Усё сваё існаванне чалавецтва імкнецца да незалежнасці. Першабытны чалавек стараўся быць незалежным ад прыроды і навучыўся здабываць агонь. Прыручыўшы каня і авалодаўшы лукам, ён, адносна, зрабіўся незалежным ад голаду. Рабы імкнуліся да незалежнасці і дабіліся адмены рабства. А чаго дабіліся беларусы?
Вернемся на імгненне ў мінулае. Вось пра што, паведамляла выданне “Навіны Беларускага народнага фронту за перабудову” ад “ 20 студзеня 1990 года. На старонцы №2: “23 снежня а 10.00 некалькі хлопцаў спрабавалі распачаць каля будынку Віцебскага абкаму КПБ галадоўку пратэсту. Неўзабаве да іх падыйшлі міліцыянты і людзі ў цывільным, вырвалі плакаты і выкруцілі рукі, аднаго нават збілі на асфальт і цягнулі за ногі… А некалькімі днямі раней суддзі А. Сазон, З. Гелімбатоўская і Л. Дзяшкевіч прысудзілі ім (М. Паўлаву, М. Шпакоўскаму, П. Сырапеню, А. Мудрычэнку, Ул. Праніку, М. Намеснікаву, І. Цішкову і А. Салтанаву ) штрафы агульнай сумай ў 1000 рублёў. Юрыдычная падстава – артыкул 167 п.1 Кодэксу БССР аб адміністрацыйных парушэннях – несакцыянаваны мітынг”. На самай справе гэта быў дазволены сход выбаршчыкоў.
Газета “Грунвальд – навіны беларускага адраджэння” №2 сакавік 1990 года. На старонцы №6 газета друкуе два артыкулы Алеся Бяляцкага “Слуцкае паўстанне” і “Бандыт ці нацыянальны герой (асоба генерала Станіслава Булак-Балаховіча)”. Гэтая падзея і асоба генерала да гэтага часу афіцыйнай гісторыяй ігнарыруюцца.
Газета “Ніва” №4 ад 28 студзеня 1990 года, Беласток, Польшча, старонка №7. У рубрыцы “Погляды на хвалях эфіру” газета друкуе зварот Я. Зенюка: “У адукацыйным і культурна-асветным жыцці беларусаў у Польшчы мела б вялікае значэнне магчымасць глядзець тэлеперадачы з Гродна на беларускай мове – так як палякі на Літве, Беларусі і Украіне могуць глядзець тэлеперадачы на польскай мове. Ад імя ўсіх беларусаў Беласточчыны звяртаемся да ўрада БССР з просьбай стварэння нам такой магчымасці ў найбліжэйшы час. Да гэтай пары можам бачыць праграму з Гродна толькі на рускай мове”. Амаль нічога не змянілася на афіцыйным тэлебачанні.
І зноў “Навіны Беларускага народнага фронту за перабудову” за май 1989 года. На першай старонцы вялікі артыкул “Смешно не признавать то, что освящено временем” – размова з народным дэпутатам СССР Васілём Быкавым. На прыканцы артыкула вядомы пісьменнік спадзяецца: “Но люди у нас грамотные, Разберутся, я думаю».
З тых часоў прайшло тры дзесяцігоддзі. Сапраўды, разбяруцца лі беларусы?
Харытон Васільевіч