Як вядома, у любой краіне Канстытуцыя – асноўны закон дзяржавы, а ўсе вытворныя законы і акты мусяць спрыяць таму, каб гэты асноўны закон выконваўся. Тое ж і з адпаведнымі органамі і ўстановамі – міліцыяй, пракуратурай, судамі, іх асноўная задача і мэта як раз і палягае ў тым, каб сачыць за выкананнем законаў, за захаваннем прававой сістэмы і канстытуцыйнага ладу дзяржавы. Тут трэба ўзгадаць, што дэклараваная ў Канстытуцыі аснова гэтага ладу, а так сама найвышэйшая каштоўнасць і мэта дзяржавы – чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі.
Але ці можна называць «праваахоўнымі» тыя органы, якія першымі і парушаюць усе дэклараваныя Канстытуцыяй правы людзей? Ці можна называць органам «правасуддзя» тую ўстанову, дзе ў якасці доказу бярэцца непраўдзівае сведчанне службовай асобы, якое супярэчыць нават відэафакту? Мы ўжо амаль што звыкліся з падобнай практыкай, але ўсё ж трэба кожны раз узгадваць на такія факты. Вось чарговая сітуацыя, дакладней, працяг гісторыі ігнаравання правоў грамадзяніна з боку тых установаў, якія мусяць бараніць гэтыя правы.
5 студзеня ў Магілёўскім абласным судзе прайшоў разгляд маёй скаргі на пастанову Ленінскага суда горада Магілёва. Нагадаю коратка тую справу – суддзя Касцюк Т.М. на падставе пратакола і сведчанняў супрацоўніка Кастрычніцкага РАУС маёра міліцыі Гарэлікава Ф.Ф. пастанавіла, што я парушыў «Закон аб масавых мерапрыемствах». Узгаданая акцыя адбывалася 13 верасня і пачалася на плошчы каля ГЦ Атрыўм, а я асвятляў яе ў якасці рэпарцёра для партала 6tv.by. Паколькі гэта было маё другое падобнае «правапарушэнне» цягам году, то згодна часткі 3 сумнавядомага артыкулу 23.34 суддзя прысудзіла мне адміністратыўнае пакаранне ў выглядзе штрафу ў 30 базавых велічынь. Але самае цікавае тое, што маёр Гарэлікаў так апісваў мой «учынак»: «находился среди толпы граждан, демонстрирующих флаги бело-красно-белого цвета, хлопал в ладоши, в ответ на звуковые сигналы машин поднимал руку вверх и показывал знак »солидарности« в виде двух пальцев демонстрируя это окружающим, с целью выражения солидарности недовольствия проведенными 09.08.2020 г. президентскими выборами в Республике Беларусь». На самой справе, а гэта цудоўна бачна на відэа, якое здымалі самі супрацоўнікі міліцыі і якое было прад’яўлена ў судзе ў якасці падтверджання словаў з пратаколу, мяне і блізка не было ў натоўпе, і ніякія апісаныя дзеянні я не рабіў. Так, я быў на плошчы каля Атрыўму, здалёк (30-50 метраў) здымаў на тэлефон падзеі для відэарэпартажу на 6tv.by, бо ніякія законы не забараняюць атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, гэта так сама базавае канстытуцыйнае права грамадзяніна. Але ж зараз «не да закону», калі «зверху» дадзена ўстаноўка «пакараць усіх», то цалкам можна ігнараваць відавочныя факты і будаваць доказ на непраўдзівых словах сведкі.
Але ці можна ў гэткім разе называць такую ўстанову «органам правасуддзя», ці памятаюць самі суддзі, чаму іх вучылі ў юрыдычных ВУЗах, ці памятаюць словы сваёй клятвы народу Беларусі «чэсна і добрасумленна выконваць свае абавязкі, ажыццяўляць правасуддзе, падпарадкоўваючыся ТОЛЬКІ Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, быць непрадузятым і справядлівым, як патрабуе мне доўг суддзі»? Так і на гэты раз – суддзя Ірына Ланчава праігнаравала ўсе мае довады, пачынаючы ад заўвагаў на яўныя супярэчнасці між словамі сведкі і рэальнымі фактамі, сканчаючы ўзгадкамі ўсіх нацыянальных і міжнародных законаў і пактаў пра грамадзянскія правы, якія былі парушаныя ў дачыненні мяне (і ўсіх іншых людзей, каго так сама судзілі па гэтым артыкуле). Мая скарга на відавочна неправавую пастанову Ленінскага суда, якая, у сваю чаргу, абапіраецца на перадузятае стаўленне супрацоўнікаў міліцыі да мяне, як да журналіста (няхай сабе і не акрэдытаванага), так і не была задаволена. Такі вось «суд Ланчавай»…
Можна вельмі доўга разважаць і наконт правоў, і наконт законаў, і пра тое, што «праваахоўныя» органы мусяць ахоўваць правы грамадзянаў, а не гвалтоўнымі дзеяннямі папіраць іх, і што «правасуддзе» мусіць грунтавацца на праўдзівых доказах і абвяргаць хлуслівыя… Але які сэнс у такіх разважаннях, калі відавочны прававы дэфолт, калі ўсё часцей «не да законаў»? Думаю, і перакананы, што сэнс заўсёды ёсць, і разважаць, і пісаць, і, самае галоўнае, фіксаваць праз скаргі ўсе факты парушэння нашых канстытуцыйных правоў, бо такая сістэма, якая грунтуецца на неправавым падмурку, рана ці позна разбурыць самую сябе. Каб пазбегнуць паўтарэння падобнага ў будучыні, у новай, прававой краіне, мы мусім памятаць прозвішчы дзяржаўных злачынцаў, якія замест таго, каб ахоўваць канстытуцыйны лад дзяржавы, ахоўвалі неправавую сістэму дзяржаўнага кіравання, то бок, баранілі не грамадзянаў, а саміх сябе.
Алесь Сабалеўскі