У Магілёве завяршыліся аднаўленчыя работы 2021 года на адным з участкаў знакамітых і шматпакутных яўрэйскіх могілак па вуліцы Альчынскага. Дзякуючы неверагоднай настойлівасці і ўпартасці Магілёўскай яўрэйскай грамады і валанцёрскага центра толькі сёлета адноўлена і нанава ўсталявана каля 30 надмагільных помнікаў.
Паўднёвы бок яўрэйскіх могілак за апошнія гады набыў цывілізаваны выгляд. Пасля доўгіх дзесяцігоддзяў занядбання і здзеку з магіл памерлых магілёўскіх яўрэяў, калі каштоўныя надмагіллі выкрадаліся, скідваліся с пастаментаў, а косткі памерлых наўпрост выкідваліся на абочыну, каб вызваліць месца для новых пахаванняў, змены апошніх гадоў падаюцца неверагоднымі. Але за гэтым стаіць упартая праца яўрэйскай грамады.
Некалькі разоў актывісты Магілёўскай яўрэйскай грамады збіралі талаку па ачысткі тэрыторыі ад дзікарослай расліннасці, якая паглынала старажытныя ўчасткі могілак, выварочвала і разбурала шматкілаграмовыя пліты і пастаменты. Трэба аддаць належнае актывістам усіх нацыянальнасцяў, якія раз за разам адгукаліся на заклікі аб дапамозе і гадзінамі выконвалі цяжкую ручную працу. Не менш складаным было правядзенне аднаўленчых работ, якія патрабавалі спецыяльнай тэхнікі і ўмельства.
На сёння, прыведзены ва ўзорны парадак першы ўчастак старадаўніх пахаванняў. Толькі ў гэтым годзе нанава ўсталяваныя 27 мацэваў – яўрэйскіх магільных помнікаў у выглядзе стаячага каменя, якія былі скінуты дзікунамі або зваліліся з пастаментаў па натуральных прычынах, укладзены пліткай дарожкі паміж пахаваннямі. Па падліках ініцыятараў аднаўлення могілак у наступныя гады неабходна падняць яшчэ не менш за 70 помнікаў.
Паралельна праводзіцца праца па расшыфроўцы тых эпітафій, якія яшчэ можна прачытаць. Так сёлета ўстаноўлена на пастамент мацэва (якая лічылася страчанай), на магіле Ханы Гранат – першай жонкі купца 1-й гільдыі Сімхі Граната, якому ў 1910 г прысвоілі тытул патомнага Ганаровага грамадзяніна.
Дзякуй усім, хто дапамагае захаваць гістарычную спадчыну яўрэяў Беларусі, горада Магілёва, памяць пра землякоў.
Алесь Верасень