Галоўная » Абвешчана праграма XIV Міжнароднага тэатральнага фестывалю “М.@rt.кантакт”

Абвешчана праграма XIV Міжнароднага тэатральнага фестывалю “М.@rt.кантакт”

XIV Міжнародны моладзевы тэатральны форум “М.@rt.кантакт” пройдзе ў Магілёве з 21 па 27 сакавіка 2019 года. Фестываль праводзіцца з 2006 года і за 13 гадоў правядзення стаў адной з самых значных і чаканых культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і на ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі.

 

10 студзеня ў сценах Магілёўскага тэатра драмы адбылася прэсканферэнцыя, на якой зайшла размова пра ўдзельнікаў і рэпертуар фэстывалю, падрыхтоўчая моманты, гісторыю і акалічнасці правядзення мінулых фэстаў. З рэпарцёрамі мясцовых і нацыянальных выданняў сустрэліся дырэктар тэатру Андрэй Новікаў і намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. Адзначым, што заснавальнікамі форуму з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт і Магілёўскі абласны драматычны тэатр.  

Андрэй Кунцэвіч і Андрэй Новікаў на прэсканферэнцыі ў драмтэатры

 

Пад час сустрэчы з рэпарцёрамі

Сёлета, у рамках асноўнай праграмы форуму, плануецца паказ 23 спектакляў 23 тэатраў і незалежных тэатральных праектаў з 10 краін свету – Беларусі, Расіі, Грузіі, Латвіі, Арменіі, Украіны, Ізраіля, Прыднястроўя, Польшчы, Літвы. Цырымонія адкрыцця форуму пройдзе на асноўнай сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, дзе адразу ж пасля адкрыцця адбудзецца паказ спектакля па знакамітай аднайменнай п’есе Мальера – “Тарцюф” Санкт-Пецярбургскага тэатра “Майстэрня”

 
А самым першым спектаклем праграмы стане пастаноўка маладога ўкраінскага рэжысёра, заслужанага артыста Украіны Стаса Жыркова “ГЭТАМЫ”, выпушчаная ў рамках незалежнага тэатральнага праекта – сумеснай працы з беларускімі артыстамі. Літаратурнай асновай п’есы паслужыла нашумелая ў інтэрнэце кніга Андруся Горвата “Радзіва “Прудок”.

 
У сёлетняй праграме немала іншых пастановак, створаных у рамках міжнароднага супрацоўніцтва. Удалы прыклад сустрэчы розных самабытных тэатральных сусветаў – спектакль “Дванаццатая ноч” паводле п’есы Шэкспіра. Пастаноўку рэалізаваў на сцэне грузінскага Тэлаўскага Дзяржаўнага прафесійнага драматычнага тэатра імя Важа-Пшавела беларускі рэжысёр Міхаіл Лашыцкі, які зараз працуе ў Магілёве. Яшчэ адзін прыклад міжнароднай супрацы – сучасная версія выдатнага твора Антона Чэхава “Вішнёвы сад”, драму паставіў на сцэне Новага тэатра ў польскім горадзе Забжэ рэжысёр Давід Мгебрышвілі, мастацкі кіраўнік тэатра ў грузінскім горадзе Поці. Спектакль будзе ісці на польскай мове ў суправаджэнні субтытраў. 

 
У праграме форуму на малой сцэне таксама будзе прадстаўлена сумесная праца рэжысёра, балетмайстра і артыста Прыднястроўскага дзяржаўнага тэатра драмы і камедыі ім. Н.С.Аранецкой (г.Тыраспаль) Дзмітрыя Ахмадзіева і ізраільскай актрысы Анны Гланц-Маргуліс (Тэатр “Лесвіца”). Гэта спектакль малой формы “А мы адно для аднога – цені”, драма ў вершах, створаная паводле твораў Марыны Цвятаевай.

 
У праграму форуму ўвайшлі і іншыя пастаноўкі малой формы. Сярод іх – монаспектакль “Мая сям’я ў маім чамадане” аб карабахскай вайне, з удзелам Заслужанай артысткі Арменіі Нарынэ Грыгаран (Ерэванскі Дзяржаўны тэатр лялек імя Аванеса Туманяна, Арменія). Літоўскі рэжысёр і акцёр, дырэктар Міжнароднага фестывалю тэатраў аднаго актора “МонаБалтыя” Аляксандрас Рубіновас прадставіць у рамках уласнага незалежнага праекта монаспектакль “Коба” паводле апавядання Эдварда Радзінскага пра Сталіна.

 
Так сама на малой сцэне драматычнага тэатра гледачы ўбачаць монаспектакль “Сібір” – выказванне Тэатра (Не)Нарматыўнай Пластыкі з Санкт-Пецярбурга, дзе каардыната зносін выказана праз пластыку. Спектакль увайшоў у лонг-ліст “Залатой маскі” па выніках сезона 2017-2018 г. Гэта монаспектакль-споведзь, у якім заняты артыст Сяргей Азееў, а рэжысёрам выступіў Раман Кагановіч – арганізатар і ідэйны натхняльнік тэатра (Не)Нарматыўнай Пластыкі, стваральнік тэатральнай прасторы “Кропка”, акцёр, лаўрэат вышэйшай тэатральнай прэміі Санкт-Пецярбурга “Залаты сафіт”, яго спектаклі ўвайшлі ў лонг-ліст прэміі “Залатая маска”.

 
Сёлета на форуме будуць прадстаўленыя і іншыя работы, у якіх акцэнт зроблены на пластыку і харэаграфію. Перш за ўсё, гэта спектакль “Голы кароль” Дзяржаўнага Даўгаўпілскага тэатра Латвіі, рэжысёрам выступіў дырэктар тэатра Алег Шапашнікаў, які сам іграе ў спектаклі. Спектакль вельмі смелы і надзённы, маляўнічы, у ім шмат аголенага цела, а жанр пазначаны як “эпатажныя сюжэты з жыцця адной дзяржавы”, актуалізуюцца хворыя тэмы сучаснай сусветнай палітыкі. Даўгаўпілскі тэатр прадстаўляў у мінулым годзе ў Магілёве пластычную пастаноўку “Блізкасць”, якая атрымала пазітыўны водгук у прафесійным і глядацкім асяроддзі.

 
Моладзь годна ацэніць незвычайны праект “ЦеШо” – сацыяльны рэйв-бэнд, ко-прадукцыя паміж кіеўскім Цэнтрам сучаснага мастацтва “ДАХ” і незалежнай групай артыстаў “Тэатр-пральня”. Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр, які ярка заявіў пра сябе на папярэднім форуме, у гэтым годзе парадуе яшчэ адной пастаноўкай ўжо знаёмага гледачам маладога рэжысёра Віталя Краўчанкі. Летась ён прадстаўляў на форуме спектакль “Метад”, які стаў лепшым па выніках галасавання ў інтэрнэце, а  сёлета адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй у намінацыі “Лепшы спектакль тэатра драмы малой формы”. У гэтым годзе гледачы ўбачаць адну з новых пастановак Віталя Краўчанкі – кухонны баявік “Каралева прыгажосці”, створаны па знакамітай п’есе Марціна МакДонаха.

 
У праграме форуму гэтага года спектаклі на розных мовах –  рускай, беларускай, украінскай, польскай, грузінскай, англійскай і нават на “трасянцы” –  такую пастаноўку прадставіць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Спектакль “Рэвізор” пра правінцыйных чыноўнікаў створаны па знакамітай камедыі Гогаля двума рэжысёрамі – Мікалаем Пінігіным і Дзмітрыем Цішко

 
Наш горад на форуме будуць прадстаўляць Магілёўскі абласны драматычны тэатр са спектаклем “Жоўты пясочак” у пастаноўцы маладога рэжысёра, студэнткі Расійскага дзяржаўнага інстытута  сцэнічных мастацтвахў  Камілі Хусаінавай паводле апавядання Васіля Быкава, а таксама Магілёўскі абласны тэатр лялек з прэм’ерным спектаклем “Кандыд, або аптымізм” у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра, шматразовага Лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі, удзельніка і лаўрэата многіх фестываляў Ігара Казакова.

Сцэна са спектаклю “Жоўты пясочак”

 

Каміля Хусаінава

Спектаклі форуму будуць прадстаўлены на традыцыйных сцэнічных пляцоўках – асноўнай і малой сцэнах Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, Магілёўскага абласнога тэатра лялек, канцэртнай залы “Магілёў”, і, ўпершыню, на сцэне Абласнога цэнтра творчасці. Традыцыйна, у рамках спецыяльнай праграмы форуму, пройдуць майстар-класы для маладых акцёраў – на працягу фестывальнага тыдня будзе працаваць ужо звыклая для форуму Майстэрня маладой рэжысуры.

 
Для абмеркавання спектакляў плануецца запрасіць крытыкаў розных пакаленняў, а таксама, па ўстоянай традыцыі, даць ініцыятыву студэнцкай моладзі, якая будзе адгледжваць праграму, працаваць з гледачамі, сустракацца з удзельнікамі і гасцямі форуму, збіраць думкі, рыхтаваць публікацыі, актыўна працаваць у сацыяльных сетках. Традыцыйныя штодзённыя прэс-канферэнцыі і абмеркаванні прагледжаных спектакляў будуць праходзіць у фармаце творчых сустрэч, што дасць магчымасць жывых стасункаў паміж удзельнікамі, гасцямі фестывалю, маладымі крытыкамі, гледачамі і прадстаўнікамі СМІ. Таксама рыхтуецца выпуск друкаванага выдання (буклета) пра форум, яго праграму і удзельнікаў. 

Магілёўскі абласны драматычны тэатр

Ужо зусім хутка – 15 студзеня стартуе продаж квіткоў на спектаклі. Каштуюць квіткі ад 10 да 35 рублёў і не варта адкладаць іх набыццё, асабліва на пастаноўкі, што будуць праходзіць на малой сцэне. Зрабіць гэта можна ў касе тэатра, у тэатральных распаўсюднікаў, альбо на сайце kinoteatr.megamag.by.

Сачыць за навінамі і падрабязнасцямі форуму “М@rt.кантакт” можна на сайце Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра  mdrama.by/martkontakt

і ў сацыяльных сетках:
 
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара.
 
Афіша фестывалю