У Магілёве распачаў сваю працу ХХІІ фестываль анімацыйных фільмаў Анімаёўка. Падзея вельмі важная і выбітная не толькі для горада і рэгіёна, але і для ўсёй краіны, бо падобнага свята мультыплікацыі, напэўна, няма больш нідзе, нават у іншых краінах.
Асноўная пляцоўка фэстывалю – кінатэатр Радзіма У фае кінатэатру Працы на конкурс дзіцячай мастацкай і дэакаратыўна-прыкладной творчасці У чаканні выхаду на сцэну Адкрывае фестываль намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый МалашкаЗ кожным годам фестываль пашырае свае межы, далучаюцца ўдзельнікі з новых краінаў, ды і мультоў здымаюць і дасылаюць на конкурс усё больш, і не толькі папулярныя вядомыя анімацыйныя студыі, але і невялікія калектывы. Сёлета да ўдзелу ў фестывальнай праграме было заяўлена 49 краінаў, якія прадставілі ажно 353 анімацыйных фільма. Але, каб занадта не перагружаць праграму, экспертная камісія вылучыла на конкурс 124 працы з 29 краінаў. Найбольшая колькасць мультфільмаў прадставіла Беларусь – 33 стужкі, з іх 7 у асноўную намінацыю, і 26 – у конкурсную праграму дзіцячай анімацыйнай творчасці.
Прадстаўнічае журы конкурсу ўзначальвае Леанід Носыраў, ганаровы дзеяч мастацтваў Расіі, прафесар, рэжысёр, сцэнарыст і мастак-аніматар. З беларускага боку ў склад журы ўвайшлі Міхаіл Тумеля, Елена Турава і Таццяна Кульбіцкая.
Урачыстае адкрыццё традыцыйна прайшло ў кінатэатры Радзіма з вялікай канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі шматлікія музычныя дзіцячыя калектывы гораду. Для ўдзельнікаў выступіў са сваймі песнямі вядомы кампазітар Генадзь Гладкоў. Ён нават выцягнуў на сцэну ўсіх дзетак з залі, каб разам праспяваць знакамітую песню з мультфільму пра пластылінавую варону і сыр.
Фестываль будзе доўжыцца да 27 кастрычніка, разнастайныя кінапрагляды, сустрэчы і майстар-класы пройдуць у кінатэатрах гораду і ў раённых цэнтрах. Акрамя конкурсу мультфільмаў у некалькіх намінацыях, традыцйна для фармату фестывалю Анімаёўка пройдзе і конкурс дзіцячай мастацкай і дэакаратыўна-прыкладной творчасці. Адпаведныя выставы можна пабачыць у кінатэатрах. Паколькі ў конкурсе анімацыі ўдзельнічаюць фільмы самай рознай тэматыкі і ўзроставага дыяпазону, кінапаказы будуць адбывацца ў фармаце асобных праграм – «Залатая калекцыя Анімаёўкі», «Дэбютнае анімацыйнае кіно», «Бяссоніца», «Мультфейерверк» і іншых. Да 95-годдзя кінастудыі «Беларусьфільм» пройдзе праграма «Беларуская анімацыя».
Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства культуры Беларусі і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара