Галоўная » Адлюстраванні. Таямніцы гравюры “Град Могилёв”

Адлюстраванні. Таямніцы гравюры “Град Могилёв”

Рубрыка “Адлюстраванні” – тут мы будзем размяшчаць гістарычнае апісанне і аналіз усіх старажытных і самых значных выяваў горада Магілёва.

1702 год. Горад Магілёў у гэты час знаходзіцца ў зеніце сваёй моцы і славы. Самы багаты горад на ўсходніх землях Вялікага княства. У горадзе жыве каля 20 000 чалавек, ён раскінуўся ад замка, што навісае над вусцем Дубравенкі, далёка на поўнач, патанаючы там у раскошных садах. Самае ажыўленае месца ў горадзе – Гандлёвая плошча перад каменнай, высока выведзенай ратушай з залатым ветраніком на шпілі.

Тут на лобным месцы – вольная плошча для сходаў грамадзян на святы і на пакаранні, а крыху бліжэй да замка месцяцца цесныя шэрагі гандлёвых клецяў, на якіх завіхаюцца купцы і рамеснікі з дзясяткаў магілёўскіх цэхаў. Далей за ратушай, на поўнач – велічны і амаль суцэльна каменны Нагорны пасад. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў над ім узвышаюцца купал і званніца Богаяўленскай царквы. Камяніцы абапал – цэхавыя дамы, дамы шляхты і самых заможных гараджан. Таксама тут, вакол Богаяўленкі, шырока разышліся збудаванні манастыра. У адным з іх мастак Васіль Вашчанка паклаў перад сабой аркуш паперы і пачынае рабіць накід.

Гэта будзе тытульны аркуш кнігі, якую Магілёў яшчэ не бачыў. З гэтых сценаў – са сценаў брацкай друкарні пры Богаяўленскім манастыры – раней выходзілі Буквары і Псалтыр, “Неба новае” і “Дыоптра”, але ўсе гэтыя кнігі былі памерам у адну чацвёртую аркуша. Кніга Вашчанкі будзе большая ў два разы. На тытульным аркушы – сціпла, ў ніжнім левым куце – аўтар пазначыць сваё імя. А ўсю ніжнюю частку аркуша зойме гравюра, якую мы будзем ведаць па яе подпісу – гравюра “Град Могилёв”.

Гравюра “Град Могилёв” з кнігі “Жыціе святых”. Магілёўская брацкая друкарня, 1702 г. За прадстаўленне выявы і дапамогу ў працы над тэкстам, тут і далей – аўтар выказвае вялікую ўдзячнасць Алегу Давіду Лісоўскаму.

 

Гэта першая дакладна датаваная выява Магілёва. Яна была надрукавана на тытульным аркушы ў кнізе “Жыція святых” Дзмітрыя Растоўскага, 12 лістапада 1702 года ў памяшканні, якое знаходзілася амаль на тым месцы, дзе зараз размяшчаецца гарадская Выставачная зала. Ёсць яшчэ адна выява Магілёва, так званая гравюра “Prospect der Stadt Mohilou”,  якая спаборнічае з гравюрай “Град Могилёв” за званне першай у іканаграфіі горада, але яна выклікае столькі пытанняў і здзіўленняў, што ставіць яе ў фундамент гістарычнага вобраза Магілёва будзе неабачліва. Ёй мы прысвецім другую публікацыю ў рубрыцы “Адлюстраванні”.

Гравюра «Град Могилёв» можа здацца нам з першага погляду малаінфарматыўнай, нават фармальнай. Гарадскі краявід тут мае нешырокі ракурс, аўтарам выхаплены від, у сучаснай праекцыі абмежаваны трохкутнікам вуліц Болдзіна, Першамайскай і Ленінскай. Пры гэтым Васіль Вашчанка нібыта наўмысна адразае ратушу, якая на той час ужо панавала над горадам і мусіла трапіць у левую частку гравюры. Магчыма, гравёр вырашыў надаць галоўную ролю культавым пабудовам, альбо, магчыма, ратуша не падыходзіла мастаку кампазіцыйна – як бачым, у выніку выява абапіраецца на тры нераўназначныя вертыкальныя восі і чацвёртая магла падацца Вашчанку лішняй. Так ці іначай, разгледзім гравюру дэтальна.

На першым плане мы бачым стужку гарадской сцяны. Адразу адзначу, на мой суб’ектыўны погляд, гэта галоўная каштоўнасць гравюры. Бо гэта адзіная дакладная выява абарончай лініі Магілёва. Пазнейшыя вядомыя выявы асобных элементаў абароны з’явяцца ўжо праз дзесяцігоддзі пасля разбурэння гарадскіх сцен.

Вядомы беларускі даследчык гарадскіх сістэм абароны, гісторык Міхась Ткачоў асабліва падкрэсліваў выключны характар магілёўскіх умацаванняў у масштабе тагачаснай дзяржавы. Магілёў быў адзіным горадам на беларускіх землях, што меў тры лініі абароны. Першай лініяй быў замак – цяпер на яго месцы парк Горкага. Частку другой лініі мы бачым тут, на гравюры Вашчанкі. Уся яна брала ў кальцо цэнтральную частку горада – ішла па высокім беразе Дубравенкі ад замка і да сучаснай вуліцы Лазарэнкі, потым ішла амаль па сучаснай Камсамольскай вуліцы, на сучаснай плошчы Арджанікідзэ паварочвала на поўдзень і зноўку замыкалася з замкам. Трэцяя лінія абароны ахоплівала горад зусім шырокім колам, часткова размяшчалася і за Дняпром і за Дубравенкай, і ёй лепш прысвяціць асобны артыкул.

Некаторыя элементы гэтай лініі абароны потым – рэшткі землянога вала, брамы – трапяць на іншыя выявы горада. Вось, напрыклад, як выглядала амаль праз сто гадоў тое ж самае месца (а ў самым канцы артыкула будзе яшчэ адна падобная выява).

Мікалай Львоў. Акварэль “Від вуліцы Грабоўскай…” кан. XVIІI ст. Фрагмент.

Пакрытыя зялёнай травой валы з гэтага малюнка можна пабачыць і на гравюры – звярніце ўвагу на два выступы ў гарадской сцяне, злева і справа. Гэта бастыёны. У ніжняй частцы гэтых выступаў падножжа заўважна пашыраецца – гэта і ёсць бачныя нам на акварэлі Мікалая Львова земляныя валы. Для таго, каб зразумець рэальны масштаб гарадскіх умацаванняў Магілёва ў канцы XVII – пачатку XVIII стагоддзяў, неабходна ўявіць на гэтых зялёных валах яшчэ й ці не ўдвая вышэйшую за іх сцяну.

Дарэчы, звярніце ўвагу на мураваную пабудову ў левым верхнім куце фрагмента – за дрэвам. Гэта Фарны касцёл, да якога мы ніжэй вернемся.

Гэтыя ж бастыёны з акварэлі і гравюры трапілі і на планы горада, вось яны:

Фрагмент плана Магілёва на 1772 год. Копія з рукапіса “Магілёўскай хронікі”.
Фрагмент плана Магілёва 1780 г.

У правай частцы абарончай сцяны на гравюры мы бачым таксама Каралеўскую браму. Вось яшчэ адна яе выява, на фрагменце фрэскі сярэдзіны XVIII ст. з касцёла св. Станіслава – у цэнтры. Дзве выявы гэтай брамы, аднак, крыху адрозніваюцца паміж сабой. На гравюры Вашчанкі яна відавочна чатырохвугольная, тады як на фрэсцы з касцёла – круглая.

Але рухаемся далей па гравюры. Тут нас чакаюць пара загадак, але спачатку разглядзім аб’екты, ідэнтыфікацыя якіх даволі простая.

Справа на гравюры ўзвышаецца званніца Богаяўленскай царквы. Архітэктурна яна мала змянілася за часы свайго існавання, быў перароблены толькі дах. Злева ад званніцы і ў цэнтры гравюры выяўлена Богаяўленская царква, пабудаваная ў 1633-36 гадах.

Богаяўленская царква – адзін з ключавых архітэктурных помнікаў у гісторыі Магілёва. Пабудаваная пад відавочным уплывам віленскага барока і кіеўскай культавай архітэктуры, яна сама стане прыкладам для развіцця архітэктурнай традыцыі на Магілёўшчыне. Па-сутнасці, менавіта з яе бярэ пачатак знакамітае магілёўскае барока, якое на сённяшні дзень захавалася ў адзінкавым прыкладзе Мікалаеўскай царквы ў Магілёве.

Ракурс, з якога бачныя званніца і царква, найбольш адпавядаюць вось гэтаму фотаздымку пачатку ХХ ст.:

На гравюры, на фоне бакавога фасада Богаяўленскай царквы, можна заўважыць невялікую вежачку. Тут мы зараз уступім на спрэчную тэрыторыю, але зробім пакуль дапушчэнне, што гэта можа быць купал т.зв. малой Богаяўленскай царквы, альбо мураванай царквы імя Іаана Багаслова, што была пабудаваная побач з Богаяўленкай праз некалькі гадоў. Вось гэты фрагмент на гравюры і вось гэтая царква з купалочкам на малюнку 1925 года Д.І. Гнездзіч-Гняздзілава.

Спрэчкі тут могуць быць выкліканыя тым, што пакуль выяву царквы Іаана Багаслова даследчыкі схільныя бачыць у іншым аб’екце на гравюры Вашчанкі – маецца на ўвазе царква ў левай частцы гравюры. У нас жа пакуль сфармавалася працоўная гіпотэза, што выяўлены тут храм – гэта Фарны касцёл.

Гэта досыць далікатнае дапушчэнне, паколькі, як бачым, пазнейшая архітэктурная форма касцёла зусім мала нагадвае храм з гравюры Вашчанкі – па-сутнасці, супадаюць толькі тры аконныя праёмы ў ніжняй частцы бакавога фасада. Пры той вышыні гарадской сцяны, якую мы вызначылі раней, гэтыя вокны наўрадці былі б бачныя. Але на карысць гэтай версіі служыць размяшчэнне храма – роўна за другім ад Каралеўскай брамы бастыёнам, што адпавядае пададзеным тут вышэй планам горада канца XVIII стагоддзя.

Сярод пабудоў, выяўленых на гравюры, неідэнтыфікаванымі  застаюцца толькі некалькі камяніц у левым і правым кутах выявы. Верагодна, гэта тыповыя прыватныя, манастырскія альбо цэхавыя пабудовы таго часу, якія складана пакуль што звязаць з вядомымі нам аб’ектамі. Але, улічваючы дакладнасць і дэталёвасць усіх элементаў гравюры, можна быць упэўненымі, што іх выява абапіраецца на рэальна існаваўшыя будынкі, якія, магчыма, дачакаюцца і сваёй ідэнтыфікацыі. Папярэдне ж выкажу дапушчэнне, што пабудовы ў правай частцы гравюры могуць размяшчацца на тым месцы, дзе ў канцы XVIII стагоддзя пачаў паўставаць комплекс кляштара езуітаў. Больш за тое. Ведаючы, што пачынаючы з 1699 года ў гэтым месцы пачалося будаўніцтва касцёла св. Ксаверыя (завяршыцца ў 1725 г.), можна дапусціць думку, што на гравюры Вашчанкі мы бачым якраз пачатак будоўлі. А дом з трохкутным дахам справа, у такім выпадку – калегіум езуітаў. Вось ён на малюнку Юзафа Пешкі канца XVIII стагоддзя.

 

Злева направа і знізу ўверх: Каралеўская брама, бастыён, званніца Богаяўленскай царквы, калегіум езуітаў(?), будоўля касцёла св. Ксаверыя(?).

Два амаль аднолькавыя дамкі ў левым куце гравюры можна суаднесці з пабудовамі ў самым пачатку сучаснай вуліцы Ленінскай.

Ну, і апошняя таямніца – маленькая вежа па-над Каралеўскай брамай (вышэй мы адзначылі яе знакам “?”). Магчыма, гэтая вежачка завяршала раней браму.

Гравюра Васіля Вашчанкі “Град Могилёв” раней менш цікавіла даследчыкаў, чым велічная і насычаная падрабязнасцямі гравюра “Prospect der Stadt Mohilou”. Перададзеная ў большасці выданняў на паперы ў даволі нізкай якасці, яна нярэдка ўспрымалася як даволі схематычная, фармальная. Мы ж дазволім сабе адзначыць гэтую выяву не толькі самай ранняй дакладна датаванай выявай горада. Але і недаацэненай і вельмі дакладнай выявай, інфармацыя з якой можа легчы ў аснову далейшых даследванняў і рэканструкцый.

Тытульны аркуш кнігі “Жыція святых”. Магілёў, 1702 г.

Аляксей Бацюкоў, гісторык.