Галоўная » А1 пачынае прыём заявак на новы конкурс ідэй для старшакласнікаў «Першыя»

А1 пачынае прыём заявак на новы конкурс ідэй для старшакласнікаў «Першыя»

2 лютага 2021 г. стартуе новы сезон праекта «Першыя» для беларускіх старшакласнікаў. Навучэнцы 9, 10 і 11-х класаў змогуць прыняць удзел у адукацыйнай праграме і прэзентаваць свае ідэі пра тое, як змяніць жыццё вакол да лепшага. Дзесяць аўтараў самых цікавых ідэй выступяць на беларускамоўнай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk 2021 і атрымаюць смартфоны iPhone 12.

Для ўдзелу ў конкурсе і адукацыйнай праграме неабходна запоўніць анкету на сайце www.generation.A1.by. Свае ідэі старшакласнікі могуць прапанаваць у адным з пяці кірункаў: «Тэхналогіі», «Культура», «Інклюзія», «Экалогія», а таксама ў навінцы гэтага сезону – «Урбаністыцы». Кожнай з тэм будуць прысвечаны асобныя майстар-класы і мітапы з экспертамі, падчас якіх удзельнікі праекта змогуць распрацоўваць сваю ідэю, набываць карысныя веды, развіваць навыкі выступленняў, прэзентацыі, каманднай працы.

Згодна з палажэннем аб конкурсе, удзельнікам трэба будзе зняць відэаролік пра сваю ідэю (да 3 хвілін), падзяліцца ім у любой сацыяльнай сетцы (TikTok, Instagram, VK, YouTube, FB, OK, Twitter) з хэштэгам конкурсу #generationA1 і даслаць спасылку на generationA1.2021@gmail.com. Конкурсныя заяўкі з відэа будуць прымацца да 30 красавіка 2021 года.

Пераможцы будуць вызначаныя ў маі. А ў верасні дзесяць старшакласнікаў, якія пройдуць у фінал конкурсу, выступяць на традыцыйнай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk 2021 і атрымаюць прызы – iPhone 12 64GB.

Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Праект «Першыя» праходзіць на беларускай мове, уключаючы ўсе майстар-класы і публічныя выступленні фіналістаў, бо адна з мэтаў конкурсу – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і павелічэнне яе папулярнасці з дапамогай сусветнай супольнасці TED. Сёлета амбасадорамі праекта «Першыя» таксама стануць педагогі з праграмы «Настаўнік для Беларусі». Гэта дазволіць надаць больш увагі працы з навучэнцамі ў рэгіянальных школах.

«Кожны новы сезон праекта «Першыя» паказвае, як многа цікавых і карысных ідэй для Беларусі ёсць у нашай моладзі. І партнёрства з супольнасцю TEDx дазваляе прадставіць іх у папулярным сусветным фармаце, прычым на роднай мове сваёй краіны. Гэта дапамагае старшакласнікам паверыць у сябе і каштоўнасць іх задумак, усвядоміць бязмежнасць сваіх магчымасцяў і пераканацца на ўласным прыкладзе: кожны можа зрабіць нешта важнае для месца, дзе ён жыве», – адзначыў  начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай Брэдзелеў.

 

Пра праект «Першыя»

Конкурс ідэй «Першыя» рэалізуецца кампаніяй А1 ужо на працягу трох сезонаў з 2018 года пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Мэта конкурсу – павысіць цікавасць школьнікаў да беларускай мовы і культуры, тэхналагічных інавацый, інклюзіі, экалогіі і ўрбаністыкі, дапамагчы старшакласнікам з выбарам прафесіі, прыцягнуць іх увагу да грамадска важных праблем, укараніць у навучанне нефармальныя фарматы, знайсці і падтрымаць таленавітую моладзь.

Больш падрабязнай інфармацыі – на сайце www.generation.A1.by.