Да прыняцця ўдзелу ў экспертызе карэктыроўкі генеральнага плана Магілёва заклікаюць грамадскасць экалагічныя актывісты горада.
“Зараз па генплану Магiлёва праводзяцца працы па яго карэктыроўцы, заказчыкам з’яўляцца Мiнбудархiтэктуры, выканаўцам БелНДIПгорадабудаўнiцтва, таму можна ўжо рабiць абгрунтаваныя заўвагi i прапановы!” – піша 18 кастрычніка 2021 года ў Фэйсбуке адміністратар агульнадаступнай групы “Сохраним Печерский лесопарк” Леанід Платоненка.
Ён нагадвае, што маецца заключэнне грамадскай экалагiчнай экспертызы ад 2017 года. “Таму драфт ужо есць, неабходна перапрацаваць, дадаць новыя заўвагi i прапановы па генплане, выправiць памылкi i ўдакладнiць недарэчнасцi!” – адзначае экаактывіст.
“Патрэбны людзi, дакладней спецыялiсты, бо з тых, хто гэтым займаўся раней, практычна нiкога няма, таму кожны чалавек будзе на вес золата! Трэба ўсiм, хто жадае дапамагчы, пачаць вывучаць генплан i вычытваць гэтае заключэнне грамадскай экалагiчнай экспертызы!” – заклікае Платоненка, адзначаючы, што папярэдняе заключэнне ад 2017 года “ўжо шмат у чым не актуальнае”. Дарэчы, тады грамадская экалагічная экспертыза адзначала, што распрацаваны генплан горада неабходна накіраваць на дапрацоўку.
Паводле актывіста, цяпер зацвярджэнне генеральнага плана развіцця Магілёва плануецца ў 2023 годзе.
У каментары “Магілёўскаму рэгіёну” ён нагадаў, што Магілёў стаў другім горадам у Беларусі пасля Мінску, які правёў грамадскую экалагічную экспертызу генплана.І цяпер разам з грамадскасцю важна адкарэкставаць яго. “Генплану Магілёва вельмі патрэбны грамадскія абмеркаванні і заўвагі. Усе пытанні экалогіі звязаны з землекарыстаннем – дзе павінна праходзіць дарога, дзе павінны знаходзіцца паркі і скверы, дзе павінна быць дадатковае азеляненне, дзе павінны будавацца прадпрыемствы і якія”, – кажа грамадскі актывіст, адзначаючы, што “тое, што адбываецца ў нас у горадзе, ёсць рэзультатам нашага дзеяння ці бездзеяння”.
Сяргей Вершынаў