Два месяцы таму перад мясцовай уладай паўстала пытанне – што рабіць з помнікам Леніна ў цэнтры горада? І вось зусім нядаўна было вырашана зрабіць рэканструкцыю помніка і правесці ўпарадкавання тэрыторыі, прылеглай да яго.
Пры гэтым былі іншыя прапановы, як то размяшчэнне помніка ў т.зв. Парку Перамогі, аднак вырашана было не дэмантаваць яго, а проста ў чарговы раз выкінуць фінансы на паветра. Каму патрэбна рэканструкцыя помніка не зусім зразумела, хіба што самім чыноўнікам ці галоўнаму камуністу горада Зінаідзе Скачковай. Нават калі б яго знеслі, то большая частка людзей аднеслася да гэтага факта без шкадавання і суму з нагоды знікнення помніка “дзедушку Леніну”, а верагодна нават з падтрымкай адэкватных дзеянняў мясцовага чынавенства. Аднак рабіць згодна патрэбам часу і змененай ментальнасці сучасных беларусаў улада не жадае.
Наогул незразумела для чаго столькі ўвагі гэтаму гістарычнаму атавізму, абсалютна неактуальнаму помніку для беларускай нацыі, якая дафарміроўваецца ў гэты няпросты час. Усе помнікі Леніна ў Крычаве павінны быць захаваны, аднак стаць проста музейнымі экспанатамі ці помнікамі эпохі, якія б стаялі ў старонцы, зрэдку нагадваючы пра савецкае мінулае грамадства і горада. Відавочна, што ў краіне, як і ў асобна ўзятым горадзе, павінна прайсці дэсаветазацыя, дзе савецкае мінулае павінна ўспрымацца як няпросты гістарычны адрэзак часу, праз які нашаму народу прыйшлося прайсці. То бок ліквідацыя з цэнтральных плошчаў і паркаў Леніна гэта заканамерны і аб’ектыўны працэс, які павінен прайсці і ў сэрцы паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілеўшчыны. Не менш важна прыбраць помнік галоўнаму чыкісту каля Крычаўскага гарадскога аддзялення Упраўлення КДБ па Магілеўскай вобласці – Феліксу Дзяржынскаму, бо ў звязку з апошнімі падзеямі ён толькі паказвае, што міліцыя, АМАП, КДБ – гэта не “органы правапарадку”, а рэпрэсіўныя структуры, якія гатовы разабрацца з любым нязгодным з існуючай палітычнай сістэмай.
Гэтаксама важна падумаць, што зрабіць з абсалютна бязглуздай ініцыятывай па ўсталяванні т.зв. “помнікаў”, з нагоды 70-годдзя вызвалення Крычаўскага раёна ад нямецкіх акупацыйных войскаў – самаходкі СУ-100 і артылерыйскай гарматы Д-44. Цікава, што “ахоўнікі памяці пра вайну” хаця б разабраліся з гісторыяй ваеннай тэхнікі, якую ўсталёўвалі. Самаходная артылерыйская устаноўка СУ-100 была створана ў канцы 1943-пачатку 1944 гг., а першае баявое выкарыстанне тэхнікі адбылося ў снежні 1945 г. Артылерыйская гармата Д-44, у сваю чаргу, была распрацавана пад кіраўніцтвам канструктара Фёдара Пятрова ў другой палове 1944 г., а прынята на ўзбраенне толькі ў 1946 г. Такім чынам, усталяваная баявая зброя ў розных раёнах Крычава не магла выкарыстоўвацца падчас баёў ў раёне чыгуначнага вакзала 29 верасня 1943 г. І гэта вельмі істотна, бо выглядае гэта як танная дэкарацыя і штучны патрыятызм. Больш за тое, такія аб’екты ствараюць вобраз горада і адпаведную атмасферу, а штучныя і неактуальныя помнікі будуць толькі псаваць гарадскую прастору, не даючы яе жыхарам нічога натхняльнага і прыўкраснага. Наогул тэма апошняй страшнай вайны трэба сур’ёзна перэасэнсаваць, а не карыстацца савецкімі клішэ і прапагандыскімі фразамі і паняццямі. Для кожнага горада вайна была свая, як кажуць. Вось і для Крычава гэта вайна была страшнай, аднак разам з тым і неадназначнай падзеяй, дзе прысутнічала здрада і гераізм, страх і мужнасць, нянавісць і любоў. У акупаваным горадзе былі нямецкія салдаты, а таксама калабарацыяністцкае ваеннае фармаванне “Руская освободительная армия” (т.зв. “власовцы”), знішчалася жыдоўскае насельніцтва, гінулі партызаны і пакутавала мясцовае жыхарства. Але тым не меней горад жыў, а насельніцтва Крычава кантактавала з акупацыйнай нямецкай уладай, што прыводзіла да супрацоўніцтва з ёй пэўных пластоў гарадской супольнасці.
Адзін з істотных момантаў сучаснага гарадскога жыцця – гэта дэсаветазацыя гарадской тапанімікі, у якой пануюць найменні звязаваныя з савецкай эпохай. Шмат патранімічных назваў, якія звязаны з падзеямі Другой сусветнай вайны, падзеямі кастрычніцкай рэвалюцыі перасталі быць актуальныя. Адзначу таксама што частка вуліцаў з патранімічнымі наменнямі дарэчныя, аднак іх няшмат, большая ж частка назваў павінна быць перагледжана і зменена. Гэтаксама як і найменне вялікага мікрараёна пад назвай “Камсамольскі”, якое гучыць дзіўна для нашага часу. У гістарычнай частцы горада павінны быць вернуты сапраўдныя старыя назвы, якія б паказвалі багатую мінуўшчыну Крычава.
Важна, каб разам з тэндэнцыяй дэсаветызацыі пачалася і дэрусіфікацыя. Адным з першых крокаў у гэтым павінна стаць услаўленне беларускай і лакальнай гісторыі, разам з адпаведнымі гістарычнымі персанажамі. Нарэшце спыніць недарэчную папулярызацыю графа Пацёмкіна як мясцовага героя, які адзначыўся неадназначнымі крокамі ў гарадской гісторыі. Дзіўным і парадаксальным з’яўляецца правядзенне баляванняў у стыле Пацёмкіна і Кацярыны ІІ у сценах мясцовага гістарычнага музея, які размяшчаецца ў былым палацы Пацёмкіна-Галынскіх. Увязванне гісторыі горада з такімі персанажамі як Кацярына ІІ і Пётр І павінна натуральным чынам існаваць, але пра іх трэба распавядаць нейтральна, бо гэтыя гістарычныя персанажы важны для рускай гісторыі, а для Беларусі (Крычава ў прыватнасці) яны з’яўляюцца даволі супярэчнымі фігурамі. Вядома, што разам з адыходам ад услаўлення імператараў іншай краіны, трэба надаваць значнасці мясцовай гісторыі. Напрыклад, больш праслаўляць і акцэнтаваць увагу на вядомым шляхецкім родзе Галынскіх, якім належыў палац Памёмкіна паўтары стагоддзі. Назва палаца павінна быць падвоеная – Пацёмкіна-Галынскіх, бо менавіта так будзе адлюстроўвацца гістарычная праўда. Між іншым адзін з галоўных трэндаў мясцовай “брахалаўкі” (так завуць мясцовыя жыхары мясцовую раённую газету) – фотаздымкі на фоне Палаца Пацёмкіна-Галынскіх. Архітэктурны ансамбль і музей, што размешчаны ў ім, з’яўляюцца сапраўднай славутасцю, аднак акрамя палаца ёсць яшчэ шэраг помнікаў, якія варта таксама папулярызаваць.
Наступным этапам павінна быць лёгкая беларусізацыя, якая мусіць пачацца са з’яўленнем афіцыйных шыльдаў і вывесак на двух мовах, аднак з панаваннем беларускай, а разам з тым ухваленне выкарыстання найменняў крамаў, павільёнаў і шапікаў па-беларуску. Важным момантам будзе замена назваў прыпынкаў на беларускамоўную версію, каб людзі пакрысе ўключаліся ў прастору “матчынай” мовы. Аднак усё гэта справы будучыні, а цяпер можна проста абмаляваць пакрокавыя дзеянні, што прывядуць да з’яўлення па-сапраўднаму беларускіх гарадоў.
Алесь Крыжэвіч