Пытаньне прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці інструктара-мэтадыста Іны Кардабнёвай, якая абуральна выказалася пра беларускую мову, не ўваходзіць у кампэтэнцыю Клімавіцкай ДЮСШ.
Пра гэта Радыё Свабода паведаміў дырэктар навучальнай установы Мікалай Стальмакоў.
«Улічваючы, што Кардабнёва І.А. зарэкамэндавала сябе як граматны спэцыяліст, ня мае парушэньняў працоўнай дысцыпліны, падстаў для прыцягненьня яе да дысцыплінарнай адказнасьці ў адміністрацыі ДЮСШ няма», — лічыць дырэктар.
Але, каб не дапусьціць падобных фактаў у будучыні, з Кардабнёвай «правялі тлумачальную размову».
Іна Кардабнёва заявіла ў сваім відэаблогу, што беларуская мова, «жудасная і блытаная», «робіць беларускіх дзяцей яшчэ тупейшымі».
Паводле Мікалая Стальмакова, цяпер відэа Кардабнёвай «Колькі можна мучыць нашых дзяцей???» выдалена з інтэрнэту. Таксама аўтарка відэа ў «Інстаграме» «прынесла прабачэньні за выказваньні ў адрас беларускай мовы, а таксама патлумачыла, што не хацела нікога пакрыўдзіць, а выказала толькі свой пункт гледжаньня».
Паводле Мікалая Стальмакова, пазыцыя Іны Кардабнёвай — «гэта не пазыцыя калектыву ДЮСШ, а толькі прыватная думка асобна ўзятага чалавека». Маўляў, на вучэбна-трэнавальных занятках, у калектыве работнікаў школы Кардабнёва сваё стаўленьне да беларускай мовы «ніколі не выказвала».
Іна Кардабнёва — выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры, кандыдатка ў майстры спорту, удзельнічала ў чэмпіянаце сьвету ў лёгкай атлетыцы сярод юніёраў. З 2011 году працуе інструктарам-мэтадыстам у Клімавіцкай ДЮСШ.