Галоўная » Актывісты дамагаюцца, каб дзяржава ўзяла на свой балянс бюст Адамовіча. Пакуль ён у прыватнай уласнасьці

Актывісты дамагаюцца, каб дзяржава ўзяла на свой балянс бюст Адамовіча. Пакуль ён у прыватнай уласнасьці

Бюст Алеся Адамовіча, які паўгода таму паставілі ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёну, з ініцыятывы грамадзян і на ахвяраваньні грамадзкасьці, застаецца ў прыватнай уласнасьці, паведамляе Радыё Свабода.

Фармальна ягоны ўладальнік — лідэр суполкі, створанай дзеля ўшанаваньня Адамовіча, Андрусь Архіпенка. Ініцыятары ўсталяваньня бюсту не адзін месяц дамагаюцца, каб дзяржава ўзяла помнік на свой балянс, і ўжо самі падрыхтавалі неабходныя паперы.

«Бюст лічыцца на Андрусю, і чыноўнікі ў любы момант могуць сказаць, што гэта ягоная ўласнасьць, якая стаіць на іхнай зямлі, таму мусіць плаціць падаткі», — тлумачыць Свабодзе сытуацыю Ванда Архіпенка, якая ў суполцы адказвае за кантакты з уладай.

Паводле яе, акт дарэньня і перадачы бюста падрыхтаваны, але чыноўнікі не сьпяшаюцца дакумэнты падпісваць.

На запыт Свабоды намесьніца старшыні Бабруйскага райвыканкаму Тацяна Варанко адказала, што «на 14 красавіка 2020 году ўсе дакумэнты для перадачы бюсту Алеся Адамовіча падрыхтаваныя, і адразу пасьля іх падпісаньня ён будзе пастаўлены на балянс дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная клюбная сыстэма раёну». У лісьце тэрміны падпісаньня дакумэнтаў не пазначаныя.

Адкрыцьцё бюста Алеся Адамовіча (1927-1994) адбылося 9 лістапада 2019 году на радзіме пісьменьніка і грамадзкага дзеяча ў пасёлку Глушы. Паставілі яго на пляцоўцы перад пасялковым Домам культуры з дазволу раённай улады. Выраб і ўстаноўка каштавалі 6,5 тысячы даляраў, якія былі сабраныя ў 2018 і 2019 гадах. Ахвяравалі сродкі больш за 300 чалавек. Аўтары бюсту — скульптары Гэнік Лойка і Яўген Білей.

Фота: Радыё Свабода