16 чэрвеня ў Шклоўскім раёне з мэтай збору подпісаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты праводзіў свае пікеты старшыня Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. Пасля пікета ў Шклове ініцыятыўная група наведала радзіму дзеючага кіраўніка дзяржавы Александрыю.
Ініцыятыўная група пабывала адразу ў двух знакавых для Аляксандра Лукашэнкі вёсках – спачатку ў невялічкай Александрыі 2, дзе калісьці жыў будучы Прэзідэнт Беларусі, а потым і ў Александрыі – цэнтры вядомай гаспадаркі. Адзначу, што на вуліцах абодвух Александрый людзей амаль і не бачылі – мабыць, усе заняты важнымі справамі. Але што ўразіла ў Александрыі, дык гэта імгненная рэакцыя спартовых хлопцаў на спробу ініцыятыўнай групы ўстанавіць пікет каля мясцовай сталоўкі. Верхаводзіла імі нейкая дзяўчынка ў незразумелай вопратцы і абмежаваным уяўленнем аб дэмакратыі ў Беларусі. Прадстаўляцца ініцыятыўнай групе агрэсіўныя “мясцовыя жыхары” не пажадалі. Паводзіны хлопцаў (але не ўсіх – адчувалася рука куратара, які яўна быў старэйшым сярод апалагетаў 3%-га, але моўчкі назіраў збоку) не адрозніваліся разнастайнасцю. Калі нахрапам забараніць пікет не атрымалася, яны паспрабавалі нам даказаць бессэнсоўнасць нашага пікета і апазіцыі наогул. Лепей бы памаўчалі…
Лексікон “суразмоўцаў” асаблівай вытанчаннасцю не вызначаўся. Спачатку нам прапанавалі перайсці на другі бок вуліцы пад сцены мясцовага аддзялення банка, бо мы знаходзімся побач са сталоўкай прадпрыемства і ад нас можна чакаць што заўгодна. Што чакаць не удакладнілі, але тэма сталоўкі хутка паглынулася успамінамі пра іншыя пікеты. Маўляў, тут раней пікетоўшчыкі ўкралі некалькі туй, а потым, выбачайце, нагадзілі побач з месцам злачынства. Аргумент важкі, але праз некалькі хвілін яны пракалоліся – у Александрыі разгарнуцца апазіцыі “мясцовыя жыхары” не даюць. Па ўсяму выходзіць, што кралі туі і іншыя прыкрасці на сумленні якраз пікетчыкаў ад іхняга выбітнога земляка.
Пры гэтым “мясцовым жыхарам” тэма забруджвання“прэзыдэнтскага” наваколля з канкрэтнай характарыстыкай працэсу так спадабалася, што нават куратар сумеўся і адышоў трохі далей ад пікету, каб не чуць аб сантэхнічных падрабязнасцях забруджвання радзімы “самі ведаеце каго”.
Спроба пераканаць пікетоўшчыкаў у безвыніковасці нашых дзеянняў таксама не мела рацыі – некалькі жыхароў збочвалі з напрамку да пікету, калі бачылі актыўнасць з боку спартовых хлопцаў. Але, відаць, іх напачатку прывабліваў фактурны выгляд кіраўніка Руха “За свабоду” і яго трапныя адказы больш прамалінейным апалагетам чысціні наваколля. Як кажуць у народзе, гледзячы на тапорную працу недалёкіх памочнікаў ад улады, не бярыся за гуж… і гэтак далей. Асабліва, калі справа патрабуе сучасных ведаў пра дэмакратыю і перспектыву дзяржавы.
На самай справе ў Шклоўскім раёне ўсё больш прыходіць людзей да высновы, што ў жыцці нешта трэба мяняць і гэта “нешта” ляжыць у палітычнай плоскасці. Час для гэтага прыйшоў і народ саспеў. І ніякія спартовыя хлопцы дзеючай уладзе не дапамогуць. Ды якія яны памагатыя, калі нават туі ўберагчы не здолелі, не кажучы ўжо пра экалагічны нюанс сантэхнічнага характару.
Пётр Мігурскі