Галоўная » Аляксандр Буракоў: Нехта атрымае прэмію з рук кіраўніка дзяржавы за сваю працу, а нехта — штраф

Аляксандр Буракоў: Нехта атрымае прэмію з рук кіраўніка дзяржавы за сваю працу, а нехта — штраф

У актыўны пішучы склад рэдакцый і кіраўніцтва медыя выходзяць 25-30-гадовыя. Гэта людзі іншай фармацыі, іншых каштоўнасных арыентыраў, чым тыя асобы, якія стваралі незалежныя медыя найноўшай Беларусі.

Магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў разважае пра канфлікт пакаленняў і чаму прайгралі тыя, хто змагаўся за свабоду слова ў 1990-ыя гады.

Аляксандр Буракоў. Фота з архіва

— Перыяд незалежнасці Беларусі амаль такі ж доўгі, як і перыяд аўтарытарызму. У краіне ёсць некалькі фармацый людзей: тыя, хто ведаюць Беларусь савецкую, Беларусь без Лукашэнкі і Беларусь з Лукашэнкам. І ўсе яны вельмі розныя.

Калі разважаць пра журналістаў, то важна памятаць пра людзей, якія ў сярэдзіне 1990-ых асэнсавана і прынцыпова сышлі з дзяржаўных медыя і пачалі ствараць нешта новае. Тады перад імі паўстаў маральны выбар: ці ты застаешся ў сістэме і за гэта атрымліваеш бонусы, альбо сыходзіш у лагер дэмакратаў і твая будучыня непрадказальная.

Што значыць праца ў дзяржаўных СМІ тады і цяпер? Гэта мінімум напружвання, сацыяльны пакет, розныя законныя адпачынкі і прэміі, магчымасць атрымаць жытло. І многія занялі пазіцыю “навошта выпендрывацца”, калі ёсць няпыльная праца і заробак, сацыяльныя гарантыі, у тым ліку магчымасць у цяпле даседзець да пенсіі (у адрозненне ад фрылансераў). Прагіб пад уладу звычайна выгодная рэч.

Але былі прынцыповыя людзі, якія праз маральныя чыннікі сышлі ў недзяржаўны сектар. І лёс іх склаўся па-рознаму. Нехта стаў паспяховым у творчым і камерыцыйным сэнсе, а нехта наадварот. Сёння пра іх забыліся.

Пасля дыскусіі на канферэнцыі БАЖ, прысвечанай перспектывам фрыланс-журналістыкі ў Беларусі, стала відавочным, што замежным гасцям трэба дадаткова тлумачыць некаторыя беларускія рэаліі. Прыкладам, у іх сістэме каардынатаў ёсць разуменне, што медыя бываюць недзяржаўныя і дзяржаўныя, а вось журналісты ў іх уяўленні бываюць толькі дэмакратычныя і — дэмакратычныя. Бо нельга ўявіць сабе ў развітых краінах сітуацыю, калі журналіста нейкага СМІ могуць аб’явіць “неблаганадзейным” і персанальна цкаваць.

Свой досвед яны пераносяць на нашу рэчаіснасць, не разумеючы ўсёй драмы.

Вядома, людзі, што засталіся ў дзяржаўных медыя, пільна сочаць за тым, як склаўся лёс іх калегаў з іншага лагеру і ўсё выдатна разумеюць. І што бачаць: абвостраанае сумленне прыводзіць да пераследу міліцыяй, вобшукаў КДБ, патрабаванняў падатковых дэкларацыяў за 10 гадоў, штрафаў. І “біць” няма чым. Толькі разуменнем сваёй профпрыдатнасці ды маральнасцю. Сумленныя людзі сярэдзіны 1990-х сёння выглядаюць “лузерамі” ва ўяўленні іх беспрынцыпных аднагодкаў.

Гэта я і хацеў патлумачыць замежнікам, якія супрацоўнічаюць з Беларуссю. Цяпер востра стаіць тэма пераследу фрылансераў. Найперш гэта тычыцца тых, хто супрацоўнічае з “Белсатам”. Але хто прыходзіць працаваць на гэты канал? Калі казаць шчыра пра рэпарцёраў, то абсалютная большасць з іх — людзі, якія прыйшлі ў прафесію з грамадскага актывізму пасля кароткіх курсаў. Гэта моладзь, якую навучылі выключна польскай сістэме падачы тэлевізійных навінаў без аніякіх альтэрнатыў.

Але хачу нагадаць, што ў нас была “Беларуская маладзёжная”, было ранейшае беларускае тэлебачанне з вартымі праграмамі. Там працавалі прафесіяналы, імёны якіх кулуарна гучаць ў Мінску цяпер. І куды яны падзеліся, чаму іх досвед не выкарыстоўваецца? А між іншым менавіта яны некалі рабілі той самы маральны выбар. Маладыя фрылансеры глядзяць на свет больш цынічна, ім проста напляваць на тое, што было 20 год таму.

— Жыццё журналіста, грамадскага дзеяча ў Мінску і ў рэгіёнах адрозніваецца. Як гэта, быць навідавоку?

— Калі я кажу, што на нас паказваюць пальцам, то найперш маю на ўвазе рэгіёны. Бо ў Мінску больш магчымасцяў, ёсць умовы для руху. Возьмем да прыкладу, на жаль, ужо нябожчыка, былога аператара магілёўскага абласнога тэлебачання Вадзіма Аршынскага, з якім я калісці працаваў для “Белсата”. У пачатку 2000-х у нейкім сюжэце ён так зняў Лукашэнку падчас візіту ў калгас, што над галавой лідара нацыі апынуліся нейкія намаляваныя на сцяне рожкі аленя. Натуральна, гэтыя кадры нікуды не пайшлі, але Вадзім Аршынскі – чалавек, з якога фактычна пачыналася тэлебачанне ў Магілёве, у момант стаў беспрацоўным. І куды ісці працаваць аператару ў Магілёве ў такім выпадку? Гэта было беспрацоўе на доўгія гады.

— Але вось Лукашэнка раздае прэміі журналістам. Гэта сведчыць, што выбар і сёння ёсць, ёсць розныя крытэры для ацэнкі ўласнага поспеху і атрымання гарантый. І ў вачах свайго кола той чалавек будзе паспяховым.

— Вось акурат гэта і трэба прагаворваць замежнікам, якія прыязджаюць сюды і хочуць дапамагаць ці весці нейкую дзейнасць, як цяпер модна, “у партнёрстве з уладамі альбо дзяржСМІ”.

Людзі, якія гатовыя ісці ў поле, часам па калена ў брудзе, каб рабіць рэальна праблемныя сюжэты, гэтай сістэме не патрэбныя. Жрналісты, якія асвятлялі сітуацыю з заводам беленай цэлюлозы ў Светлагорску, атрымалі штрафы. Дзяржаўныя журналісты туды не едуць і не здымаюць, хаця гэта сапраўдная праблема. Гэта выразны прыклад рознай сістэмы каардынат. Хтосьці ў выніку атрымлівае штраф, а хтосьці прэмію з рук кіраўніка дзяржавы.

— А чаго ты чакаеш ад міжнароднай супольнасці?

— Сённяшнія рэаліі, на жаль, нівелююць тыя ахвяры, якія былі прынесеныя старэйшым пакаленнем нашай супольнасці на алтар дэмакратыі. Прайшло столькі год, рэжым не зрынуўся, і лёсы многіх людзей, якія абралі гэты шлях, не склаліся. А тыя замежныя персаналіі, якія ў 1990-я гады супрацоўнічалі з Беларуссю і заклікалі прынцыпова адстойваць дэмакратычныя каштоўнасці, ужо самі сыйшлі на пенсію так і не дачакаўшыся дэмакратызацыі.

І цяпер новае пакаленне еўрапейцаў шукае новыя метады працы. Яны прапануюць: “Даваце будзем супрацоўнічаць з уладамі”, “Чым вам дапамагчы? А давайце мы зробім нешта супольнае з журналістамі дзяржаўных медыя”. Калі паглядзець на прапановы грантавай падтрымкі, то часта прапісана ва ўмовах, каб была дзяржаўная рэгістрацыя і хоць нейкая супраца з дзяржаўным органам. Рэальная гісторыя: БРСМ, як НДА, атрымлівае падтрымку, і гэтыя сродкі курсіруюць унутры дзяржаўнай сістэмы.

І ў мяне пытанне: ці не ёсць такі падыход здрадай да тых людзей, якія 20 год таму рабілі свой  маральны выбар?

І сёння я не магу сказаць, што прадстаўнікі нашых шэрагаў глядзяць у будучыню з аптымізмам. Павялічваецца стомленасць. Калі чалавек не бачыць вынікаў, а яму ўжо не 20, а 35-40 год — паўстаюць пытанні “дзе ты і чаго дамогся?”

Мы мяняемся, і баюся, не да лепшага. У Магілёве мы ладзілі дэбаты паміж палітыкамі і журналістамі. І стаў відавочным канфлікт пакаленняў. Старэйшае ставіцца да прафесіі і да ўсёй сваёй дзейнасці, як да паклікання. А маладзейшыя ўспрымаюць журналістыку, як бізнес: калі ёсць добрыя грошы, то і рэпрэсіі можна трываць, а калі грошай няма, то эфемерныя каштоўнасці падаюцца дурнотай. І старэйшае пакаленне, атрымліваецца, прайграла ўсім. І рэжыму, бо той нікуды не знік, і маладзейшым, якія падыходязць да справы з халодным камерцыйным разлікам.

***

Аляксандр Буракоў

У прафесіі з 1998 года. Пачынаў працаваць на абласным магілёўскім тэлебачанні. Пісаў у “Тыднёвік Магілёўскі” і магілёўскую газету “Дэ-факта”. З 2006 года працаваў на “Радыё Рацыя”, затым супрацоўнічаў з “Белсатам”. Апошнія 8 год працуе карэспандэнтам Deutsche Welle ў Беларусі.

Падрыхтавала Вольга Хвоін

Крыніца: baj.by