Галоўная » Анатоль Лябедзька: “Старшыня Кастрычніцкага суда Магілёва паводзіць сябе, як бандыт”

Анатоль Лябедзька: “Старшыня Кастрычніцкага суда Магілёва паводзіць сябе, як бандыт”

Інцыдэнтам са зрывам медыцынскай маскі з вядомага палітыка Анатоля Лябедзькі ў кабінеце старшыні Кастрычніцкага суда Магілёва Валерыя Мазурава адзначылася чаканне судовых пасяджэнняў па справах затрыманых з-за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Анатоль Лябедзька са старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаем Казловым прыехалі ў Магілёў, каб маральна падтрымаць затрыманых, у тым ліку, актывістку арганізацыі Таццяну Сівачэнку. Міліцыя забрала яе 8 мая акурат з-за святочнага стала. У той дзень жанчына святкавала свой дзень народзінаў.

Па даўняй завядзёнцы пры ўваходзе ў будынак суда міліцыянер звычайна перапісвае пашпартныя дазеныя наведвальнікаў. Мікалай Казлоў вырашыў высвятліць, на якой падставе гэта адбываецца і разам з Лябедзькай яны пайшлі да старшыні райсуда. “Але размовы не атрымалася. Як толькі мы ўвайшлі ў кабінет, першыя яго словы былі не «добры дзень», як мусіць чыноўнік звяртацца, а «выйдите!» – распавёў «Магілёўскаму рэгіёну» Анатоль Лябедзька.

Паводле палітыка, ён крыху затрымаўся ў кабінеце суддзі, каб высвятліць у Мазурава, калі ж будуць пасяджэнні, бо мноства народу на ганку будынка суда чакаюць іх пачатку. «Папрасіў даць інфармацыю. Пасля гэтага ён вылятае з-за стала, падлятае да мяне, рве маску, б’е ў грудзі. Абсалютна неадэкватны чалавек. Я такіх бачыў у сваім юнацтве, калі быў на танцах і прыходзілі нейкія неадэкватныя хлопцы. Ім было па 13-14 гадоў і яны яшчэ самаганкі выпівалі. А тут старшыня суда дазваляе проста бойку нейкую», – сказаў Лябедзька.

Ён вызначыў паводзіны старшыні Кастрычніцкага суда Магілёва Валерыя Мазурава неадэкватнымі і вартымі бандыта. Абодва апазіцыйныя палітыкі напісалі скаргі ў кнігу заўваг і прапаноў на дзенянні суддзі.

Уладзімір Лапцэвіч