Судовы працэс па справе журналіста “Магілёўскага рэгіёну” Алеся Сабалеўскага аднавіла суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Таццяна Касцюк. Кастрычніцкі РАУС вінаваціць нашага калегу ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 13 верасня 2020 года, хаця насамрэч ён выконваў там свае журналісцкія абавязкі, здымаючы пратэстную акцыю.
Першае пасяджэнне па справе Сабалеўскага адбылося яшчэ 16 верасня, калі журналіст знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання, як затрыманы на 72 гадзіны да суда. Яму інкрымінавалі знаходжанне з 14 да 15 гадзін 13 верасня каля гандлёвага цэнтру “Атрыум”, дзе ён нібыта прымаў удзел у несанкцыянаваным мітынгу. Журналіст быў затрыманы ў той жа дзень толькі значна пазней і зусім у іншым рёне горада – на Пушкінскім праспекце. Сабалеўскі на мінулым пасяджэнні цалкам адрынуў абвінавачванне і заявіў, што напісаннае ў пратаколе не адпавядае рэчаіснасці. Пасля 10 хвілін ад пачатку разгляду справы суддзя Касцюк абвесціла, што накіроўвае матэрыялы справы затраманнага ў Кастрычніцкі РАУС на дапрацоўку.
Цяпер супрацоўнікі міліцыі прадставілі ў суд сцвярджэнні, што Сабалеўскі не толькі здымае, але і выкрыквае лозунгі, пляскае ў далоні, ускідвае рукі ўгору, чым нібыта выражае салідарнасць з пратэстам супраць вынікаў прэзідэнцкімі выбарамі, што адбыліся 9 жніўня.
Падчас пасяджэння ў якасці сведкі быў дапрошаны ўчастковы Кастрычніцкага РАУС, які складаў пратакол аб правапарушэнні на Сабалеўскага, Фёдар Гарэлікаў. Паводле яго расповяду, Сабалеўскі знаходзіўся ў групе людзей, трымаў тэлефон на сэлфі-палцы і мікрафон. Прычым журналіст, паводле міліцыянта, паспавяў яшчэ і актыўна ўдзельнічаць ў несанкцыянаваным мітынгу каля гандлёвага цэнтрна “Атрыюм”.
Журналіст “Магілёўскага рэгіёну” цалкам абверг паказанні сведкі, якія ён назваў нагаворам. Сабалеўскі указаў, што прадстаўленае міліцыяй відэа абсалютна не адпавядае апісанню правапарушэння, якое яму інкрымінуецца. Больш таго, журналісту не быў прадастаўлены пратакол правапарушэння на азнаямленне, а потым у ім праставілі запіс, нібыта Сабалеўскі адмовіўся ад подпісу.
Тое, што за аснову ўзятыя паказанні аднаго сведкі, ёсць парушэннем Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, адзначыў наш калега, падкрэсліўшы, што ўся гэта справа ёсць пераследам яго як журналіста. “Гэта паклёп на мяне. Абсалютная недпаведнасць паказанняў і відэа. Пратакол проста прыдуманы”, – заявіў ён.
Суддзя Касцюк вырашыла працягнуць працэс 12 лістапада.
Уладзімір Лапцэвіч