Пад створанай на платформе «Удобный город» петыцыяй за адстаўку кіраўніка Міністэрства адукацыі Беларусі Ігара Карпенкі падпісаліся амаль 3,5 тысячы чалавек.
Паводле аўтараў петыцыі, Карпенка не справіўся з выклікамі, якія ўзніклі праз пандэмію каранавіруса. Так, ён не здолеў арганізаваць дыстанцыйнае навучанне школьнікаў і студэнтаў, не здолеў забяспечыць бяспеку школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў (шмат якім больш за 60 год) праз адмену альбо перанос заняткаў, а праз неразумную палітыку Міністэрства адукацыі нагрузка на настаўнікаў узрасла ў два разы, прычым іх заробкі засталіся на ранейшым узроўні.
Таксама, як сведчаць аўтары петыцыі, міністэрства не мае дакладнай пазіцыі адносна арганізацыі адукацыйнага працэсу і яго дзеянні нагадваюць хістанні. Акрамя таго, інструкцыя праводзіць атэстацыю школьнікаў за тры чвэрці са складаннем сярэдніх балаў за тры чвэрці і дзяленнем гэтых балаў на чатыры (для тых, хто не ходзіць у школу ў чацвёртай чвэрці праз самаізаляцыю), з’яўляецца дыскрымінацыйнай у дачыненні да школьнікаў і з’яўляецца ідэалагічнай з мэтай падштурхнуць бацькоў адпраўляць вучняў на заняткі.
Падпісанты сцвярджаюць, што Міністэрста адукацыі не праверыла тэхнічныя магчымасці школьнікаў і студэнтаў для ўвядзення дыстанцыйнай адукацыі і не арганізавала выдачу патрэбнага абсталявання тым, хто мае ў гэтым патрэбу (планшэтаў).
Таксама Міністэрства адукацыі, як сцвярджаецца ў петыцыі, не прадпрымала спробаў арганізаваць бясплатны інтэрнэт для настаўнікаў, выкладчыкаў і школьнікаў пры дыстанцыйнай адукацыі.
«У сувязі з вышэй пералічанымі абставінамі лічым, што міністр адукацыі Ігар Карпенка павінен сысці ў адстаўку, а ў краіне павінна быць арганізавана дыстанцыйнае навучанне», – патрабуюць падпісанты.
Як сцвярджае адзін з тых, хто патрабуе адстаўкі Карпенкі, – старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, Міністэрства адукацыі зараз ні на што няздатнае і патрабуе сур’ёзнай мадэрнізацыі і перафарматавання.
«У Японіі, калі самурай прайграў бітву, і каб захаваць свой гонар, ён рабіў сабе харакіры. У Беларусі (з папраўкай на іншую культуру і час) можна проста падаць у адстаўку, а калі ёсць жаданне, то і пайсці шляхам самурая. Плакаць ніхто не будзе», – напісаў Барысаў у Facebook.
На момант падрыхтоўкі данага артыкула, пад петыцыяй «За адстаўку міністра адукацыі Ігара Карпенкі» падпісалася 3432 чалавекі. Варот павінен быць адпраўлены ў Адміністрацыю прэзідэнта праз 13 дзён.
Уладзімір Лапцэвіч