У Магілёве у бліжэйшыя дні, па інфармацыі БЕЛТА, адкрыецца некалькі значных сацыяльных аб’ектаў.
Будаўніцтва кардыяхірургічнага і кардыятэрапеўтычнага карпусоў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы рэалізавана дзякуючы інвестыцыйнай праграме Магілёўскай вобласці і дзяржаўнай праграме “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” на 2021-2025 гады.
Аб’екты аб’яднаны ў адзіны сучасны кардыялагічны цэнтр, аснашчаны высокатэхналагічным абсталяваннем сусветнага ўзроўню. Ва ўстанове будзе функцыянаваць новы камп’ютарны тамограф, рэнтгенаўскі апарат, кансолі для рэанімацыйных аддзяленняў, УГД-апараты. Гэта істотна пашырыць магчымасці функцыянальнай дыягностыкі і дазволіць кардыялагічным пацыентам прайсці поўны комплекс абследавання на базе адной установы. Кардыятэрапеўтычны корпус уяўляе сабой пяціпавярховы будынак плошчай амаль 14,3 тыс. кв.м на 172 ложка-месцы.
Тут будуць размешчаны рэгістратура і кардыялагічная кансультацыя, аддзяленне функцыянальнай дыягностыкі, кабінет кантролю і перапраграмацыі электракардыястымулятара.
У корпусе размесцяцца 4 кардыялагічныя аддзяленні па 40 ложкаў у кожным і рэанімацыя на 12 месцаў. Чатырохпавярховы будынак кардыяхірургічнага корпуса будзе злучаны з кардыятэрапеўтычным. Яго плошча складае больш за 8,7 тыс. кв.м, а ложкавы фонд – 52 месцы.
Тут абсталяваны блок на 4 аперацыйныя, у тым ліку адна гібрыдная. Акрамя таго, спраектаваны рэанімацыйна-анестэзіялагічнае аддзяленне на 12 месцаў, кардыяхірургічнае на 12 ложкаў, палата інтэнсіўнай тэрапіі, аддзяленне трансплантацыі і прыёмнае аддзяленне з кабінетамі рэнтгенаўскай камп’ютарнай тамаграфіі і рэнтгенаграфіі.
Як адзначыў галоўны ўрач абласной клінічнай бальніцы Анатоль Кулік, увод новага кардыялагічнага цэнтра ў Магілёве значна зменшыць ліст чакання для пацыентаў з неабходнасцю аператыўнага лячэння ішэмічнай хваробы. Кардыялагічныя плошчы дазволяць узняць на новы ўзровень дапамогу пацыентам з паталогіямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, а чарга чакання на адкрытыя аперацыі на сэрцы скароціцца. Узрасце і колькасць кардыяхірургічных аператыўных умяшанняў – з 270 да 500 у год.
“Новыя тэхналогіі дадуць магчымасць апераваць не толькі на сэрцы, але і на крывяносных сасудах: аорце, артэрыях ніжніх канечнасцей, артэрыях галавы, – удакладніў Анатоль Кулік. – Новым напрамкам для абласнога цэнтра стануць аперацыі па радыёчастотнай абляцыі – напрамак хірургічнага лячэння парушэнняў рытму тахіформ. магчымасці поўнасцю зменяць абстаноўку.Напрыклад, мігацельную арытмію на тэрыторыі вобласці пакуль не лечаць – пацыенты з такой паталогіяй накіроўваюцца толькі ў РНПЦ “Кардыялогія”. Цяпер аперацыю можна будзе зрабіць у рэгіёне. У кардыяхірургічным корпусе размесціцца і аддзяленне трансплантацыі. У перспектыве магілёўскія медыкі асвояць перасадку не толькі нырак, але і печані”.
Акрамя таго, чакаецца адкрыццё фізкультурна-аздараўленчага комплексу з басейнам у мікрараёне Фаціна. У будынку размясціліся спецыялізаваныя спартыўныя залы для водных відаў спорту, трэнерскія, кафэ, раздзявальні, канферэнц-зала на 49 месцаў. Пабудаваны два закрытыя басейны на 25 і 50 м агульнай плошчай больш як 10,5 тыс. кв.м. Менавіта яны будуць уведзены ў другую чаргу будаўніцтва. Вялікі басейн адпавядае ўсім міжнародным стандартам і зможа прымаць спаборніцтвы высокага ўзроўню.
“Адкрыццё басейнаў не толькі павысіць наведвальнасць нашага комплексу, але і зробіць яго адным з найбуйнейшых спартыўных цэнтраў у Магілёве, – падкрэсліў дырэктар ФАК Алег Дудко. – Практычна ўсе басейны і буйныя спартыўныя аб’екты сканцэнтраваны ў Ленінскім раёне горада, і жыхарам Кастрычніцкага не заўсёды зручна туды дабірацца. Цяпер гэта праблема будзе вырашана. На сёння галоўнай задачай застаецца стварэнне для нашых дзяцей камфортных умоў для заняткаў фізічнай культурай і спортам, а таксама забеспячэнне іх прафесійнымі спецыялістамі”.
Па словах Алега Дудко, спартовы комплекс з нецярпеннем чакалі жыхары ўсяго горада. Не на поўную сілу аб’ект стаў працаваць з гэтага года: тут ужо дзейнічаюць залы бокса і барацьбы, праходзяць заняткі па стральбе з лука, трэніроўкі па настольным тэнісе. Ёсць секцыі дзюдо, каратэ, тхэквандо. Зараз у спарткомплексе па розных напрамках займаюцца каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак, і набор яшчэ працягваецца. Для дарослых наведвальнікаў працуе трэнажорная зала, арганізаваны заняткі па фітнесу.
Яўгіння Грамашчанка