказаў на намецкага салдата, які знаходзіўся на двары і наглядаў за парадкам. Давялося  нам займаць месцца ў агульнай чарзе.

Непасрэдна каля Дняпра у Рыжкавічах размяшчалася невялікая нямецкая вайсковая часць, якая ахоўвала пераправу праз раку. Часова, у будынку царквы, немцы нават зрабілі невялікую майстэрню па рамонту тэхнікі і зброі. Я, як і іншыя суседскія хлапчукі, хадзілі да нямецкіх салдат і дапамагалі ім па гаспадарцы. Напрыклад мылі посуд, або пілілі дровы. За гэту працу салдаты калі-небудзь частавалі нас харчаваннем. Гэтыя невялічкія пачастункі мы хутка неслі да хаты.

Асабліва складана была пад час вайны набыць харчовую соль. І вось аднойчы бацька разбудзіў мяне ноччу. Узяўшы мех і будаўнічы малаток мы крадучысь пашлі ў накірунак Шклова. Прыйшлі да паўразбуранай цаглянай двухпавярховай школы па вуліцы Дняпроўскай (будынак незахаваўся). Побач са школай да вайны існавала невялічкая пекарня, дзе пяклі невялічкія хлебныя пачастункі. Будынак гэтай пекарні быў амаль увесь разбураны.  Заставалася толькі даволі вялікая печ. Бацька з маёй дапамогай пачаў паціху разбіваць гэту печку, а потым з нейкай адтуліны стаў выграбаць сапраўдную соль. Набраўшы солі болей як паўмеху, мы хуценька пайшлі да хаты. Усё жыццё бацька працаваў печніком і гэту печку ў пекарні ён рабіў да вайны таксама. А каб цяпло доўга трымалася, ў нутры печы рабілася адпаведная ніша, куды і засыпалася соль. Пра гэтую соль напэўна ведаў толькі сам будаўнік пячы. Такі чынам, даваенная праца бацькі забяспечыла ўсю нашу сям’ю гэтым харчовым прадуктам на бліжэйшыя гады.

Між тым, пры ўсіх цяжкасцях, наша сям’я ўмудралася трымаць парсючкоў. Каб іх не забралі немцы, зрабілі ў хляву патаемны закуток і замаскіравалі яго дравамі. Але аднойчы да нас у хату зайшоў нямецкі салдат і запатрабаваў каб гаспадар аддаў яму парсючка. Менавіта ў гэты перыяд  два гадаванца былі ў нашым патаемным месцы. Бацька запярэчыў, пачаў сцвярджаць, што аніякай скаціны ў яго няма і паказваў пустыя хлеўчукі. Але немец хітра паглядзей на бацьку і паказаў два пальцы: “Вось, столькі ты гадуеш!”. А потым дадаў, што ён забяре толькі аднаго парсючка, а другі хай застаецца. Наша схованка была рассакрэчана. На прыканцы немец паведаміў, што пра патаемных парсючкоў яму расказаў наш аднавясковец.

Успаміны да друку падрыхтаваў Алесь Грудзіна