Галоўная » Адрамантаванаму магілёўскаму ІЧУ зноў патрэбны рамонт

Адрамантаванаму магілёўскаму ІЧУ зноў патрэбны рамонт

А тэмпература ў камерах – сакрэт.

Праваабаронца «Магілёўскай вясны» і журналіст Аляксандр Буракоў, адбыўшы 10 сутак арышту ў Ізалятары часовага ўтрымання па палітычна матываванай справе, падаў шэраг скаргаў. І калі звароты ў пракуратуру сталі падобна перасоўванню макулатуры, то Камітэт дзяржкантролю прымусіў УУС Магілёўскага аблвыканкама адказваць па сутнасці.

МІЛІЦЭЙСКІ РАМОНТ – ВОКНЫ НА САМАРЭЗАХ

Намеснік начальніка УУС Уладзімір Рыжанкоў прызнаў, што вокны ў магілёўскім ІЧУ, паводле яго выразу, «знаходзяцца ў часткова працаздольным стане і патрабуюць бягучага рамонту па замене асобных аконных блокаў». На самай справе, як пазначыў у скарзе Аляксандр Буракоў, створкі пластыкавых вокнаў там па-варварску прыкручаныя да рамы шрубамі-самарэзамі.

Вонкава яны выглядаюць прыгожа, але ў іх цалкам адсутнічаюць ваконныя ручкі, запорные механізмы і эксцэнтрыкі, якія служаць для прыціскання створкі да аконнай рамы. Пры гэтым адтуліны пад фурнітуру маюцца – гэта скразныя дзіркі, праз якія круглы год дзьме паветра.

– Мне даводзілася кругласутачна сядзець у камеры ў зімовай куртцы, а каб заснуць я накрываўся матрацам. Усе вязьні скардзіліся на страшны холад. Умовы ўтрымання ў магілёўскім ІЧУ можна прыраўняць да свядомых катаванняў, – распавядае Буракоў.

Ігнараваць грубыя парушэнні пры відавочна няўдалай мадэрнізацыі будынка міліцэйскія чыноўнікі не змаглі. Бягучы рамонт, як піша палкоўнік міліцыі Рыжанкоў, запланаваны на 2021 год пры наяўнасці фінансавання.

Гэта значыць, праз чатыры гады пасля заканчэння капітальнага рамонту, які доўжыўся аж восем гадоў, ІЧУ зноў патрэбны рамонт. І зноў кіраўніцтва магілёўскай міліцыі будзе шукаць грошы на яго правядзенне ў бюджэце.

Справа у тым, што на год раней, у студзені 2019 года, той жа намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжанкоў у адказ на заяву аб прывядзенні ўмоў утрымання ў магілёўскім ІЧУ ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі ужо паведамляў, што ў 2008 годзе была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па правядзенні капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй ІЧУ. А скончыўся капітальны рамонт ў 2016 годзе.

Для даведкі. Нарматыўны тэрмін службы акна складае: пластыкавага профіля ПВХ – да 40 гадоў; фурнітурных сістэм – 20 гадоў або 20 тысяч цыклаў адчынення; шклопакетаў – да 20 гадоў; рэгламентаваны тэрмін службы ўшчыльняльнікаў (са звычайнай гумы або EPDM) – 10 гадоў.

ТЭМПЕРАТУРА – ГЭТА САКРЭТ

Што ж тычыцца тэмпературнага рэжыму ў камерах, то Уладзімір Рыжанкоў і тут здзівіў. У ацяпляльны перыяд, піша ён, тэмпература падтрымліваецца ў адпаведнасці з тэхнічным кодэксам устаноўленай практыкі, зацверджаным загадам МУС Рэспублікі Беларусь, які «мае абмежаваны доступ».

«Абмежаваны доступ» азначае, што нармаваная тэмпература ў камерах ІЧУ – гэта сакрэт.

Асобным пунктам у адказе намеснік начальніка УУС праходзіць тлумачэнне па электраразеткахі, якіх у камерах няма, але яны павінны быць па законе, што і пазначыў Буракоў ў сваёй скарзе. Сутнасць адказу Уладзіміра Рыжанкова зводзіцца да таго, што на момант распрацоўкі Праектным інстытутам «Магілёўгіпразем» праектна-каштарыснай дакументацыі (2008 год, – заўв. рэд.) устаноўка электрычных разетак не прадугледжвалася. А вынясенне прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў, звязаных з рамонтнымі работамі, не ўваходзіць у задачы органаў унутраных спраў.

ТЭЛЕВІЗАР ГЛЯДЗЕЦЬ МОЖНА. ТОЛЬКІ НЕ ЎКЛЮЧАЦЬ

На самай справе, тлумачыць Аляксандр Буракоў, права на карыстанне разеткамі з’явілася ў Правілах унутранага распарадку некалькі пазней – толькі ў 2015 годзе. Але, нагадаем, рамонт у ІЧУ скончыўся ў 2016-ым, гэта значыць, праз год пасля ўвядзення новых нормаў. На жаль, УУС не паспяшалася прывесці ўмовы ўтрымання арыштаваных у адпаведнасць з цывілізаванымі правіламі.

Такім чынам, законам прадугледжана, што арыштаваны грамадзянін мае права, напрыклад, з дапамогай кіпяцільніка прыгатаваць гарбату. Яму нават дазволена мець тэлевізар, калі яго перададуць сваякі. У ідэале камера нават можа быць абсталяваная халадзільнікам – закон і гэта дазваляе. Але вось толькі ў магілёўскім ІЧУ няма куды іх падключыць, няма разетак.

Сітуацыя падобная на сумны анекдот, які распавядаюць самі экс-міліцыянты:

– Таварыш прапаршчык, ці можна паглядзець тэлевізар?

– Безумоўна, можна. Але толькі не ўключайце!

Праваабаронцы рыхтуюць новыя скаргі.

Саша Мінько

Крыніца: mspring.online