Зусім нядаўна быў дзень нараджэння Уладзіміра Леніна – расійскага рэвалюцыянера, быйнога тэарэтыка марксізма, савецкага палітычнага і дзяржаўнага дзеяча, а таксама стваральніка Расійскай сацыя-дэмакратычнай рабочай партыі (бальшавікоў).
Помнік Леніну на сённяшні момант з’яўляецца неад’емнай часткай цэнтральных вуліц і плошчаў у многіх беларускіх гарадах. Часта правадыр пралетарыяту знаходзіцца каля райвыканкамаў, але часам месца размяшчэння бывае даволі арыгінальнае.
Напрыклад, у Крычаве помнік Леніну лакалізаваны насупраць Свята-Уваскрасенскай царквы. Кампазіцыя “Ленін ідзе ў царкву” ўжо нікога не здзіўляе, аднак паказвае на сур’ёзную ментальную “кашу” у галовах людзей. Праўда калі ўсталёўвалі помнік, то насупраць царкоўны будынак выкарыстоўваўся пад кінатэатр.
Зразумела, што скульптура камуністычнага дзеяча на цэнтральных вуліцах гарадоў Беларусі – гэта атавізм, які з цягам часу знікне і будзе прыбраны назаўсёды. Аднак, прынамсі, у 16 гарадах і мястэчках Беларусі помнікі Леніну з цэнтральных вуліц і плошчаў не ўдасца прыбраць ні пры якіх акалічнасцях.
Справа ў тым, што за савецкім часам помнікаў Леніну там не ставілі. У спісе гарадоў ёсць і населеныя пункты Магілёўшчыны: Дрыбін, Кіраўск (Качэрычы), Мсціслаў, Слаўгарад (Прапойск). Важна, што ў старадаўніх паселішчах Мсціславе і Слаўгарадзе захаваліся археалагічныя і архітэктурныя помнікі з багатай гісторыяй, а помнікамі савецкай эпохі ў гэтых гарадах з’яўляюцца толькі некаторыя горадабудаўнічыя праекты. Дрыбін і Кіраўск – даволі маладыя паселішчы, якія не маюць багатага пласта гісторыі, аднак адсутнасць помніка Леніну ў будучым будзе спрыяць хуткім ментальным зменам тутэйшага маладога пакалення местачкоўцаў.
Натуральна, што ў гэтых населеных пунктах шмат савецкіх найменняў вуліц і плошчаў, а сярод іх, як абавязковы элемент тапанімікона, ёсць вуліца Леніна ці Ленінская вуліца. Аднак плошчаў Леніна і адпаведна помнікаў правадыру сусветнага пралетарыята, як было вышэй адзначана, у гэтых населеных пунктах няма.
Дэсаветызацыі, якая пакрысе адбываецца ў Беларусі, спрыяюць ментальныя змены беларускага грамадства. Гэта перадусім датычна вялікіх гарадоў, у малых гарадах і мястэчках змены больш павольныя. Дык вось, менавіта адсутнасць помніку крыважэрнаму ідэалісту Леніну будзе толькі спрыяць умацаванню лакальнага патрыятызму і зацікаўленасці мясцовай гісторыі, канчатковаму адыходу ад савецкасці ў рэгіёнах.
Аднак могуць запусціць працэсы дэсаветызацыі толькі самі жыхары гарадоў і мястэчак, мясцовая/лакальная грамадзянская супольнасць. Там дзе яна будзе больш актыўная, змены пройдуць значна хутчэй.
Алесь Крыжэвіч