Малады магілёвец выйшаў сёння на пікет на плошчу Леніна. Доўга хлопцу прастаяць не далі – некалькі міліцыянтаў затрымалі яго і даставілі ў Ленінскі РАУС. А разам з ім і журналіста, які здымаў акцыю.
Свой адзіночны пікет Александр Попков, так ён прадставіўся карэспандэнту “Магілёўскага рэгіёну”, праводзіў, выставіўшы стэнд з лозунгамі, прымацаваўшы да яго на флагштоках два сцягі – бел-чырвона-белыі чырвона-зялёны і ўзяўшы ў рукі транспарант з заклікам да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца “Я к вам”.
Пікет, які праходзіў пасля 11:00, доўга не працягнуўся. У хуткім часе маладога чалавека пад белы ручкі ўзялі супрацоўнікі міліцыі, забралі яго канструкцыю і павялі ў аўтобус, які стаяў з левага боку ад Дома Саветаў. І самога пікетчыка, і яго рэчы памясцілі туды. Таксама міліцыянты затрымалі і мяне, праўда, за што – не паведамілі, але было зразумела, што за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі. Менавіта такі артыкул зараз часцей за ўсё прымяняюць для фабрыкацыі адміністратыўных спраў, каб потым “закрыць” чалавека на суткі ў ізалятыры часовага ўтрымання. У дадзеным выпадку патрабаванне было не фатаграфаваць супрацоўнікаў міліцыі, хоць ніякім законам гэта не забаронена, а міліцыя грамадскай бяспекі і правапарадку мусіць працаваць адкрыта і галосна. Таму, зразумела, патрабаванне было незаконным.
Праз пэўны час пікетоўца і мяне адвезлі ў Ленінскі РАУС Магілёва, дзе пачалі складаць дакументы аб затрыманні, прычым азнаёміць і растлумачыць права адміністрацыйна затрыманых згодна з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам ад адміністрацыных правапарушэннях з пачаткам затрымання ніхто не парупіўся. Толькі пасля маіх неаднаразовых патрабаванняў пазнаёміць з гэтымі правамі нам, абодвум затрыманым, прынеслі адпаведныя дакументы. Згодна іх я пачаў патрабаваць размовы са сваім абаронцам.
Праз нейкі час, калі ў мяне сур’ёзна павысіўся артэрыяльны ціск, была выклікана хуткая дапамога, і нас з затрыманым пікетоўцам раздзялілі. Ён застаўся на трэцім паверсе, а мяне прывялі на першы. Там у хуткім часе я раптоўна з затрыманага пераўтварыўся ў сведку, і ў такім статусе мяне апыталі і адпусцілі. Што ж да відэа, якое я зняў, то яго прымусілі выдаліць, пагражаючы выняць тэлефон для далучэння да матэрыялаў справы аб незаконным пікетаванні.
Такі быў пачатак 15-га паслявыбарчага дня ў грамадска-палітычным жыцці Магілёва.
Уладзімір Лапцэвіч