Як паведамляюць дзяржаўныя сродкі масавай інфрмацыі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ў рамках прыёма грамадзян вядуць “актыўныя і выніковыя” сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі.
Але, на практыцы, цікавасць да сустрэчаў з дэпутатамі сярод грамадзянаў краіны мінімальная. “А ну іх, гэтых дэпутатаў. Яны нічога не вырашаюць”, – кажуць, напрыклад, жыхары Шклоўшчыны.
Шклоўская раённая газета “Ударны фронт” ад 23 сакавіка 2020 г. красамоўна паведамляе чытачам аб прыёме грамадзян і “прамой тэлефоннай лініі” па асабістых пытаннях, якія правёў на мінулым тыдні ў Гарадзецкім сельскім выканаўчым камітэце дэпутат ПП НС Андрэй Ганчук.
За дапамогай да дэпутата за цэлы дзень асабіста звярнуўся адзін чалавек, на тэлефонную лінію паступіў адзін званок.
Па колькасці ўзнятых грамадзянамі Гарадзецкага сельскага Савета праблемных пытанняў перад дэпутатам, па тым, як гэта прыпадносіцца мясцовымі СМІ, можа скласціся ўражанне, што ўсе праблемы тут паспяхова вырашаны папярэднікамі дзеючага дэпутата – дэпутамі ПП ранейшых скліканняў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 У.Канаплёвым, В.Івановым, Д.Гобаравым, дэпутатамі мясцовых Саветаў, выканаўчай уладай Шклоўскага раёна. Можна сказаць, што А.Ганчуку проста пашчасціла стаць дэпутатам менавіта па акрузе, дзе да гэтай пары ў якасці народных абраннікаў былі сапраўдныя “слугі народа”.
Андрэй Аляксандравіч з энтузіазмам узяўся за “адзінае” праблемнае пытанне, з якім звярнулася асабіста да яго жыхарка в.Хадулы, Гарадзецкага сельскага Савета, Шклоўскага раёна, і тут жа даў неабходныя распараджэнні адпаведным раённым службам.
А праблема заключаецца ў адсутнасці якаснага праезду ад трасы да вёскі і вясковых могілкаў. Існуючая грунтовая дарога моцна размываецца, праведзены раней неякасны рамонт не даў належнага эфекту.
Шклоўскія дарожнікі ў асобе дырэктара ДРБУ-175 тут жа паабяцалі дэпутату выправіць склаўшуюся сітуацыю ў бліжэйшы час.
Падводзячы вынікі размовы, дэпутат прапанаваў жанчыне яшчэ крыху пачакаць і даць магчымасць дарожнай службе выканаць свае абяцанні, а ён, у сваю чаргу, возьме дадзенае пытанне пад свой асабісты кантроль.
Толькі “народны абраннік” не ўдакладніў – а колькі часу неабходна будзе чакаць, пакуль ён разам з дарожнай службай выканаюць сваё абяцанне. А вясковая жанчына так і неадважылася запытаць у дэпутата аб тэрмінах, і наважылася зноўку чакаць, як чакала выканання абяцанняў ранейшых дэпутатаў і мясцовых чыноўнікаў, хоць яе аднавяскоўцы даўно ў іх разуверыліся і перасталі чакаць.
Яшчэ ў сакавіку 2017 года, пасля 10 гадоў безвыніковых хаджэнняў да дэпутатаў, жыхарка в.Хадулы Галіна Самуйлава ад імя ўсіх вяскоўцаў звярталася з гэтай праблемай у час прыёма грамадзян да тагачаснага старшыні Шклоўскага райвыканкама В.Віцюнова.
Старшыня райвыканкама тут жа даручыў кіраўніку ДРБУ-175 разабрацца з дадзенай праблемай. А дырэктар дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення тады папрасіў жанчыну пачакаць пакуль дарогі падсохнуць і паабяцаў, што пасля гэтага – да майскіх святаў, усе дарогі да сельскіх населеных пунктаў раёна, што знаходзяцца на балансе ДРБУ, а таксама пад’езды да вясковых могілкаў будуць падсыпаны, прагрэйдзіраваны і прыведзены ў належны стан.
Але, відаць, дарожны начальнік не ўдакладніў, а вясковая жанчына, як і на гэта раз, не адважылася тады запытаць у дарожнага начальніка – а да майскіх святаў якога года дарога на Хадулы будзе прыведзена ў належны стан?
Па прашэсці некаторага тэрміна, калі сонца высушыла дарожную вільгаць, і дарога стала прыдатнай для праезду да вёскі, раённая газета “Ударны фронт” перад майскімі святамі 2017 года вясёлкава прыпадносіла гэта як дасягненне і поспех раённых уладаў і службаў у справе выканання зваротаў грамадзян.
На гэты раз, мабыць, А.Ганчуку ўдасца крыху раней, не чакаючы майскіх святаў 2020 года, адсправаздачыцца аб выкананні зварота жыхаркі в.Хадулы, бо ўмовы надвор’я спрыяюць больш ранейшаму высушванню дарожнай вільгаці.
А што будзе далей?
А далей, дакуль застаецца захаванаю дзеючая ў Беларусі сістэма ўлады, будзе новы “народны абраннік”, новы старшыня Шклоўскага райвыканкама, яшчэ, магчыма, новыя чаканні і спадзяванні жыхаркі Хадулоў, якая пакуль верыць, у адрозненні ад сваіх землякоў, такім “народным абраннікам”, дэпутатам і мясцовай уладзе.
Рыгор Кастусёў