Сёння адбыўся вобшук у бацькоўскай хаце старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў аграгарадку Цяхцін Бялыніцкага раёна.
Пра адбыўшыся ператрус “Магілёўскаму рэгіёну” паведаміў сам палітык. Рыгор Кастусёў знаходзіцца зараз у Шклове. Падчас вобшуку ў Цяхціне прысутнічалі яго жонка Ларыса і дачка Кацярына.
Па словах Рыгора Кастусёва, пасля вобшуку ў Цяхціне ў пракуратуру забралі Кацярыну. Яна паспела патэлефанаваць бацьку. Жонка палітыка знаходзіцца ў шокавым стане, пакуль не можа дакладна распавесці, па якой справе і якая менавіта з праваахоўных структур праводзіла ператрус.
Рыгор Кастусёў адзначае, што, па словах жонкі, у яго бацькоўскай хаце не знайшлі ніякіх недазволеных рэчаў, і ніякіх выняткаў не рабілі.
Палітык выказаў здагадку, што дачку Кацярыну маглі забраць для правядзення вобшуку ў яе кватэры ў Магілёве.
PS. У кватэры Кацярыны Кастусёвай у Магілёве сапраўды быў праведзены вобшук. Па словах Кацярыны, супрацоўнікі праваахоўных органаў чамусьці вырашылі, што яна з’яўляецца валанцёрам ПЦ “Вясна”.
Што шукалі праваахоўнікі, Кацярына так і не зразумела. Яна кажа, што вобшукі праводзілісь у межах якойсці крымінальнай справы, але якую яна мае датычнасць да гэтай справы, ёй так і не патлумачылі. Гутарылі з жанчынай супрацоўнікі магілёўскага ГУБАЗіК.
Зараз Кацярына Кастусёва знаходзіцца дома ў сваёй кватэры ў Магілёве.
Іван Барысаў