Галоўная » Абвешчана праграма XV моладзевага тэатральнага фэсту «М.@rt.кантакт»

Абвешчана праграма XV моладзевага тэатральнага фэсту «М.@rt.кантакт»

Яскравую і насычаную праграму падрыхтавалі арганізатары міжнароднага тэатральнага фестывалю «М.@rt.кантакт»-2020 у якасці падарунка да свайго 15-гадовага юбілею. Форум праводзіцца з 2006 году, і за гэты час ён стаў адной з самых значных і чаканых культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і ва ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі.

Пра ўсе падрабязнасці і акалічнасці чаканай падзеі распавялі ўдзельнікі аргкамітэту фестывалю – дырэктар магілёўскага Драматычнага тэатра Андрэй Новікаў, намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка і начальнік аддзела культуры Магілеўскага раённага выканаўчага камітэта Алег Стэльмашок. Прэс-канферэнцыя для журналістаў і зацікаўленай грамадскасці прайшла на малой сцэне драмтэатру 4 студзеня. Адзначым, што заснавальнікамі форуму «М.@rt.кантакт» з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт і Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

Пад час прэсавай канферэнцыі
Андрэй Новікаў, Валерый Малашка і Алег Стэльмашок
Дырэктар Магілеўскага драматычнага тэатра Андрэй Новікоў

Форум пройдзе ў звычайны для яго час – з 21 па 27 сакавіка, адметнымі і незвычайнымі плануецца зрабіць цырыманіяльныя часткі форуму. Арганізатары абяцаюць дадаць новыя інтэрактыўныя імпрэзы пад час фестывалю, правесці цікавую і грунтоўную спецыяльную праграму. З кожным годам узрастае і цікавасць гледача да асноўнай праграмы фестывалю, і гэта заўважна нават па такім факце, што кожны новы фестываль усё ў большай ступені самаакупаецца. Мінулы фэст фінансаваўся з бюджэту толькі на 37%, астатнія сродкі складаліся з даходнай часткі ад продажу квіткоў. Першыя форумы атрымлівалі дапамогу  з дзяржаўнага бюджэту ў значна большай прапорцыі.

У рамках асноўнай праграмы М.Арт-кантакту ў 2020 годзе плануецца паказ 24 спектакляў ад 24 тэатраў і незалежных тэатральных праектаў з 11 краін свету. У сёлятней праграме прадстаўленыя калектывы з Арменіі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Грузіі, Ізраіля, Казахстана, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, упершыню ўдзельнічае тэатральны калектыў з Сербіі. А яшчэ, па шматлікіх просьбах гледачоў, некаторыя пастаноўкі будуць дэманстравацца двойчы пад час фестывалю, што дазволіць пашырыць глядацкую аўдыторыю.

Традыцыйна, арганізатары запрасілі да ўдзелу ў фестывалі «М.@rt.кантакт» калектывы, якія ўжо добра праявілі сябе на форуме ў папярэднія гады, але кожны раз праводзіцца пошук і новых тэатраў і творчых груп, якія могуць найбольш яскрава паказаць сучасны погляд на тэатральнае мастацтва. Спектаклі форуму, як заўсёды, аб моладзі, для моладзі і з удзелам моладзі. Тэмы – актуальныя і вечныя: узаемаадносіны паміж людзьмі і канфлікт пакаленняў, станаўленне асобы і пошук сябе, масавая культура і інтэрнэт, свабода і палітыка, каханне і адзінота – і г.д. Адзіны адмоўны момант – у праграме сёлятняга фэсту няма ніводнай беларускамоўнай пастаноўкі, хоць летась на «М.@rt.кантакт» было паказана тры спектаклі на роднай мове.

Спектаклі форуму будуць прадстаўлены на традыцыйных сцэнічных пляцоўках – асноўнай і малой сцэнах Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, Магілёўскага абласнога тэатра лялек, канцэртнай залы «Магілёў», на сцэне Абласнога цэнтра творчасці. Упершыню адзін з калектываў прадставіць свой праект у прасторы моладзевага клубу «Cuba». Тут адбудзецца акустычны канцэрт музычна-тэатральнага аўдыётэатру ZBSband з Кіева, і гэта будзе іх першы ўдзел у форуме.

Новы ўдзельнік «М.@rt.кантакт» з Украіны (фота з афішы фестывалю)
Праграма фэсту, як заўсёды, вельмі насычаная, магілёўскім аматарам тэатра можна толькі пазайздросціць
Моладзевая суполка магілёўскага драмтэатра абвесціла конкурс у сацсетках сярод гледачоў і прыхільнікаў тэатральнага мастацтва

Акрамя асноўнай праграмы фестывалю, прадугледжана цікавая і насычаная спецыяльная праграма. У яе рамках пройдуць майстар-класы вядомага драматурга, рэжысёра і педагога Мікалая Каляды і легендарнага тэатральнага педагога і рэжысёра Веніяміна Фільшцынскага. Пройдуць творчыя сустрэчы, дыскусіі, абмеркаванні пасля праглядаў, выставы і інш. Разам з Цэнтрам беларускай драматургіі запланавана правесці Моладзевую драматургічную лабараторыю, мэтай якой будзе стварэнне тэксту для спектакля-праменаду. Традыцыйная для форуму запланавана і Майстэрня маладой рэжысуры: разам з акцёрамі Магілёўскага драматычнага тэатра запрошаны малады рэжысёр Мікалай Балабан на працягу фестывалю створыць эскіз спектакля, які будзе прадстаўлены на суд публікі і экспертаў у дзень закрыцця, 27 сакавіка.

На цырымоніі ўрачыстага закрыцця форуму будзе названа «Падзея форуму» па версіі прафесійных крытыкаў і маладзёжнай рэдакцыі, уручаны прызы глядацкіх сімпатый па выніках галасавання па білетах і ў сацыяльных сетках.

А ўжо зараз, напярэдадні конкурсу, арганізатары форуму абвясцілі конкурс у сацыяльных сетках – гледачам прапануецца распавесці, што для іх значыць «М.@rt.кантакт». Для гэтага трэба зрабіць пост на сваёй старонцы Укантакте, на Facebook або ў Instagram з хэштэгам #моймартконтакт і #мартконтакт2020. Аўтараў лепшых пастоў чакаюць запрашальныя білеты на спектаклі форуму ў сакавіку 2020 года і разнастайныя памятныя прызы.

УВАГА! Квіткі на спектаклі XV Міжнароднага тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт» паступяць у продаж 8 студзеня з 8:00! Зацягваць з набыццём квіткоў не варта, бо на самыя цікавыя і адметныя пастаноўкі, асабліва на Малой сцэне тэатру, іх раскупяць вельмі хутка! А яшчэ трэба ўлічваць, што частка месцаў на спектаклях будзе прадастаўлена рэпарцёрам, крытыкам і адмыслоўцам, а так сама самім гасцям-удзельнікам.
Квіткі на спектаклі можна будзе набыць у тэатральнай касе, а таксама праз інтэрнэт на сайце kinoteatr.megamag.by. Даведкі аб продажы квіткоў: па тэлефонах 8 (0222) 65-50-53 (адміністратары тэатра), 8 (0222) 65-66-04 (каса тэатра).

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара