Мы ведаем яе па назве выявы, вынесенай у верхнюю частку гравюры: “Prospect der Stadt Mohilow”, альбо, як яе часцей за ўсё называюць у навуковай літаратуры: гравюра Магілёва невядомага нямецкага аўтара XVIII стагоддзя.
Арыгінал гэтай гравюры знаходзіцца ў Дзяржаўным Гістарычным музеі ў Маскве, яе выява неаднаразова сустракалася ў дарэвалюцыйных выданнях, напрыклад у гэтым: «История 3-го Уланского Смоленского Императора Александра III полка 1708 – 1908».
Даследчыкаў яна пакідае ў глыбокім задуменні, і самыя смелыя з іх наважваюцца яе канкрэтызаваць на магілёўскім архітэктурным палатне. Паглядзім на яе уважліва і мы.
У першую чаргу звернем увагу на шырокую і роўную плыню ракі. Запомніце яе, і наогул найперш звярніце ўвагу на рэльеф.
Па абодвух берагах ракі заўважныя слупочкі для прывязвання лодак, а насупраць гарадской брамы можна заўважыць невялікую прыстань з прыступкамі. Сама брама – каменная, з байніцамі, дадаткова абароненая двума вежамі, ад якіх разыходзяцца каменныя, гледзячы па ўсім, сцены, з байніцамі, зубцамі. Як бачна на агульным плане, сцены ўмацаваныя яшчэ не менш чым пяццю вежамі толькі на бачным участку, і яшчэ адной брамай у самым правым краі гравюры – таксама абароненай яшчэ двума вежамі.
Паспрабуем уявіць, з якой кропкі магла б адкрывацца падобная панарама на Магілёў.
Калісьці гісторык архітэктуры, даследчыца І. Слюнькова, прызнаючы гравюру сапраўднай выявай горада, дапусціла, што перад намі можа адкрывацца від на горад з боку Дняпра, а цэнтральная на выяве брама, гэта Алейная брама. Гэтае сцверджанне было аспрэчана ў публікацыях 1990-х гг., паколькі пры падобным ракурсе нічога супольнага з Магілёвам мы не зможам убачыць – ні рэльефу, ні вядомых нам будынкаў, ні самой Алейнай брамы. Вось як яна выглядала насамрэч, з падобнага ракурсу, толькі зблізку – гэта фрагмент крыху пазнейшай акварэлі Ю. Пешкі.
У сваіх публікацыях у зборніку “Магілёўская даўніна”, а таксама ў манаграфіі “Магілёў у ХІІ-ХVІІІ стст. Людзі і рэчы” гісторык Ігар Марзалюк (на той час, кандыдат гістарычных навук) выказаў меркаванне, што від на Магілёў тут адкрываецца не з боку Дняпра, а з боку Дубравенкі, якая была ў той час перагароджаная плацінай млына каля самага вусця. Такім чынам, гарадская брама (з двума дадатковымі вежамі, заўважым) – гэта не Алейная, а Дубравенская брама. Адразу зазначым, што яе выгляд застаецца невядомым.
І.А.Марзалюк зрабіў таксама прапанову лічыць ідэнтыфікаванымі акрамя Дубравенскай брамы яшчэ чатры будынкі, выяўленыя на гравюры. Гэта Ратуша, Богаяўленская царква, царква Іаана Багаслова і званніца Богаяўленскай царквы.
Гэтую версію мы абавязаны разглядзець, таму для пачатку пазнаёмімся з прапанаваным ракурсам. Чырвоная стрэлка паказвае нам на масток, перакінуты праз рачулку Дубравенку, за якім нас чакае Дубравенская брама – прыблізна на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца абласны краязнаўчы музей, на схіле. Характэрна, што меркаваны час выдання гравюры і год напісання гэтага плана прыблізна супадаюць – 1780-я.
Калі ракурс ад Дняпра нас задавальняў прынамсі гарэзлівымі хвалямі ракі на пярэднім плане, то гэты ракурс, нажаль, нас можа толькі расчараваць. Як мы можам пабачыць на пададзеным вышэй плане горада, нават штучнае возера перад млыном (левы бок выявы, злева і вышэй ад замка) не ператварала Дубравенку ў паўнаводную раку.
Мы можам пайсці далей і пільна разглядзець кожны аб’ект, выдзелены і ідэнтыфікаваны Ігарам Аляксандравічам, каб пераканацца ў іх поўнай неадпаведнасці магілёўскаму матэрыялу. Але гэта пакуль нам не трэба, яно прыйдзе само.
Сярод даследчыкаў існуе пэўны кансэнсус наконт гэтай гравюры. Лічыцца, што гэта моцна нафантазіраваная выява, поўная недакладнасцяў і памылак, але ўсёж-такі гэта выява Магілёва. Самы папулярны варыянт – гэта выява Магілёва, на якую памылкова перамясцілі гарадзенскі каралеўскі замак. Кансенсус заключаецца ў тым, што выява прызнаецца прыналежнай Магілёву, але ступень яе праўдзівасці вар’іруецца ад даследчыка да даследчыка. Як пабачым, самым радыкальным у пытанні праўдзівасці аказаўся І.А. Марзалюк – у бок яе прызнання.
Гэты кансэнсус прадугледжвае, што аўтар працы, невядомы нам гравёр XVIII стагоддзя – нямецкі, альбо, што больш верагодна, як далей пабачым, аўтрыйскі – як мінімум несур’ёзна адносіўся да сваёй справы. А значыць, любая выява тут можа быць проста падобнай, як алегорыя, намёк. Адзначу тут, што не магу пагадзіцца з падобным жартаўлівым стаўленнем да такой ёмістай працы, як праца над гравюрай, з яе руплівай падрыхтоўчай працай, з яе плаўнай штрыхоўкай для надання аб’ёму, з барацьбой святла і ценю.
Але, нават калі так. Дапусцім, мастак толькі выхапіў нешта магілёўскае, а астатняе дамаляваў па сваіх успамінах, фантазіях, упадабняючы выгляд горада з іншымі, знаёмымі еўрапейцу аналагамі.
Што ж, тады давайце выявім менавіта тое, што ў гэтай выяве ўласна ёсць магілёўскім. Знойдзем хоць адно дакладнае падабенства і без усялякіх сумненняў будзем яго, альбо іх, выкарыстоўваць падчас апісання гравюры, кажучы: “Вось назва гравюры – “Від на горад Магілёў”, а вось сам Магілёў – вось гэтае, гэтае і тое”.
Дзеля гэтага выдзелім на гравюры асноўныя яе элементы і параўнаем з наяўным матэрыялам па іканаграфіі горада, з рэльефам і архітэктурна-планіровачнай структурай горада. Аб’екту, які будзе адпавядаць самым элементарным правілам праўдзівасці – знешні выгляд і размяшчэнне – мы дадзім пазнаку “True”, таму, што не адпавядае – “False”.
Забягаючы наперад, адразу пакажу вынік. Чырвоныя лічбы і чырвоныя рамкі азначаюць “False”. У зялёную рамку ўзятыя аб’екты, якія маюць знешняе падабенства з вядомымі магілёўскімі пабудовамі. У аранжавую – крыху падобны аб’ект, але не да поўнай пазнавальнасці. Калі аб’ект узяты ў зялёную, альбо аранжавую рамку, але яго размяшчэнне не адпавядае рэльефу і архітэктурна-планіровачнай структуры горада, яму даецца чырвоная лічба – “False”.
- Рака на пярэднім плане. Як бачым, яна на працягу ўсёй панарамы горада – а гэта мусяць быць сотні метраў як мінімум – мае роўнае русла. Днепр жа віхляецца на працягу ўсяго свайго шляху здоўж Магілёва.
2, 3, 4. Гарадская сцяна і вежы. Сцяна размешчана на самым беразе ракі. У Магілёве ж гэтая лінія ўмацаванняў размяшчалася на высокім мысе. Наогул, рэльеф горада – гэта ключавое несупадзенне. Магілёў, што ўласціва для раўнінных гарадоў, размешчаны на высокім мысе, што дамінуе над поймай ракі. Гэта дае гораду відавочную перавагу падчас аблогі. У выпадку ж з горадам на гравюры мы бачым высокую частку горада, размешчаную, відавочна, на пагорку ці на гары (звярніце ўвагу таксама на горы на заднім плане ў левай частцы гравюры) – гл. Пабудовы за №№ 5, 6. Ужо вакол гэтай гары, выглядае, у даліне шырыўся горад, які потым быў абаронены гарадской сцяной. Якая мае №№ 3 і 4 – брамы і вежы, аналагаў якіх мы ў Магілёве не знаходзім.
5, 6. Далей – знакаміты “гарадзенскі каралеўскі палац”, “памылкова перанесены ў Магілёў”. І царква (?) побач з ім. Сапраўды, на гравюры “Grodno in Gross Hertzogthu Litthauen” Габрыэля Бодэнера мы можам пабачыць палац, які крыху нагадвае гэты. Няхай так, але ў Магілёве падобнага палацу мы не ведаем. “False”. Царква (?) за № 6 таксама не мае адпаведнасцяў па знешнім выглядзе з вядомымі нам магілёўскімі храмамі – і няхай нас не засмучае шматпрыступкавая лінія франтона.
7. Відавочна, хрысціянскі храм, канфесійная прыналежнасць якога нам невядомая. У рэканструкцыі І.А. Марзалюка гэты аб’ект адзначаны пад № 4 як званіца Багаяўленскага манастыра. На нашу ж думку, наўрадці варта так смела аддзяляць фасад ад асноўнага аб’ёму храма.
8. Не самы відавочны, але вельмі цікавы і вельмі важны для нас шэраг будынкаў. Пры яго вывучэнні ўсе тыя намёкі і неадпаведнасці, якія толькі прымушалі засумнявацца, складаюцца ў цэласную карціну. Дадзены элемент гравюры ў перспектыве можа даць нам ключ для разгадкі таямніцы магілёўскай гравюры. Пакуль што мы толькі вызначым гэты накірунак пошукаў, і будзем спадзявацца, што ў каго-небудзь з магілёўскіх краязнаўцаў атрымаецца знайсці найбліжэйшы адпаведнік гораду, выяўленаму на гравюры “Prospect der Stadt Mohilow”.
Мячэці з мінарэтамі, якіх на гравюры як мінімум дзве. Як можна меркаваць па выяве, яны адпавядаюць т.зв. асманскаму, ці турэцкаму тыпу – калі меркаваць па круглым, тонкім мінарэце з унутранай лесвіцай.
Лішне казаць, што ў Магілёве мы не ведаем нічога падобнага. Калі аўтар гравюры нафантазіраваў іх існаванне ў нашым горадзе, крыніцай яго фантазій мусіла быць мясцовасць, дзе падобнае змяшэнне хрысціянскіх і мусульманскіх рэлігійных пабудоў была б гістарычна і канфесійна апраўданае. Сыходзячы з гэтага спалучэння, з горнага рэльефа мясцовасці, дапусцім папярэдняе меркаванне, што найбліжэйшыя гарады-аналагі варта шукаць у сучасных балканскіх краінах, і ў тых частках сучасных краін Паўднёва-Усходняй Еўропы, якія ў свой час уваходзілі ў склад Асманскай імперыі.
9, 10, 11, 12. Вежы з бартызанамі (9), невызначаныя па сваім прызначэнні вежы і храмы ці будынкі (адзін з іх (10) у рэканструкцыі І.А. Марзалюка – №1, ратуша).
Адзначым цяпер будынак, якія мае хоць некаторае знешняе падабенства з магілёўскімі пабудовамі.
- Храм, які мог бы быць Багаяўленскай царквой – гэтак жа ён адзначаны ў рэканструкцыі І.А. Марзалюка. Нас тут, аднак, засмучае вельмі далёкае падабенства, якое, канечне, можна патлумачыць умоўнасцю выявы – але, толькі калі дазволіць сабе такую слабасць.
Нарэшце, будынкі, якія маглі мець гэтак жа сама і аранжавую рамку, але іх большае знешняе падабенства з магілёўскімі помнікамі дапускае выкарыстаць зялёную. Што мала чым нам дапаможа, аднак.
- Магілёўская ратуша на акварэлі Мікалая Львова, і яе падобны аналаг на разгляданай гравюры.
- Храм, які найбольш нагадвае згаданыя намі ў папярэдняй публікацыі “Адлюстраванняў” пра гравюру “Град Могилев” верагодную царкву Іаана Багаслова, альбо Фарны касцёл – ніжэй выява №2 у параўнанні з фрагментам той гравюры.
- Храм (тут мы супадаем з І.А. Марзалюком), які знешнім выглядам нагадвае царкву Іаана Багаслова – ніжэй выява №3 у параўнанні з выявай царквы Іаана Багаслова з малюнка Д.І. Гнездзіч-Гняздзілава 1925 г. (дзякуй за выяву Алегу Лісоўскаму).
У гэтым месцы таксама трэба зрабіць заўвагу. Аб’екты № 2 і 3 на магілёўскім матэрыяле могуць быць адной і той жа царквой. Калі ж узяць за аснову меркаванне, што № 2 – гэта Фарны касцёл, а № 3 – царква Іаана Багаслова, то засталося паспрабаваць спалучыць іх паміж сабой і з ратушай.
Мы атрымаем кропку назіральніка… напэўна, нідзе – у такім ракурсе, у такой перспектыве гэтыя тры будынкі пабачыць было б немагчыма.
Падсумуем. Пры знешнім падабенстве некаторых аб’ектаў (але будзем улічваць, што яно непоўнае, і таксама можа быць патлумачана тыповым характарам пабудоў) мы не можам знайсці адпаведнасць горада, выяўленага на гравюры “Prospect der Stadt Mohilow”, Магілёву – ніякім чынам у яго цэласнасці, ані ў частках, і вельмі сумніўна – што ў канкрэтных аб’ектах.
Скажам прасцей – па сваім рэльефе і архітэктурна-планіровачнай структуры, гэта зусім не Магілёў. У канкрэтных аб’ектах – на гравюры толькі 3-4 будынкі нагадваюць магілёўскія, а ўсе астатнія не падобныя ні на адзін вядомы магілёўскі.
Спалучэнне хрысціянскіх і мусульманскіх рэлігійных будынкаў, асаблівасці рэльефа падказваюць нам, што аўтар гравюры калі пісаў яе на канкрэтнай мясцовасці, то яе варта шукаць недзе ў рэгіёне асманскага ўплыву (краіны Балкан, Венгрыя, Балгарыя і інш.), а магчымым аўтарам мог быць як невядомы нямецкі, гэтак і больш блізкі да гэтага рэгіёну, невядомы аўтрыйскі майстар.
Аляксей Бацюкоў, гісторык