У апошнім нумары газеты “Наша Слова” №27 ад 1 ліпеня 2020 года Ганаровы старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы имя Ф. Скарыны” Алег Трусаў звярнуўся да чытачоў са зваротам “Захаваем ТБМ разам!”. Зварот накіраваны ў да кіраўнікоў абласных, раённых арганізацый ТБМ і шырокай грамадскасці з мэтай тэрмінова сабраць сяброўскія складкі за гэты год і, калі магчыма, пералічыць ахвяраванні. Страта офіса, у якім зарэгістраваныя Рэспубліканская арганізацыя ТБМ, выдавецтвы часопіса “Верасень”, газет “Наша Слова” і “Новы час”, Мінская гарадская і тры райнныя рганізацыі ТБМ, пацягне за сабой закрыццё пералічаных арганізацый, а ў перспектыве і ўсяго ТБМ.
У свой час ў мяне між волі з’явілася думка: “Я нарадзіўся ў Беларусі, жыву і працую ў Беларусі, скончыў вышэйшую навучальную ўстанову першае слова ў назве якой “Беларуская” і пры гэтым дрэнна ведаю найгалоўны духоўны скарб любога народа – нацыянальную мову”. З тых часоў я больш пільна стаў цікавіцца беларускай гісторыяй, культурай, усім тым, што датычыць Беларусі. З 1998 года з’яўляюся сябрам, а потым і краўніком мясцовай суполкі ТБМ. Дзякуючы таварыству ў розных кутках Беларусі і ў замежжы ў мяне з’явіліся новыя цікавыя сябры і аднадумцы. Беларуская мова і ўвогуле беларусчына зрабіла вялікі ўплыў на фарміраванне майго светапогляда. Набытыя веды дапамаглі мне задумацца над сэнсам жыцця, больш убачыць дабра і справядлівасці, разумець прыгожае, шанаваць родную мову, любіць і берагчы Радзіму.
З перыядычнымі выданнямі таварыства ў мяне заўсёды асаблівые адносіны і звязвае нябачная духоўная аўра. Вось ужо два дзесяцігоддзя я з’яўляюся падпісчыкам газеты “Наша Слова”. Шклоўская суполка ТБМ, пачынаючы з 1999 года кожны год пералічвае складкі і ахвяраванні на дзейнасць таварыства. Таму таксама звяртаюся да сяброў і грамадскасці з прапановай усімі магчымасцямі падтрымаць наша таварыства. Зычу ўсім здароў’я, спакою і аптымізму ў гэтыя няпростыя часы.
Старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” Аляксандр Грудзіна