Галоўная » Андрэй Казакевіч: Улады ня змогуць стабілізаваць Беларусь. Адной сілы недастаткова

Андрэй Казакевіч: Улады ня змогуць стабілізаваць Беларусь. Адной сілы недастаткова

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч у інтэрвію каналу Svaboda Premium ацэньвае пазыцыі ўладаў і грамадзтва Беларусі ў пасьлявыбарчым канфлікце і разважае пра магчымую форму транзыту ўлады.

 

Што паказаў агульнанацыянальны страйк

— Як бы вы падсумавалі вынікі першага тыдня агульнанацыянальнага страйку — хто чаго дамогся? Хто перамог?

— Цяжка сказаць. Тое, што гэта было, мы зразумеем пазьней. Відавочна, што палітычныя пратэставыя сілы здолелі мабілізаваць дастаткова вялікую колькасьць людзей і даць новы імпульс пратэстам. Гэта тычыцца і нядзельнай акцыі 25 кастрычніка, і пратэставых страйкаў (сярод якіх былі і пасьпяховыя спробы), і мабілізацыі студэнтаў, і акцый пратэсту на працягу тыдня.

Гэта паказала, што пратэставы патэнцыял людзей, якія адкрыта выказваюць сваю пазыцыю, дастаткова моцны, ён захоўваецца, і ўлады з гэтым мала што могуць зрабіць.

Зь іншага боку, маштабы акцый пакуль не зьмянілі палітычнага раскладу. Улада дзякуючы рэпрэсіўным захадам застаецца адносна стабільнай — прынамсі, мы ня бачым, што апошні тыдзень прывёў да рэзкага абвастрэньня палітычнага крызісу.

Мы проста бачым яшчэ адзін этап зацяжнога палітычнага крызісу ў Беларусі, зацяжнога процістаяньня паміж уладаю, якая ўжо відавочна дэлегітымізаваная і якую падтрымлівае меншасьць насельніцтва, і пратэставым рухам, які вельмі вялікі і актыўны і які мае мірны характар — гэта значыць, ён ня мае мэханізму хуткай зьмены ўлады, яе захопу. Таму адзінай тактыкай для яго застаецца доўгатэрміновы ціск на дзейную ўладу, каб прымусіць яе да палітычных зьменаў — палітычнай рэформы і новых выбараў.

 

Хто мае лідэрства ў процістаяньні

— Як бы вы ахарактарызавалі сёньняшняе становішча ў Беларусі? Некаторыя палітолягі называюць гэта парытэтам — перамагчы пакуль ня можа ні ўлада, ні апазыцыя. А як гэта бачыце вы?

— Я б не сказаў, што гэта парытэт. Слова «парытэт» азначае, што бакі маюць аднолькавы патэнцыял, аднолькавую сілу. А тут мы маем справу зь вельмі асымэтрычнымі пазыцыямі грамадзтва і ўлады. З аднаго боку, сіла на баку ўлады, але пытаньне легітымнасьці і грамадзкая падтрымка — на баку пратэстаў.

Я б сказаў, што сытуацыя мае прыкметы процістаяньня, у якім пакуль што ніводзін з бакоў ня можа перамагчы.

Так што парытэт — ня тое слова, якое адлюстроўвае сутнасьць сытуацыі, якую мы маем.

— Чаму, на вашу думку, ня можа перамагчы ўлада, калі мае ў сваіх руках усю сілу? Часам сьцьвярджаецца, што дзеяньні сілавікоў неэфэктыўныя, калі ўлады разумеюць, што не кантралююць сытуацыю і што ім не падпарадкоўваюцца грамадзяне, тады яна ня ў стане кіраваць краінай. Але сіла ж ёсьць? Вось нядаўна Станіслаў Багданкевіч сказаў, што эканамічная стагнацыя можа працягвацца даволі доўга. Ці ўсё ж адной сілы недастаткова?

— Так, Багданкевіч гэта сказаў, але прыкладаў такіх мы ведаем мала. Тым больш цяпер мы гаворым не пра стагнацыю, але пра сытуацыю вострага процістаяньня паміж рознымі грамадзкімі сіламі. Я думаю, што рэсурсы ўлады не бязьмежныя, процістаяньне абыходзіцца дорага і прыводзіць да дэзарганізацыі дзяржаўнага апарату і працэсаў у грамадзтве. І ўлада гэта ўсё ня можа стабілізаваць.

Чаму ня можа? Таму што адной сілы мала. Ёсьць тры асновы ўлады — грошы, салідарнасьць і сіла. Каб улады мелі хаця б дзьве з гэтых трох апораў — гэтага хапіла б.

Але зь фінансавага пункту гледжаньня ўсё кепска, мы ведаем, што Беларусь перажывае эканамічны крызіс. Хутчэй за ўсё, ён будзе вельмі глыбокі, ніхто Беларусі не дае грошай — ні Расея, ні Кітай, ні тым больш Захад. Напэўна, можна было б заліць грашыма грамадзтва і купіць яго ляяльнасьць, але для гэтага няма магчымасьцяў.

Пад салідарнасьцю маецца на ўвазе давер людзей да ўлады, згода зь яе дзеяньнямі, стаўленьне да яе як да легітымнай. Цяпер гэтага няма, грамадзтва ў большасьці сваёй ня лічыць дзеяньні ўлады правільнымі, бачыць пастаянныя парушэньні закону, застаецца шмат пытаньняў наконт таго, ці наогул Лукашэнка мае права заставацца прэзыдэнтам. І пакуль незразумела, якім чынам улады могуць выправіць гэтую сытуацыю. Відаць, толькі праз спыненьне рэпрэсій, выпуск палітычных вязьняў і новыя выбары, але пра гэта мова не ідзе.

Адпаведна, у Аляксандра Лукашэнкі засталася толькі сіла ў якасьці рэсурсу для захаваньня сваіх пазыцый. Але гэтага вельмі мала для таго, каб вырашыць наяўную палітычную сытуацыю.

Сілы хапае, каб пакуль утрымліваць уладу, але я ня думаю, што гэта можа цягнуцца доўга.

І тым больш гэтага недастаткова, каб вырашыць сытуацыю і разьвязаць палітычны крызіс на сваю карысьць. Гэта, хутчэй за ўсё, не атрымаецца.

 

Чаму адбыліся адстаўкі сілавікоў

— Пра што сьведчаць адстаўкі сілавікоў, у прыватнасьці Караева і Барсукова? Іх кінулі на мяцежныя вобласьці ці акуратна прыбралі? Ці ёсьць тут роля Масквы, калі мець на ўвазе нядаўні візыт у Беларусь кіраўніка СВР Нарышкіна?

— Я тут магу выказваць толькі меркаваньні, паколькі вялікай інсайдэрскай інфармацыі ня маю. У мяне такое адчуваньне, што гэта вынік рэальнай стомленасьці і сілавікоў, і дзяржаўнага апарату. Сытуацыя зацягваецца, няясна, як яе вырашаць, таму людзі там у стрэсавым стане — яны пастаянна павінны парушаць закон, ім увесь час кажуць, што яны заўтра на акцыі павінны ледзь не забіваць дэманстрантаў, многія разумеюць, што могуць быць пакараныя за гэта. А сытуацыя вельмі нестабільная, ідуць ня вельмі спрыяльныя сыгналы і ад Расеі, і ад Захаду.

Таму я ўсе гэтыя ратацыі, ня толькі апошнюю, але і ранейшыя перамяшчэньні на чале пракуратуры, КДК і КДБ, разглядаю як праявы стомленасьці. Плюс дэзарганізацыя дзяржаўнага апарату як вынік гэтай стомленасьці і палітычнай нявызначанасьці, а таксама няздольнасьць Лукашэнкі прадэманстраваць якасьці лідэра ў сытуацыі палітычнага крызісу.

Усё гэта разам прыводзіць да таго, што Лукашэнка мае неяк мабілізаваць дзяржаўны апарат і знайсьці для гэтага новыя рэсурсы. І вось гэтыя кадравыя перастаноўкі — адна з такіх магчымасьцяў. Ён дае новыя магчымасьці для кар’ернага росту чыноўнікам, перакідае іх на выкананьне іншых задач, каб яны не былі пад такім ціскам.

 

Як можа адбыцца транзыт улады

— Каардынацыйная рада была створаная менавіта дзеля «транзыту ўлады». Але калі задумацца над тым, як і калі можа рэальна адбыцца гэты транзыт, то зьяўляецца больш пытаньняў, чым адказаў. Шмат хто спрабуе пісаць пра магчымыя варыянты, але, як на маю думку, ніводзін зь іх сёньня не выглядае рэалістычным. Які варыянт вы бачыце і можаце дапусьціць?

— Калі падыходзіць чыста аналітычна, такіх варыянтаў толькі тры.

Першы варыянт — варыянт улады, калі вырашэньне палітычнага крызісу адбываецца паводле правілаў Лукашэнкі. Гэта здушэньне пратэставага руху, уцягваньне ў новую палітычную сыстэму часткі апазыцыйных сілаў, навязваньне сваіх правілаў гульні празь зьмены ў Канстытуцыю і захаваньне наяўнай мадэлі, магчыма нават адстаўка Лукашэнкі, але бязь зьмены сутнасьці рэжыму на далёкую пэрспэктыву.

Другі варыянт — перамога пратэставага руху, у выніку якой улады будуць вымушаныя сысьці. Тады ўвесь транзыт будзе адбывацца паводле правілаў пратэставага руху.

На сёньняшні дзень абодва гэтыя варыянты мне падаюцца малаверагоднымі. Прынамсі, менш верагоднымі, чым трэці.

Я маю на ўвазе варыянт, калі транзыт будзе ажыцьцяўляцца ўсё ж у выніку нейкага дыялёгу паміж уладай і пратэставым рухам, магчыма, у выніку перамоваў і пагадненьняў паміж імі аб тым, як павінна выглядаць палітычная будучыня Беларусі — калі адбудуцца наступныя выбары, якая колькасьць інстытуцый будзе кіраваць новай Беларусьсю пасьля Лукашэнкі і як наогул будзе ажыцьцяўляцца балянс паміж старой і новай уладай.

Думаю, гэта найбольш верагодны сцэнар, бо, паўтаруся, я ня бачу рэсурсаў, пры дапамозе якіх улада, асабліва пры захаваньні Лукашэнкі, магла б стабілізаваць сытуацыю. Няма ні эканамічных рэсурсаў, ні палітычных, ні зьнешнепалітычных.

А пратэставы рух — мірны, там і праблема зь лідэрствам, і ня надта добрая зьнешнепалітычная сытуацыя, у прыватнасьці, няма падтрымкі з боку Масквы. Ну, і шэраг іншых фактараў, якія робяць яго адназначную перамогу малаверагоднай.

Таму выглядае, што нейкі балянс будзе дасягнуты ў выніку дыялёгу. Гэта можа ўключаць у сябе і непасрэдныя палітычныя перамовы, і фармальныя і нефармальныя дамоўленасьці пра тое, якім чынам будзе вырашацца палітычны крызіс.

Ну, і самае галоўнае. Канчатковае вырашэньне палітычнага крызісу, натуральна, магчымае толькі ў выніку новых выбараў і палітычнай рэформы, якія павінны адбыцца адначасова. Я трымаюся той думкі, што новыя выбары прэзыдэнта і канстытуцыйны рэфэрэндум павінны адбыцца адначасова, каб не губляць час і адразу прыступіць да транзыту ў бок значна больш дэмакратычнага ўладкаваньня, чым цяпер.

 

На што спадзяецца Лукашэнка

— У інтэрвію Свабодзе 29 кастрычніка памочнік Святланы Ціханоўскай у міжнародных справах Франак Вячорка сказаў, што, на яго думку, Лукашэнка цяпер шукае шляхі для годнага і выгаднага сыходу. Вы з гэтым згодны?

— Я думаю, што ён разглядае такі варыянт, але ня тое каб ён шукаў. Мне здаецца, ён гатовы яшчэ нейкую колькасьць месяцаў змагацца, разьлічваючы, што нешта само сабой адбудзецца.

Пакуль у яго ёсьць нейкія рэсурсы, ёсьць эканамічныя рэзэрвы і сілавы апарат. Таксама ён спадзяецца запусьціць канстытуцыйную рэформу, і гэта таксама нейкае сьвятло ў канцы тунэлю. У такой сытуацыі ён будзе цягнуць, спадзявацца — можа Расея перастане аказваць ціск, можа людзі ўнутры краіны задаволяцца такой рэформай, або ў рэгіёне здарыцца нешта незвычайнае, як у 2013–2014 гадах здарылася з Украінай, плюс пандэмія і міжнародны эканамічны крызіс — усё гэта дапаможа яму захаваць уладу.

Я думаю, стратэгія Лукашэнкі такая. Адпаведна, магчымыя пошукі варыянтаў сыходу — гэта толькі запасны варыянт. Асноўны варыянт — пацягнуць час, пазмагацца, а там — хто ведае, можа, усё само сабой уладкуецца.

І гэта вельмі характэрна для Лукашэнкі. Калі ўзгадаць ягоную палітычную кар’еру, ён ніколі не любіў доўгіх стратэгій і доўгатэрміновага плянаваньня. Усё было зьвязана з тактычнымі, кароткачасовымі крокамі.

Сяргей Абламейка, Радыё Свабода