Падчас спаткання ў Сочы Аляксандр Лукашэнка запрасіў расейскага прэзідэнта на Пяты форум рэгіёнаў, што адбудзецца ў Магілёве 26-28 верасня. «Для вас гэта новы горад. Беларусы і расейцы годна рыхтуюцца, каб правесці форум на высокім узроўні», – заявіў кіраўнік Беларусі.
Belsat.eu спраўдзіў, як абласны цэнтр змяняецца да візіту важнага госця.
Яшчэ на пачатку года старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Уладзімір Цумараўпаведаміў, што добраўпарадкаванню гораду сёлета адвядуць галоўную ролю. Большасць гараджанаў цешыцца, што горад рамантуюць. Але не ўсе ведаюць, з чым звязаныя інтэнсіўныя працы.
«А я думаю: чаму асфальт пачалі класці?», – кажа магілёвец у размове з belsat.eu.
Дык што і за колькі рамантуюць у Магілёве?
Трыумфальная арка
Трыумфальную арку будуюць на ўездзе ў Магілёў з менскага кірунку. Грошы на яе ў добраахвотным парадку збіраліся ў працоўных калектывах. Ідэя такой будоўлі ўзнікла пасля словаў Лукашэнкі, што Магілёву «не стае бляску». Будаўнічыя працы выконваюць працаўнікі «Дарсэрвісу» ДСТ-3. Кошт будаўніцтва аркі складае каля $ 750 тысяч.
Вуліца Якубоўскага
Акрамя аркі з менскага кірунку, рамантуюць і дарогу. Праводзіцца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй вуліцы Якубоўскага на ўчастку ад вул. Сурганава да вул. Бялыніцкага-Бірулі, а таксама рамонт мосту побач з галоўным корпусам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя А. Куляшова.
Самы вядомы даўгабуд Магілёва
Адзін з найважнейшых абʼектаў, які робяць да прыезду Уладзіміра Пуціна, – новы корпус Беларуска-расейскага ўніверсітэту. Тэрмін выканання – 1 верасня 2018 года. «Навучальна-лабараторны корпус са спартовым комплексам на вуліцы Ленінскай у Магілёве», як пазначана ў пашпарце абʼекту, яшчэ не прыняў ніводнага студэнта, а мае ўжо 30 гадоў. Гэта самы вядомы даўгабуд Магілёва, працы пачаліся ў 1989 годзе. Як вядома, у сценах Беларуска-расейскага ўніверсітэту плануюцца сустрэчы ў межах Пятага форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі.
Каб дабудаваць корпус да прыезду Пуціна і пры гэтым укласціся ў бюджэт, на пачатку года ўлады змянілі праект. Замест двух карпусоў (навучальнага і спартовага) пастанавілі будаваць адзін корпус са спартоваю пляцоўкаю. Пры гэтым фундамент спартовага комплексу заклалі раней, таму давялося яго разбіраць. Паводле афіцыйных звестак, на завяршэнне будаўніцтва патрабуецца Br 9,6 мільёнаў.
Плошча Славы
Гонарам для ўсяго Магілёва і тым самым «бляскам», якога не ўбачыў тут Лукашэнка, мае стацца адноўленая плошча Славы ў цэнтры Магілёва.
Плошчу зачынілі на рэканструкцыю ўзімку: тут мяняюць абліцовачную кафлю на мемарыяльным комплексе і ходнік. У горадзе абвесцілі акцыю: кожны можа запісаць сябе ў гісторыю на бліжэйшыя 5 гадоў. Менавіта столькі складае гарантыя на імянную кафлю, якую збіраюцца класці на плошчы Славы. За 65 рублёў можна заключыць дамову з Упраўленнем камунальных прадпрыемстваў, і вашае імя выгравіруюць на кафлі.
Лесвіца з фантанам
Побач з плошчаю Славы – яшчэ адзін грандыёзны праект магілёўскіх чыноўнікаў: лесвічны спуск і фантан з плошчы Арджанікідзэ ў парк Падміколле.
Будаваць гэтую лесвіцу прыходзіў нават старшыня гарвыканкаму Уладзімір Цумараў падчас суботніку 21 красавіка. Тады ён і паведаміў, што чырвоную стужку на гэтым абʼекце разрэжуць акурат на Пятым форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў верасні.
Вядома, што толькі ў 2018 годзе горад выдаткаваў каля Br 2 мільёнаў на частковае добраўпарадкаванне парку разам з будоўляю лесвіцы ды фантана. У будучыні план забудовы прадугледжвае добраўпарадкаванне ўсёй тэрыторыі Падміколля, а таксама стварэнне тут футбольнага поля і коўзанкі.
Стары горад
Не засталася без дагляду і гістарычная частка Магілёва. На пешаходнай вуліцы Ленінскай ужо месяц як аднаўляюць фасад будынкаў.
Згодна з планамі, на Ленінскай падчас форуму будуць адбывацца кірмашы. Тут жа месціцца і адноўлены музей імя Бялыніцкага-Бірулі, які ўрачыста адкрыюць таксама ў верасні.
Тэрмін здачы большасці аб’ектаў у Магілёве – жнівень 2018 года.
Форум рэгіёнаў традыцыйна арганізуе беларускі Савет Рэспублікі і расейскі Савет Федэрацыі. Яго асноўная мэта – пашырыць кантакты паміж рэгіёнамі Расеі і Беларусі. Імпрэзы ў межах Пятага форуму адбудуцца не толькі ў Магілёве, але і ў раённых цэнтрах – у Шклове ды Горках.
АС, belsat.eu